Дата рождения:
21.12.1934 Вялікі Бор, в., Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
05.01.1996
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, публіцыст, драматург, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), ганаровы грамадзянін г. Касцюковічы, узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Ф. Скарыны
Имена на других языках:
Чигринов Иван Гаврилович (русский);
5192 символа
Справка
Літаратурная дзейнасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава была яго лёсам, жыццём і вялікай справай. Проза пісьменніка – раманы і кароткія апавяданні, тэатральныя п’есы і сцэнічныя абразкі, публіцыстычныя дзённікавыя занатоўкі і падарожныя нататкі, крытычныя працы (ад невялікага эсэ да грунтоўнага артыкула) – каштоўная спадчына, якую ён пакінуў.
Нарадзіўся І. Чыгрынаў у в. Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яго дзяцінства прыпала на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Магілёўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў І. Чыгрынаў вучыўся ў Вялікаборскай сямігодцы, потым у Саматэвіцкай сярэдняй школе. У 1952 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта, які скончыў у 1957 г. Займаўся рэдактарскай работай у выдавецтве «Навука і тэхніка» і часопісе «Полымя» (1957–1975). Дзесяць гадоў (1975–1985) працаваў у Саюзе пісьменнікаў БССР: спачатку на пасадзе намесніка старшыні, потым – сакратаром праўлення. У 1978 г. удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у складзе дэлегацыі БССР. З 1987 па 1996 г. І. Чыгрынаў узначальваў Беларускі фонд культуры. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання, дзе займаўся нацыянальнымі і міжнароднымі пытаннямі.
З першымі творамі – вершамі і невялікімі нарысамі пра жыццё землякоў – І. Чыгрынаў выступіў, калі быў студэнтам. Друкаваўся ў раённых і рэспубліканскіх газетах. У снежні 1958 г. у «Чырвонай змене» была змешчана дакументальная аповесць «Тайна адной экспедыцыі». Ужо ў гэтым творы адчуваліся асаблівасці І. Чыгрынава-празаіка: асэнсаванне матэрыялу, нешматслоўнасць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасць псіхалагічных характарыстык персанажаў. Пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці пісьменнік лічыў 1961 г., калі ў друку з’явілася апавяданне «Праз гады». З гэтага часу ён пісаў пераважна празаічныя творы. Першая кніга «Птушкі ляцяць на волю» выйшла ў 1965 г. Потым з’явіліся зборнікі «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. Апавяданні пісьменніка вызначаліся рэалістычнасцю, увагай да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, а таксама псіхалагічнай насычанасцю, гуманістычнай скіраванасцю, адметнасцю моўнага каларыту. Дзякуючы таленту І. Чыгрынава, яны сталі сапраўднымі мастацкімі палотнамі, лепшыя з іх крытыкі адносяць да залатога фонду беларускай навелістыкі. Пасля твораў малога жанру І. Чыгрынаў прыступіў да напісання раманаў «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996), якія звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (в. Верамейкі). У іх адлюстраваны атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партызанскага руху. Галоўны герой гэтых твораў – народ, вобраз якога раскрываецца праз глыбокую, пільную ўвагу пісьменніка да чалавека і яго патрыятызму, што праявіўся ў суровых абставінах барацьбы з ворагам. У 1980-я гг. І. Чыгрынаў пачаў актыўна выступаць як драматург. Першыя п’есы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» былі створаны на аснове раманаў і апавяданняў. Для драматычных твораў пісьменніка характэрны тэматычная разнастайнасць, актуальнасць гучання. Ён асэнсоўвае падзеі даваеннай пары («Чалавек з мядзведжым тварам», «Ігракі»), праблемы Чарнобыля («Толькі мёртвыя не вяртаюцца», «Хто вінаваты?»). Аналізу стану грамадства пачатку 1990-х гг. прысвечаны п’есы «Суседзі» і «Госці». Пісьменніка заўжды цікавіла гісторыя краіны, мінулае беларускага народа, і гэта знайшло адлюстраванне ў п’есах «Звон – не малітва» (пра княгіню Рагнеду) і «Следчая справа Вашчылы» (пра Крычаўскае паўстанне XVIII ст.).
Іван Чыгрынаў вядомы таксама і як кінасцэнарыст. Ён суаўтар сцэнарыя папулярнага тэлефільма «Руіны страляюць…» (1970, з І. Новікавым). Кінастужка расказвае пра дзейнасць мінскага падполля ў 1941–1942 гг. Яна шырока асвятлялася ў прэсе, неаднаразова дэманстравалася па тэлебачанні. У 1980 г. на Беларускім тэлебачанні паводле твораў І. Чыгрынава быў пастаўлены тэлеспектакль «Плач перапёлкі», у 1991 г. зняты шматсерыйны тэлефільм, дзе паказаны першы перыяд вайны не праз буйнамаштабныя падзеі, а праз мноства асабістых лёсаў аднавяскоўцаў. Плённа працаваў І. Чыгрынаў і як літаратурны крытык. Яго работы сабраны ў кнігах «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) і «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У іх змешчаны таксама дзённікавыя запісы, публіцыстычныя артыкулы, аўтабіяграфія, інтэрв’ю.
За вялікія заслугі ў развіцці беларускай літаратуры І. Чыгрынаву ў 1994 г. было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) і Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979). Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), медалём Францыска Скарыны (1992). У 1995 г. І. Чыгрынаў быў выбраны ганаровым доктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам г. Касцюковічы (1992). У 1994 г. зняты дакументальны фільм «Іван Чыгрынаў», у які ўключаны фрагменты з тэатральных пастановак пісьменніка.