Дата рождения:
23.11.1910 Калеснікі, в., Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня
Дата смерти:
07.10.1944
Краткая справка:
паэт, перакладчык, які стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры
Псевдонимы:
Качкін К.; Лірнік З.
Варианты имени:
Астапенка Дзмітрый Емяльянавіч
Имена на других языках:
Астапенко Дмитрий Емельянович (русский); Астапенко Змитрок (русский);
3478 символов
Справка
Змітрок (Дзмітрый Емяльянавіч) Астапенка – самабытны паэт, творчасць якога была заснавана на рэаліях часу. Нарадзіўся ён у вёсцы Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці) у сям’і настаўніка. У 1925–1929 гг. вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, дзе пачаў пісаць вершы. Пераехаўшы ў Мінск, ён актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці краіны, сістэматычна друкаваўся ў рэспубліканскіх часопісах і газетах. У 1936 г. арыштаваны і асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўцёк з лагера на фронт. Загінуў у баі ў Карпатах.
Першыя вершы з’явіліся ў перыядычным друку ў 1926 г. Лірычны талент развіваўся імкліва, ярка, самабытна, спалучаўся ў творчай асобе паэта з талентам эпіка. Гэта адчувалася ўжо ў зборніках паэзіі “На ўсход сонца” (1931), “Краіне” (1931), “Абураныя” (1932), якія выходзілі адзін за адным з друку. Змітрок Астапенка пісаў таксама апавяданні. Паспрабаваў свае сілы ў жанры навуковай фантастыкі. Аўтарам быў распачаты раман “Вызваленне сіл” пра работу вучоных у галіне расшчаплення атама. Твор паспеў з’явіцца ў 1932 г. у двух нумарах “Маладняка”. Для дзяцей стварыў невялікую кніжку-малюнак “Трактар”, якая выйшла ў 1933 г. І выдавецтва, і сам аўтар апярэдзілі свой час. Падобныя кнігі атрымалі шырокае распаўсюджанне значна пазней. Паэт пераклаў на беларускую мову раманы “Маці” М. Горкага (1932), “Ваколіцы” Л. Первамайскага (1931), аповесці “Завіруха” П. Голубева (1930), “Ударны атрад” А. Дончанкі (1932), “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” К. Ванака (1932), творы іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
І вершы для дзяцей, і проза, і пераклады – не другарадныя спробы ў творчасці З. Астапенкі, але галоўнай для яго была паэзія. Асноўныя тэмы даваеннай творчасці – сацыялістычнае будаўніцтва, станаўленне калгаснага ладу жыцця. Творчы дыяпазон паэта досыць шырокі. У яго ёсць вершы аб Чорным моры і руінах старадаўняга Херсанеса, каханні і прыродзе. Рэвалюцыйнай барацьбе працоўных Заходняй Беларусі прысвечаны цыкл вершаў “Ноч на станцыі Негарэлае” (1930), паэма “Два таварышы” (1931). Для многіх вершаў паэта характэрны ўзнёсласць, рэвалюцыйны ўздым.
Ваенную старонку творчасці З. Астапенкі адкрывае верш “На белым пагорку”. Ён як подступ да таго значнага, што напісаў паэт, услаўляючы мужнасць народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аўтарам зроблена спроба суаднесці ўчарашняе і сённяшняе, мірнае і ваеннае, тое, што ўжо было і што наперадзе. Найбольш плённа цяга да эпасу ў З. Астапенкі праявілася ў паэмах “Ганна” і “Эдэм”, якія належаць да заключнага, ваеннага, перыяду творчасці паэта. Аб гэтых творах, апублікаваных ужо пасля вайны, шмат і прыхільна ў свой час пісала крытыка. Нераўназначныя па мастацкіх вартасцях, яны адкрываюць паэтычны талент З. Астапенкі з новых бакоў. Паэмы вылучаюцца майстэрствам будаваць сюжэт, багатай канкрэтыкай вобразаў, імкненнем да іх псіхалагічнай распрацоўкі, уключаюць у сябе авантурны момант, не пазбаўлены часам сентыментальнасці і меладраматызму. Яны праводзяць гуманістычную думку аб вышыні чалавечага духу ў жорсткіх жыццёвых выпрабаваннях, прынесеных вайной, услаўляюць патрыятызм, мужнасць і стойкасць у барацьбе з ворагам і выкрываюць прыстасавальніцтва і ўласніцкую псіхалогію.
Змітрок Астапенка пражыў кароткае, але багатае жыццё і пакінуў пасля сябе немалую паэтычную спадчыну. Лепшыя яго творы ўвайшлі ў набытак беларускай літаратуры.