Значны ўклад у развіццё айчыннага літаратуразнаўства і педагогікі ўнёс выдатны пісьменнік, паэт, перакладчык і таленавіты педагог Анатоль Канстанцінавіч Клышка. Яго творчы і жыццёвы шлях непарыўна звязаны з народнай асветай і нацыянальнай культурай беларускага народа. Менавіта Кнізе Анатоль Канстанцінавіч прысвяціў больш за паўвека, прывіваючы суайчыннікам любоў да роднай мовы.
Будучы пісьменнік нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у в. Данейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Маці пісьменніка Алеся Сцяпанаўна, вядомая ў наваколлі песенніца, цудоўна спявала беларускія песні, з яе слоў былі зроблены цікавыя фальклорныя запісы. Пасля заканчэння мясцовай сямігадовай школы Анатоль Клышка ў 1949–1952 гг. працягваў навучанне ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы, дзе грунтоўна выкладалася методыка навучання грамаце. Адукацыя, атрыманая ў вучылішчы, мела выключнае значэнне для далейшага лёсу педагога. Дзякуючы адметным літаратурным і лінгвістычным здольнасцям юнак выдатна вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953–1958), у аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР (1959–1961). У 1960 г. малады вучоны стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першым літаратурным дэбютам А. Клышкі стаў верш «Мы з'ядналіся ў калгас», які быў апублікаваны ў 1950 г. у навагрудскай раённай газеце «Звязда». У рэспубліканскім друку ён пачаў выступаць у 1952 г. Пяру Анатоля Канстанцінавіча належыць шэраг літаратурна-крытычных артыкулаў, прысвечаных вершазнаўству, методыцы выкладання літаратуры ў школах, творчасці М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна і інш. Крытычныя працы А. К. Клышкі вызначаюцца праблемнасцю, палемічным характарам, публіцыстычнасцю і яскравасцю стылю. Гэтыя артыкулы ўвайшлі ў кнігу «Права на верш» (1967). Літаратуразнаўчую дзейнасць пісьменнік спалучаў з працай у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у сцэнарным аддзеле кінастудыі «Беларусьфільм», у аддзеле методыкі навучання літаратуры Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, у выдавецтве «Юнацтва».
У 1969 г. Міністэрства асветы БССР абвясціла конкурс на новы буквар. Анатоль Канстанцінавіч аддана ўзяўся за стварэнне першага школьнага падручніка. Перад пачаткам працы ён прагледзеў больш за 250 буквароў рознага часу на рускай, украінскай, польскай і нямецкай мовах з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Усе тагачасныя буквары, як сцвярджае А. К. Клышка, былі «зашпілены ў аднастайны адукацыйны шынель», засмучалі «беднаю моваю, штучнымі тэкстамі», таму педагог імкнуўся стварыць цікавы і займальны падручнік: пісаў апавяданні і замалёўкі па матывах беларускага фальклору, адбіраў вершы, лірычныя, апавядальныя, апісальныя і навукова-папулярныя тэксты, прысвечаныя прыродзе, Беларусі, Мінску, беларускім паэтам і пісьменнікам. Знайшлося месца ў буквары гумару, жарту, казцы, загадцы, лічылцы, прыказцы, прымаўцы, рэбусу, народнай прыкмеце, а таксама гульням з гукамі, літарамі і словамі.
«Буквар» А. К. Клышкі (1-е выданне 1969 г.; перавыдаецца штогод) быў адзначаны высокай узнагародай на рэспубліканскім конкурсе лепшых падручнікаў для пачатковага навучання і на Міжнародным кніжным кірмашы ў Лейпцыгу. У 1993 г. кніга заняла першае месца на конкурсе па стварэнні нацыянальнага буквара. Да «Буквара» былі выдадзены «Пропісі» і «Пісьмо», якія таксама перавыдаюцца штогод. На конкурсе «Падручнік 1999 года для агульнаадукацыйнай школы» гэты вучэбна-метадычны комплекс для падрыхтоўчых і пачатковых класаў атрымаў высокую ацэнку.
Два разы перавыдаваўся і дапаможнік для 1-га класа «Верасок». Для школ з рускай мовай навучання А. К. Клышкам былі падрыхтаваны «Букварь», падручнік для вучняў 4-га класа «Літаратурнае чытанне», кніга для чытання для 4-га класа «Чабарок», падручнік па літаратурным чытанні для 3 класа «Чабарок», якія атрымалі станоўчыя водгукі спецыялістаў. У 2003 г. выйшаў з друку ілюстраваны слоўнік па беларускай мове для вучняў пачатковых класаў «Чую, бачу, гавару».
Анатоль Канстанцінавіч з’яўляецца аўтарам вучэбна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў пачатковых класаў «Буквар: дзень пры дні» (1-е выданне 2000 г.; у 2008 г. выйшаў пад назвай “Буквар: старонкі і ўрокі”), а для рускамоўных школ – «Букварь: страницы и уроки». Больш за трыццаць гадоў А. К. Клышка прысвяціў распрацоўцы методыцы навучання грамаце, якая выдзяляецца адметнай структурай, глыбокім зместам, грунтоўнымі ведамі навуковай лінгвістыкі, псіхалогіі, дыдактыкі і літаратуразнаўства.
Анатоль Клышка плённа працуе ў дзіцячай літаратуры. Шырока вядомы яго кнігі: «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Беларуска-польскі размоўнік» для дзяцей школьнага ўзросту (1992). Заслугоўвае ўвагі кніга «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга». У працы аўтар дасканала і ўсебакова даследуе жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара. Гэты твор займае пачэснае месца ў беларускай дзіцячай літаратуры.
Шматгранны талент А. К. Клышкі праявіўся і ў галіне мастацкага перакладу. Дзякуючы нястомнай працы пісьменніка беларусы атрымалі магчымасць чытаць на роднай мове раман старажытнагрэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991), «Новы Запавет» (1980), асобныя раздзелы якога былі апублікаваны ў часопісе «Спадчына» (1989–1990). Не забыўся пісьменнік і на падлеткаў: пераклаў на беларускую мову казачныя гісторыі пра жыхароў саксонскага горада Шыльды, якія склалі кнігу «Шыльдбюргеры: па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка» (1983).
Анатолю Канстанцінавічу прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі (1994), ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Сёння А. К. Клышка займаецца перакладам з грэчаскай мовы поўнага Евангелля, падрыхтаваў зборнік загадак «1000 арэшкаў», а таксама зборнік «100 языкаломак», якія спадабаюцца беларускім дзеткам.
Анатоль Клышка – арыгінальны і самабытны пісьменнік, выдатны педагог і мовазнаўца. Ён шукае сябе ў самых розных відах літаратурнай творчасці: выступае як крытык і перакладчык, паэт і празаік, вучоны-літаратуразнавец і публіцыст, аўтар нарысаў і падручнікаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.