Дата рождения:
24.02.1935 Гарадок, в., Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
02.03.2014
Краткая справка:
народны паэт Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1976), ганаровы грамадзянін г.п. Ушачы, узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны", Дружбы народаў
Псевдонимы:
Авось Савось; Алесь Каліна; Сібарсач І; Чабор Алесь
Имена на других языках:
Бородулин Григорий Иванович (русский); Бородулин Рыгор (русский);
4697 символов
Справка
Ёсць пісьменнікі, якія пішуць традыцыйна, ёсць наватары і эксперыментатары. Рыгор Іванавіч Барадулін – класік, якому былі падуладны ўсе паэтычныя формы і розныя літаратурныя жанры. Ён здзіўляў чытачоў зместам твораў, эксперыментаваў, шукаў новыя шляхі выяўлення свайго яркага таленту.
Нарадзіўся Р. Барадулін на хутары Верасоўка (цяпер в. Гарадок) Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочага. У 1939 г. бацькі пераехалі ў мястэчка Ушачы. Гэты азёрны, песенны край і стаў крыніцай творчасці. Тут Р. Барадулін упершыню пачуў родную мову і матчыну песню. Вялікая Айчынная вайна трагічнымі падзеямі ўвайшла ў яго лёс. У 1944 г. у партызанах загінуў бацька, немцы пры адступленні спалілі хату. Пра перажыты жах ваеннага дзяцінства, незагойны боль сіроцтва, удовіна гора маці, цяжар нястач і бясхлебіцу праўдзіва распавядаецца ў яго творах. У 1954 г. Р. Барадулін скончыў Ушацкую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ). На адным курсе з ім вучыліся будучыя пісьменнікі М. Стральцоў, В. Зуёнак, Ю. Свірка і інш. Яны сябравалі, сустракаліся на пасяджэннях літаб’яднання пры газеце “Чырвоная змена”, збіраліся ў студэнцкім інтэрнаце, дзе чыталі свае творы. Пасля заканчэння БДУ Р. Барадулін працаваў у рэдакцыях газеты “Советская Белоруссия”, часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”. З 1969 г. займаў пасаду рэдактара выдавецтва “Беларусь”, з 1972 г. быў старшым рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У 1958 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці рэспублікі. У розныя гады выбіраўся членам прэзідыума праўлення, старшынёй секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР. У складзе ўрадавай дэлегацыі ў 1984 г. прымаў удзел у рабоце XXXІX сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Выступаць у друку Р. Барадулін пачаў з 1953 г. У шматтыражнай універсітэцкай газеце і ў газеце “Чырвоная змена” (пад псеўданімам А. Чабор) публікаваліся яго творы. Нізка вершаў “На зямлі цаліннай”, якая склала асноўны змест першай кнігі “Маладзік над стэпам” (1959), была адзначана сярэбраным медалём VІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў (1957). Яркі, непаўторны талент, імгненная рэакцыя на жыццёвыя сітуацыі, смелая метафарычная вобразнасць – усё гэта абумовіла павышаную цікавасць да творчасці маладога паэта. Яго папулярнасць узрастала з кожнай новай кнігай. Зборнікі паэзіі рэгулярна пачалі выходзіць у 1960-я гг. – “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968), “Лінія перамены дат” (1969) і інш. Не менш плённым стала і наступнае дзесяцігоддзе. У 1970-я гг. выйшлі кнігі “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974; Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы, 1976), “Балада Брэсцкай крэпасці” (1975; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1976) “Абсяг” (1978) і інш. Потым свет убачылі творы 1980-х гг. – “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Мудрэц са ступаю” (1988) і інш. У вершах адлюстроўвалася прыгажосць роднай зямлі, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, партызанскае мінулае Ушаччыны, мірная праца людзей. Асобае месца ў творчасці паэта было адведзена маці. Старанная працаўніца, руплівая гаспадыня, яна паважала народныя традыцыі, мела ад прыроды ўражлівую душу, талент спявачкі і незвычайную чуйнасць да слова. Рыгор Барадулін называў яе “стыхійна вялікім філолагам”. Жыццёвы вопыт, веданне народных звычаяў і абрадаў, шанаванне царкоўных свят перадаліся ад маці сыну, што шчодра ўзбагаціла яго паэтычны дар. У творчасці 1990–2000-х гг. усё больш адчуваюцца хрысціянскія матывы, асабліва ў кнігах “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” (1995), “Ксты” (2005). Зварот да Бібліі як кнігі жыцця і мудрасці працягваўся і ў вершах апошніх гадоў. Пэўным падсумаваннем творчай працы стаў зборнік паэзіі “Халодная памяць вады” (2010), у якім самым значным з’яўляецца верш “Як па сухому…”, дзе гаворыцца пра ўсёмагутнасць выратавальнай місіі Хрыста.
Паспяхова займаўся Р. Барадулін і перакладчыцкай дзейнасцю. У 2007 г. выйшла кніга “пазык” “Гуканне паэзіі Усходу” (менавіта такім словам аўтар назваў свае пераклады вершаў з японскай, кітайскай, в’етнамскай, карэйскай літаратур). Дзякуючы яму на беларускай мове загучалі творы У. Шэкспіра, Дж. Байрана, Р. Кіплінга, Р. Бёрнса, А. Рэмбо, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Пушкіна і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі “Слова пра паход Ігаравы”, творы А. Вазнясенскага, І. Драча, Б. Пастарнака, Я. Райніса, А. Хаяма і інш. У 1990 г. Р. Барадулін быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 1992 г. атрымаў ганаровае званне “Народны паэт Беларусі”.