Дата рождения:
27.06.1934 Чэрыкаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерти:
16.08.2023
Краткая справка:
пісьменнік, публіцыст, сцэнарыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990)
Имена на других языках:
Карамазов Виктор Филимонович (русский);
4299 символов
Справка
Віктар Філімонавіч Карамазаў – творца адметны. Адметны страснасцю апавядання, глыбінёй пастаўленых маральна-філасофскіх праблем. Яго публіцыстычны голас заўсёды трывожыць, непакоіць. Чалавек і прырода – дзве ўзаемазвязаныя сферы, глыбокія, складана супярэчлівыя – пануюць у яго творчасці. “Я прыйшоў у літаратуру і пачаў пісаць як чалавек зямлі, прыроднік, – падкрэслівае пісьменнік у адным са сваіх інтэрв’ю. – Я без прыроды не ўяўляю маё маленства. І сям’я наша ўся была з прыродай: лес, грыбы, ягады, рэчка, рыба, паляванне, сустрэчы з леснікамі, з ляснічымі. Гэта было натуральнае наша жыццё”*.
Будучы пісьменнік нарадзіўся на Магілёўшчыне ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы жыццёвая дарога прывяла яго ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе ён атрымаў дыплом журналіста. Шмат гадоў Карамазаў аддаў працы ў рэдакцыях розных газет, у часопісе “Полымя”, на беларускім тэлебачанні. У пару актыўнай журналісцкай дзейнасці на старонках друку з’явіліся яго нарысы і апавяданні. Першую кнігу “Падранак” (1968) склалі апавяданні і невялікі лірычны дзённік “Ліменскі сшытак”. Яны прасякнуты дабрынёй і хараством. Цёплым лірызмам, пафасам услаўлення моцы і годнасці чалавека вызначаюцца творы Карамазава “Па талым снезе” (1973), “Спіраль” (1974). Публіцыстычная проза і эсэ сабраны ў кнізе “Проста ўспомніў я цябе…” (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990).
Маральную вартасць сваіх герояў пісьменнік вымярае іх адносінамі да зямлі і ўсяго жывога на ёй. Прырода, на думку аднаго з яго герояў, – лепшы прафесар. І хто пройдзе навуку ў гэтага прафесара, той – сапраўдны чалавек. Яе вывучалі многія героі Карамазава. У асноўным гэта рыбакі, плытагоны, леснікі – людзі, якія большую частку свайго жыцця праводзяць пад адкрытым небам у гарманічным адзінстве з прыродай. Няпростыя ўзаемаадносіны чалавека з прыродай, з навакольным светам, пошукі жыццёвай устойлівасці, духоўных каштоўнасцей складаюць змест вядомага рамана “Пушча” (1978). Тэма адданасці роднай зямлі, вернасці нацыянальным вытокам увасоблена ў аповесцях Карамазава “Дзень Барыса і Глеба” (1980) і “Дома” (1984). Гэтыя творы пацвярджаюць устойлівую цікавасць пісьменніка да маральна-этычных праблем. Вельмі востра пастаўлена ў іх пытанне пра духоўныя скарбы чалавека, пра пагрозу маральнага вакууму. Усе людзі, сцвярджае пісьменнік, у адказе за закладзеную ў іх душах дабрыню, “святую патрэбную кожнаму чалавеку ношу”, якая звязвае іх з роднай зямлёй, не дае адарвацца ад яе. Матыў непарыўнай еднасці з прыродай, з зямлёй, дзе нарадзіўся і вырас чалавек, дзе прайшлі лепшыя гады яго жыцця – галоўны ў рамане “Бежанцы” (1993).
У апошнія дзесяць год Карамазаў пачаў прафесійна займацца жывапісам. Некаторыя яго работы выстаўляліся ў Бялыніцкім мастацкім музеі. Узяцца за пэндзаль і фарбы пісьменніка прымусіла жаданне паглыбіцца ў жывапіс. На думку Карамазава, без гэтай працы недастатковай будзе яго проза. “Каб пісаць пра мастака, трэба пісаць не толькі з яго слоў, не толькі сваімі ўражаннямі ад палотнаў, трэба пісаць пра мастака праз яго псіхалогію, у якой выяўляецца ўся культура. Яна выяўляецца ў працэсе яго працы, жывапісання, калі кладзе фарбачку, шукае колер, каларыт. Вось у гэты час ён раскрываецца як інтэлект, як духоўнасць, раскрываецца як творца”*, – лічыць пісьменнік. Жыццю і творчасці мастакоў В. Бялыніцкага-Бірулі, С. Жукоўскага, Г. Вашчанкі, А. Бараноўскага, А. Бархаткова прысвечаны аповесці і эсэ, сабраныя ў кнізе Карамазава “З вясною ў адным вагоне” (2002). Тут таксама надрукаваны старонкі дзённіка з пленэраў В. Бялыніцкага-Бірулі, адным з арганізатараў якіх з’яўляецца аўтар.
Віктар Карамазаў па-ранейшаму верны тэме “чалавек і прырода”. Доўжыцца сяброўства пісьменніка з лесам, рэчкай, роднай Магілёўшчынай. Чалавек на зямлі – гэтую даўнюю, глыбінную традыцыю беларускай літаратуры працягвае Карамазаў у аповесці, што знаходзіцца сёння на яго рабочым стале. Яна будзе звязана з канкрэтным жыццём адной з вёсак Бялыніцкага раёна. Галоўны клопат пісьменніка сёння – адлюстраваць у будучых творах, “што адбываецца з чалавекам, што адбываецца з жыццём, з часам – пісаць свае творы”*.