Дата рождения:
04.03.1934 Кулакі, в., Салігорскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
29.11.2019
Краткая справка:
драматург, празаік, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (2014)
Имена на других языках:
Делендик Анатолий Андреевич (русский);
3617 символов
Справка
Цяжка сказаць, якое прызванне Анатоля Дзялендзіка было першым – медыцына ці літаратура. Яшчэ студэнтам медінстытута ён пачаў пісаць. Газета з першым апавяданнем Дзялендзіка хадзіла сярод студэнтаў – яе зачытвалі да дзірак. Пасля заканчэння інстытута ён адзінаццаць год працаваў урачом у псіханеўралагічнай бальніцы “Навінкі”. Тады яго дэвізам сталі словы клініцыста мінулага веку: “Калі пасля размовы з урачом хвораму не стане лягчэй, гэта не ўрач”. Такой запаведзі Дзялендзік прытрымліваўся і ў творчасці: яго кнігі, п’есы, сцэнарыі дапамагаюць чалавеку спазнаць сябе, а галоўнае – набыць веру і надзею.
Бясспрэчна, ваеннае дзяцінства паўплывала на станаўленне Дзялендзіка-драматурга. Ён і сам аднойчы сказаў у інтэрв’ю: “У людзей, перажыўшых вайну, час у памяці нічога не сцірае і не закрэслівае, а толькі прымнажае”. Яшчэ дзіцем, ён добра зведаў усе жахі ваеннага ліхалецця, дачасна, змалку адчуў найвышэйшую вартасць чалавечага жыцця. Таму і ў далейшым пайшоў па жыцці не староннім назіральнікам. Будучаму драматургу давялося працаваць сярод болю і пакут. Ён невыпадкова абраў сабе высакародную прафесію ўрача, а з цягам часу змяніў яе на нялёгкі пісьменніцкі хлеб, каб словам лячыць душы людзей. Адбылося гэта ў другой палове 50-х гг., калі ў друку з’явілася першая публікацыя Дзялендзіка – фельетон – “Наш Вова”. З гэтага часу ён пачаў пісаць свае гумарэскі, апавяданні, казкі для дарослых. Аднак для сапраўды дзейнай натуры абраны жанр даваў мала магчымасцяў для творчага манеўра, і Дзялендзік паспрабаваў сябе ў драматургіі. Дарэчы, ужо будучы ўрачом, ён у 1963 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага ў Маскве.
Анатоль Дзялендзік упершыню звярнуў на сябе ўвагу чытачоў і аматараў тэатра п’есай “Выклік багам” (“Чатыры крыжы на сонцы”, паст. 1965). Яна зрабіла сапраўдны фурор у тэатральным жыцці рэспублікі. Гісторыя пра каханне, здольнае здзейсніць цуд, выратаваць ад невылечнай хваробы, уразіла гледачоў. Гэта псіхалагічная драма ўбачыла святло рампы ў 109 тэатрах былога Савецкага Саюза, а таксама ў Польшчы, Чэхаславакіі, Югаславіі, Германіі. Па п’есе быў зняты тэлефільм “Спазнай сябе” (1972), які атрымаў Гран-пры на міжнародным фестывалі ў Варне. Анатоль Дзялендзік напісаў некалькі сцэнарыяў для тэлевізійных і мастацкіх фільмаў, сярод іх славутая карціна “Анастасія Слуцкая” (2001). Цікавасцю да чалавека прасякнуты таксама і іншыя п’есы пісьменніка – “Грэшная любоў” (паст. 1967), “Начное дзяжурства” (паст. 1970), “Апошнія суніцы ў жніўні” (паст. 1975), “Гаспадар” (паст. 1984) і інш.
Пасля выхаду ў свет п’есы “Начное дзяжурства” Дзялендзік пераключыўся пераважна на камедыйныя жанры. Выпадковасць гэта ці заканамернасць? Хутчэй за ўсё – заканамернасць, бо драматург-Дзялендзік сваімі камедыямі робіць тое ж самае, чым займаўся Дзялендзік-псіхатэрапеўт. Толькі сродкі выкарыстоўвае розныя. Ледзь не панацэяй ад усіх хвароб ён лічыць… смех. Цяжка паверыць, што так смяяцца і смяшыць можа чалавек, чыё дзяцінства было апалена вайной, а сталае жыццё пачыналася сярод псіхічнахворых. Аднак Дзялендзік заўжды заставаўся аптымістам, і яго камедыі “Амазонкі” (паст. 1972), «Аперацыя “Мнагажэнец”» (паст. 1974), “Аўкцыён” (паст. 1988), “Дурнічка” (паст. 1996), “Султан Брунея” (паст. 1997) і іншыя прасякнуты дабрынёй і святлом, а галоўнае – гумарам. Яны абнадзейваюць, акрыляюць, дапамагаюць атрымаць зарад бадзёрасці. Іх аўтар лічыць, што ў наш няпросты час “патрэбна суцяшальная драматургія”, якая складаецца з тонкага гумару, дасціпнага дыялогу, парадзіравання, дынамічнага сюжэта і цікавай інтрыгі. Усё гэта можна адшукаць у п’есах Анатоля Андрэевіча Дзялендзіка.