Имена на других языках:
Бичель Данута Ивановна (русский); Бичель-Загнетова Данута Ивановна (русский); Загнетова Данута Ивановна (русский);
3443 символа
Справка
Ад роднай беларускай зямлі, ад яе бяздонных крыніц і рэк, ад спеўнага пошуму лясоў і шчырай народнай песні бярэ свае вытокі паэзія Дануты Бічэль-Загнетавай. Улюбёнасць у гэтую зямлю, чуйная ўвага і пашана да роднага слова, крэўная знітаванасць з “людствам працы” нарадзілі ў душы будучай паэтэсы неадольнае жаданне “сказаць свету пра тых, каго іншыя не ведаюць, аб тым, аб чым іншыя за мяне не скажуць. У імя паветра, прапахлага жывіцай. Гаючага. Свежага”. Так хораша, прачула вызначыла яна сама свой уваход у свет паэзіі.
Нарадзілася Бічэль-Загнетава ў сялянскай сям’і. У 1957 г. скончыла Навагрудскае педвучылішча, а ў 1962 г. — аддзяленне беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута. Потым працавала настаўніцай у школе рабочай моладзі. З 1982 г. — старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея, з 1995 г. — дырэктар Музея М. Багдановіча ў Гродне.
Пісаць вершы пачала рана, у пачатковай школе. У друку выступае з 1958 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Дзявочае сэрца” (1961), “Нёман ідзе” (1964), “Запалянкі” (1967), у якіх жыццё адкрываецца паэтэсе ў традыцыйна-народным паэтычным свеце. У сваіх зборніках “Доля” (1972), “Ты — гэта ты” (1976), “Браткі” (1979) яна звяртаецца да гістарычнага мінулага свайго народа, піша пра працаўнікоў сучаснай вёскі, прыгажосць прыроды, каханне. Паэзія Дануты Бічэль-Загнетавай прыцягальная сваёй глыбокай шчырасцю, задушэўнасцю, сапраўднасцю. Прызнанай вяршыняй яе стаў зборнік “Дзе ходзяць басанож” (1983), за які паэтэса ў 1984 г. была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. У кнізе многа прывабных вобразаў гістарычных асоб і нашых сучаснікаў, шмат вершаў напісана на фальклорнай аснове. Як самабытны лірык выступае Бічэль-Загнетава і ў вершах з кнігі “Загасцінец” (1985). Лірыка гэтага зборніка вельмі жаноцкая. У 1987 г. убачыў свет зборнік вершаў “Даўняе сонца”, у якім сабраны ўсе лепшыя творы паэтэсы. Жанравыя асаблівасці кнігі “А на Палессі” (1990) вызначаны лірычнымі вершамі і гістарычнымі баладамі, у якіх аўтар літаральна жыве беларускай гісторыяй. Яе захапляюць выдатныя асобы мінуўшчыны — Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Кастусь Каліноўскі... У апошнім зборніку лірыкі “Божа мой, Божа” (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю.
Шмат вершаў напісана ёю і для дзяцей: “Перапёлка”, “Грыб-парасон”, “Дзічка”, “Рыжая палянка”, “Дагані на кані”, “Лузанцы”, “Габрынька і Габрусь”, “Гараднічанка”. Разам з А.Чобатам Д.Бічэль-Загнетава выдала зборнік гумару “Крэсавякі” (1993). Яе вершы пакладзены на музыку. Асобныя творы паэтэсы перакладзены на рускую, украінскую, польскую і іншыя мовы.
У Бічэль-Загнетавай амаль не сустрэнеш заклікавай танальнасці. Арсенал яе паэтыкі — вытанчаныя сродкі лірыкі. Паэтычны дар яе зусім нягучны, мякка-душэўны, ласкава-праніклівы, цнатлівы, недатыкальна-сумленны. Заступніца нерушы роднага слова, скарбаў мовы, яна выбірае не публіцыстычныя сродкі, а палоніць іншым — чаруе красой гэтых скарбаў, адчыняе іх самародкавую моц. Менавіта матчынай мовай было прадыктавана крэда паэткі:
Я на раздарожжы не зблуджуся
і не збочу, каб чакаць падмогі.
Па шляхах зялёных Беларусі
буду пракладаць свае дарогі.
І сапраўды, сталася так, што Данута Бічэль-Загнетава праклала ў нашай літаратуры, у нашай паэзіі сваю дарогу, са сваім адметным голасам.