Iван Дзям’янавiч Рудчык нарадзiўся ў в. Дабратычы Бяла-Падляскага павета Люблiнскага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям’і. У гады Першай сусветнай вайны жыў пад Уфой, адкуль сям’я вярнулася на радзiму ў 1919 г. З маленства зведаў сялянскую працу – дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Захапіўся маляваннем і пачаў капiраваць розныя паштоўкі. Паўплываў на юнака і родны дзядзька, якi быў iканапiсцам.
Пасля службы ў польскай арміі І. Рудчык у 1931 г. паступiў у Кракаўскую школу прыгожых мастацтваў, але скончыць яе не паспеў: па палiтычных матывах быў арыштаваны ў 1935 г. і два гады правёў у турме. Менавіта там, падчас галадоўкі, напісаў першую тэматычную карціну “Пратэст вязняў КПЗБ”, якую пасля вызвалення перадаў Мiжнароднай арганiзацыі дапамогi барацьбітам рэвалюцыі ў Варшаве. Цяпер яна знаходзіцца ў фондзе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
З 1940 г. І. Рудчык вучыўся ў Мiнску. У час Вялiкай Айчыннай вайны быў звязаны з падполлем, потым перайшоў у партызанскi атрад. Выконваў баявыя заданнi, удзельнiчаў у выданнi партызанскай газеты “Народныя мсцiўцы”, вёў дзённiк партызанскага злучэння. З наблiжэннем фронту ў красавiку 1944 г. атрад атрымаў заданне перайсцi р. Буг i працягваць барацьбу на тэрыторыi Польшчы. За баявыя заслугi мастак узнагароджаны ордэнамi i медалямi СССР i Польшчы.
Пасля вайны Iван Дзям’янавiч жыў у Брэсце. Вучыўся ў Вiцебскiм мастацкiм тэхнiкуме, Маскоўскiм мастацкiм iнстытуце iмя В.І. Сурыкава (у педагогаў У. Фаворскага i П. Паўлiнава). Яго дыпломная работа – iлюстрацыі да рамана М. Астроўскага “Як гартавалася сталь” – была набыта Музеем выяўленчага мастацтва iмя А.С. Пушкiна.
У мастацкiх выстаўках (абласных, рэспублiканскiх, усесаюзных) І. Рудчык удзельнiчаў з 1945 г. Адбыліся таксама 15 персанальных, апошняя, да 90-годдзя жывапiсца, была адкрыта ў Брэсцкай выставачнай зале 1 красавiка 1998 г. (былi прадстаўлены 47 твораў). З 1949 г. ён член Саюза мастакоў СССР. З 1946 г. працаваў у мастацкай майстэрнi, у творчай групе пры абласным Доме народнай творчасцi побач з мастакамi I. Фяцiсавым, П. Данелiяй, М. Аўсяннiкавым, В. Шыкiным, Э. Куфко, М. Чурабам. Іван Рудчык – адзiн з заснавальнiкаў фiлiяла Саюза мастакоў (1946), а потым – Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза мастакоў БССР, нейкi час узначальваў абласную арганiзацыю. Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугi ў выяўленчым мастацтве”. Вёў педагагiчную дзейнасць у Брэсцкiм iнжэнерна-будаўнiчым iнстытуце.
Мастак працаваў у галiне станковага жывапiсу (сюжэтна-тэматычная карцiна, пейзаж, партрэт). Сярод твораў: “Гаворыць Масква” i “Пераход партызан” (1949), “Белавежская пушча” (1952), “Крывавы золак, 22 чэрвеня 1941 года” (1954), “Партызанскiя агнi” (1967), “Не забудзем!” i “Лясная крэпасць” (1974), “Ля сцен Брэсцкай крэпасцi” (1976), “Лясныя волаты” (1978), “У вогненным кальцы” (1980), “Песнi партызан” i “Ранiца” (1982), “На мiрных прасторах” (1985), “Хлябы Прыбужжа” (1986) і інш.
Творы I. Рудчыка адметныя выразнасцю каларыту, дэталiзацыяй выявы, сцiплай палітрай, якая гарманiруе з навакольнай прыродай. Найлепш удаваліся яму лiрычныя пейзажы. Iван Дзям’янавiч глядзеў на свет яснымi вачыма дзiцяцi, быццам i не было ваеннага лiхалецця, цяжкiх пасляваенных гадоў, аднак скразной лiнiяй праз яго творчасць заўсёды праходзiла партызанская тэма.
Лепшыя творы Iвана Рудчыка набывалiся Мастацкiм фондам i Мiнiстэрствам культуры БССР, знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублікі Беларусь, Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, Кобрынскiм ваенна-гiстарычным музеi iмя А.В. Суворава, Музеi Беларускага Палесся ў Пiнску, у прыватных калекцыях Беларусi і Польшчы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.