Дата рождения: 18.02.1935
Дата смерти: 26.06.2016
Краткая справка: кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982)
Имена на других языках: Kortes Sergei Albertovich (не определен); Кортес Сергей Альбертович (русский);
Імя Сяргея Альбертавіча Картэса шырока вядома ў нашай краіне і за яе межамі. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучань М. Аладава і А. Багатырова, таленавіты кампазітар, які працаваў ў розных музычных жанрах і зрабіў значны ўклад у гісторыю беларускага музычнага мастацтва.
Сяргей Картэс нарадзіўся у горадзе Сан-Антоніо (Чылі). Ён быў чацвёртым дзіцём у сям’і чылійскага інжынера-тапографа Альберта Картэса і рускай эмігранткі Людмілы Шастакоўскай. Праз год пасля нараджэння хлопчыка бацькі развяліся, і маці пераехала ў сталіцу Аргенціны Буэнас-Айрэс да сваіх бацькоў. У сям’і Шастакоўскіх размаўлялі на рускай мове, беражліва захоўваліся традыцыі нацыянальнай культуры. Дзед Сяргея ўзначальваў Славянскі саюз, у які ўваходзілі эмігранты з Расіі, Украіны і Беларусі. Любоў да музыкі хлопчыку прывіла бабуля, у мінулым вядомая руская спявачка. Яна была і першай настаўніцай, якая давала ўнуку пачатковыя ўрокі ігры на фартэпіяна. Сяргей з ахвотай прымаў удзел у хатніх канцэртах, мог гадзінамі слухаць оперныя спектаклі, якія штотыднёва перадаваліся па аргенцінскаму радыё, спрабаваў пісаць уласныя творы. Даволі позна (у 12 гадоў) Картэс пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Ён змяніў некалькі прыватных настаўнікаў і толькі будучы вучнем Якава Фішара – аднаго з буйнейшых аргенцінскіх кампазітараў – дабіўся значных поспехаў. Дзякуючы свайму знакамітаму настаўніку, Картэс ужо праз два гады вучобы самастойна выконваў Моцарта з аркестрам аргенцінскага радыё. У канцы 1940-х гг. сям’я Шастакоўскіх вырашыла вярнуцца на Радзіму, і ў 1955 г. яны апынуліся ў Мінску. Так лёс навечна звязаў Сяргея Картэса з Беларуссю, дзе ён скончыў музычную школу, кансерваторыю, аспірантуру і стаў сапраўдным кампазітарам.
Свой шлях у мастацтве кампазітар пачаў у 1960-ыя гады. Сяргей Картэс – кампазітар, які лічыў сябе чалавекам тэатра і заўсёды знаходзіўся ў цэнтры музычнага жыцця рэспублікі. У розныя перыяды ён загадваў музычнай часткай Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра, Беларускага тэатра імя Я. Купалы, працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, быў галоўным музычным рэдактарам “Беларусьфільма”. За гэты час кампазітар напісаў музыку для спектакляў класічнага рэпертуару: “Многа шуму з нічога” У. Шэкспіра, “Вішнёвы сад” А. Чэхава, “Дзеці сонца”, М. Горкага, “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Сымон-музыка” Я. Коласа і інш. Сяргей Картэс – аўтар музыкі да вялікай колькасці спектакляў беларускіх драматургаў: І. Шамякіна, У. Караткевіча, В. Быкава, К. Крапівы, А. Дударава, А. Макаёнка, А. Петрашкевіча і інш. У ліку лепшых работ музыка да спектакляў “Клоп” У. Маякоўскага (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа), “Што той салдат, што гэты” Б. Брэхта, “Лесвіца славы” Э. Скрыба, “Раскіданае гняздо” Я. Купалы (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) і інш.
Багаты вопыт у галіне тэатральнай музыкі дазволіў Картэсу звярнуцца да опернага жанру. У 1977 г. на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) адбылася прэм’ера першай яго оперы “Джардана Бруна”. Галоўны герой оперы ўспрымаецца гледачамі як сучаснік, які адстойвае свабоду думкі. Захапленне творчасцю Б. Брэхта, абумовіла напісанне оперы “Матухна Кураж” (1980) па аднайменнай п’есе. У гэтым творы С. Картэс у садружнасці з лібрэтыстам У. Халіпам пашырыў рамкі эпічнага тэатра Брэхта. Яго твор узбагаціўся псіхалагізмам, разнастайнымі адценнямі вобразаў. Оперы ўласцівы сарказм, іронія, душэўная шчодрасць, сардэчная цеплыня. Трэцяя опера Картэса “Візіт дамы” (1989) па п’есе Ф. Дзюрэнмата чакала сваёй прэм’еры шэсць гадоў. Яна вылучаецца арыгінальным сюжэтам, дакладнай драматургіяй, навацыямі ў галіне музычнай мовы. Опера была пастаўлена ў 1995 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Новае дзесяцігоддзе творчай дзейнасці Сяргея Картэса было адзначана пастаноўкай яго чацвёртай оперы “Юбілей” (2000) па аднайменнай п’есе А. Чэхава на сцэне швейцарскага горада Салатурн. У 2009 г. на сцэне Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага Камернага музычнага тэатра імя Б.А. Пакроўскага адбылася прэм’ера оперы “Мядзведзь” – пятай оперы кампазітара. Сяргей Картэс зноў звярнуўся да творчасці А. Чэхава і разам з Уладзімірам Халіпам стварыў глыбока актуальную для сучаснасці оперу-прытчу.
Сяргей Картэс – кампазітар, адметнай рысай творчасці якога з’яўлялася ўменне спалучыць заходне-латынаамерыканскі менталітэт з агульнаславянскім. Гэта прасочваецца ў араторыі “Песня пра Кубу” (1960–1961), дзе былі выкарыстаны інтанацыі і рытмы хабанеры і румбы, у балеце “Апошні Інка” (1987), пастаўленым на сцэне Вялікага тэатра Гаваны, дзе пераважалі латынаамерыканскія рытмы. У лютым 2015 г. адбылася прэм’ера гэтага балета пад назвай “Хто Я?” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
За шэсць дзясяткаў гадоў творчага жыцця Сяргей Картэс напісаў вялікую колькасць цудоўных музычных твораў: араторыю “Памяці Паэта” на вершы Я. Купалы, вакальна-сімфанічную паэму “Попел” на вершы Э. Межэлайціса, шэраг буйных твораў для сімфанічнага і камернага аркестраў, камерна-інструментальную музыку, песні і рамансы.
Плённым было супрацоўніцтва кампазітара з кінастудыяй “Беларусьфільм”: музыка Картэса гучыць у шэрагу мастацкіх, дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў. За музыку да кінафільма “Вазьму твой боль” паводле рамана І. Шамякіна кампазітару была прысуджана Дяржаўная прэмія Беларусі.
З 1991 г. Сяргей Альбертавіч Картэс – дырэктар і мастацкі кіраўнік оперы Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. У 1996–2002 гг. дырэктар – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі. Дзякуючы Картэсу, беларускую оперу ведаюць у Еўропе: трупа тэатра некалькі разоў наведвала Германію, Швейцарыю, Іспанію, выступала ў Ізраілі, Аргенціне.
Сяргей Картэс быў чалавекам шырокай адукацыі, глыбокім знаўцам літаратуры, паэзіі, тэатральнага мастацтва. Ён заўсёды шмат працаваў: пісаў музыку, браў удзел у міжнародных оперных фестывалях, займаўся педагагічнай працай. У 81 год ён быў поўны творчых планаў і задум: працаваў над операй “Ладдзя Роспачы” паводле У. Караткевіча, шэрагам музычных твораў. Кампазітар, народны артыст Беларусі Сяргей Альбертавіч Картэс з’яўляецца адным з лепшых музычных дзеячаў, творы якога ўзбагацілі беларускую культуру.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2004 г., перапрацаваны ў 2017 г.