Сямён Аляксандравіч Штэйн стварыў вялікую колькасць спектакляў, якія былі паказаны ў Маскве, Ленінградзе, Каўнасе, Сафіі, Плоўдзіве і іншых гарадах. Аднак самы актыўны і плённы перыяд дзейнасці рэжысёра звязаны з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся С. Штэйн у г. Куйбышаў (цяпер г. Самара). У 1953 г. скончыў оперна–рэжысёрскі факультэт Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А.В. Луначарскага. Вучыўся на курсе професара Б.А. Пакроўскага. У 1953–1961 гг. ён рэжысёр Куйбышаўскага, у 1961–1963 і 1966–1970 гг. галоўны рэжысёр Варонежскага, у 1963–1966 гг. рэжысёр Новасібірскага тэатраў оперы і балета. Пастаноўкі С. Штэйна вызначаліся грамадзянскасцю, сучаснасцю мыслення, глыбокім спасціжэннем музыкальна-драматургічных асаблівасцей твора і дакладнай псіхалагічнай распрацоўкай роляў, выразнасцю сцэнічнай формы. У 1969 г. С. Штэйн стаў заслужаным дзеячам мастацтваў РСФСР. Праз год атрымаў пасаду рэжысёра Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Адначасова з 1975 г. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага. У 1977 г. яму было прысвоена званне «Народны артыст БССР».
На беларускай сцэне С. Штэйн здзейсніў шэраг пастановак класічных і сучасных опер. Сярод іх – «Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава (1971), «Фаўст» Ш. Гуно (1972), «Сельскі гонар» П. Масканьі і «Міндыя» А. Тактакішвілі (1973), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1974), «У буру» Ц. Хрэннікава (1975), «Пікавая дама» П. Чайкоўскага (1983), «Баль-маскарад» Дж. Вердзі (1988) і інш. Высокім патрыятычным гучаннем, арыгінальнасцю рэжысёрскай канцэпцыі, прадуманасцю найдрабнейшых дэталей вылучаўся спектакль па оперы С. Пракоф'ева «Вайна і мір» (1985). Творчая зацікаўленасць С. Штэйна ў развіцці беларускай оперы выявілася ў працы над спектаклямі «Зорка Венера» (1970) і «Новая зямля» (1982) Ю. Семянякі, «Джардана Бруна» С. Картэса (1977), «Сівая легенда» Д. Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера (1980) і інш. Працяглы час С. Штэйн быў звязаны з Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі Беларусі, дзе паставіў аперэты «Паўлінка» (1973), «Тыдзень вечнага кахання» (1975), дзіцячы спектакль «Сцяпан – вялікі пан» (1979, усе па творах Ю. Семянякі) і інш. Сапраўднай падзеяй у музычным жыцці краіны стаў мюзікл «Мая цудоўная лэдзі» Ф. Лоу (1982). У кожнай сваёй пастаноўцы С. Штэйн дэманстраваў вялікае майстэрства, стараўся прадставіць новую сцэнічную версію сюжэта, які неаднаразова разыгрываўся на многіх драматычных і музычных сцэнах. Яго спектаклі адрозніваліся высокім мастацкім густам, вастрынёю светаўспрымання, эмацыянальнасцю, уменнем перадаць своеасаблівыя інтанацыі музыкі кампазітара. У час работы над кожным рэжысёр патрабаваў ад артыстаў, каб перад рэпетыцыяй яны пазнаёміліся з творам драматурга, па якому ставіўся спектакль, імкнуліся зразумець своеасаблівасць п'есы, ход думак аўтара.
За чатыры дзесяцігоддзі творчай працы С. Штэйн стварыў калі 80 спектакляў. Апошняй яго работай стала пастаноўка оперы «Князь Наваградскі» А. Бандарэнкі (1992) у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. 28 жніўня 1993 г. рэжысёр памёр. 19 студзеня 2018 г. у Музеі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстаўка, прысвечаная жыццю і дзейнасці С. Штэйна. На ёй былі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея і фондаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь: дакументы з архіва С. Штэйна, узнагароды, фотаздымкі, асабістыя рэчы кампазітара, афішы, праграмы, эскізы, касцюмы да спектакляў і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.