Дата рождения:
05.08.1924 Янава, в., Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
09.01.2009 Мінск, г.
Краткая справка:
мовазнавец, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), удзельнік партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Имена на других языках:
Zhuravski Arkady Iosifovich (не определен); Журавский Аркадий Иосифович (русский);
4773 символа
Справка
Вядомы і таленавіты вучоны-мовазнавец, аўтарытэтны, удумлівы даследчык, чалавек энцыклапедычных ведаў, руплівы педагог Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі пакінуў значны след у галіне гісторыі беларускай мовы.
Нарадзіўся ён у в. Янава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. У 1945 г. стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо тады праявіў зацікаўленасць да гісторыі беларускай мовы, што і вызначыла яго далейшы шлях. Пасля заканчэння вучобы ў 1950 г. А.І. Жураўскі паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук БССР. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Гісторыя форм загаднага ладу ў беларускай мове”, а ў 1968 г. доктарскую дысертацыю “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”. З 1950 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя. Я. Коласа Нацыя нальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі, дзе займаў розныя пасады: быў вучоным сакратаром, загадчыкам сектара тэрміналогіі, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адначасова з 1974 г. намеснікам дырэктара, у 1983–1989 гг. кіраваў інстытутам, у 1992–1996 гг. з’яўляўся саветнікам пры дырэкцыі інстытута, у 1997–2007 гг. галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы.
Кола навуковых інтарэсаў А.І. Жураўскага рознабаковае. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і мовазнаўства. Вучонага цікавілі лексічныя і граматычныя асаблівасці беларускіх пісьмовых помнікаў, найперш выданняў Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, фарміраванне беларускай літаратурнай мовы, станаўленне яе жанрава-стылявых разнавіднасцей, яе суадносіны ў розныя гістарычныя эпохі з жывой мовай народа і ўзаемадзеянне з мовамі суседніх народаў і царкоўнаславянскай мовай, лексічныя запазычанні з іх. Мовазнавец першы даказаў існаванне ў старабеларускі перыяд беларускага варыянта царкоўнаславянскай мовы. Праблемы даследаванняў найбольш сістэматычна выкладзены ў манаграфіі “Гiсторыя беларускай лiтаратурнай мовы” (т. 1, 1967). У 1983 г. у серыі “Скарбы мовы” выдадзена навукова-папулярная кніга “Мова нашых продкаў”. На працягу многіх гадоў асноўнай галіной навуковай дзейнасці А.І. Жураўскага была беларуская гістарычная лексікаграфія. Шмат увагі ўдзяліў падрыхтоўцы “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (вып. 1–14, 1982–1996) – лексікаграфічнага шматтомнага выдання, якое ў беларускім мовазнаўстве стваралася ўпершыню. Даследчык вызначыў храналагічныя рамкі і тэкставыя крыніцы для гэтай лексікаграфічнай працы, склаў інструкцыі па выпісцы фактычнага матэрыялу з пісьмовых помнікаў і яго лексікаграфічнай апрацоўцы, пад кіраўніцтвам мовазнаўца рыхтавалася картатэка і вялося ўкладанне слоўніка. Вучоны – адзін са стваральнікаў “Русско-белорусского словаря общественно-политической терминологии” (1970). Мовазнавец з’яўляецца аўтарам больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій і слоўнікаў. Артыкулы і рэцэнзіі друкаваліся ў аўтарытэтных філалагічных часопісах блізкага і далёкага замежжа. Ён суаўтар даследаванняў “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (1970), “Гістарычная марфалогія беларускай мовы” (1979), “Мова беларускай пiсьменнасцi XIV–XVIII стст.” (1988), “Мова выданняў Францыска Скарыны” (1990); дапаможнікаў для ВНУ “Нарысы па гісторыі беларускай мовы” (1957), “Пісьменнік і мова” (1962), “Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы” (ч. 1–2, 1961–1962); энцыклапедый “Францыск Скарына і яго час” (1988), “Беларуская мова” (1994) і інш.
Акрамя навуковай дзейнасці А.І. Жураўскі займаўся выкладчыцкай. Чытаў лекцыі ў ВНУ Мінска, Гродна, Гомеля, Варшавы. Многія яго вучні сталі дактарамі навук, дацэнтамі, прафесарамі і сёння працягваюць традыцыі свайго настаўніка ў галіне гістарычнага мовазнаўства. Вучоны актыўна ўдзельнічаў і ў грамадскім жыцці краіны. На працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта славістаў, старшынёй навуковага савета па праблемах мовазнаўства НАН Беларусі, старшынёй тэрміналагічнай камісіі пры Аддзяленні грамадскіх навук, старшынёй Савета ветэранаў вайны НАН Беларусі, акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі, членам рэдкалегіі штогодніка “Беларуская лінгвістыка”.
Актыўная навукова-даследчыцкая дзейнасць А.І. Жураўскага высока ацэнена. У 1970 г. яму было прысвоена званне прафесара, у 1978 г. – званне заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1980 г. вучоны выбраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. За комплекс даследаванняў, прысвечаных лінгвістычнаму аналізу выданняў Ф. Скарыны і накіраваных на папулярызацыю яго асветніцкай дзейнасці, А.І. Жураўскі ў 1990 г. быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 1994 г. за цыкл работ “Скарына і беларуская культура” атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.