Дата рождения: 21.02.1835
Дата смерти: 31.01.1896
Краткая справка: скульптар, графік і жывапісец, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Расіі і Беларусі
Имена на других языках: Микешин Михаил Осипович (русский);
Выдатны скульптар, таленавіты жывапісец, рысавальшчык і ілюстратар. У яго біяграфіях заўсёды падкрэсліваецца, што ён “рускі мастак”, а ва ўспамінах і пісьмах самога Міхаіла Восіпавіча, апублікаваных у выданнях ХІХ ст. і стаўшых бібліяграфічнай рэдкасцю, ён часта згадвае сваю радзіму – Беларусь. “Вастру сваю зброю – аловак – і зноў хачу славіць сваю “Эльвіру”, сваю ўбогую радзіму – Беларусь”, – пісаў ён у сваіх успамінах. І яшчэ: “Каля 15 гадоў таму (гэта ў 1865 г.) мне давялося быць на радзіме, у Беларусі...”.
Нарадзіўся М.В. Мікешын 21 лютага 1835 г. у в. Максімаўка Рослаўскага павета Смаленскай губерні (з ХV ст. да пачатку ХХ ст. Смаленскі край у асноўным з'яўляўся этнічна беларускай тэрыторыяй, якая ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі). “Нарадзіўся я ў павеце і да васьмігадовага ўзросту працвітаў там на ўлонні прыроды бацькоўскай, а як прыйшоў час мяне вучыць, дык мы ўсе і пераехалі на жыццё ў наш гарадскі дом (у Рослаў)”, – пісаў ва ўспамінах Мікешын. Яго маці паходзіла з беларуска-польскага роду Барташэвіч-Адалянскіх і выхоўвалася ў адным з найлепшых інстытутаў для дзяўчат у Варшаве. Бацька – Восіп Ягоравіч Мікешын, беларускі партызан Рослаўскай коннай дружыны, якая змагалася з французамі ў наваколлі Рослава.
Сваё свядомае жыццё будучы скульптар пачынаў у пачатковым народным вучылішчы ў Рославе. Бацька яго ў гэты час быў саляным прыставам у гэтым “правінцыйным беларускім паветавым гарадку”. Схільнасці да малявання ў юнака праявіліся рана і яшчэ ў вёсцы ён пачынаў пісаць пад кіраўніцтвам вандроўнага іканапісца Ціта Андроныча. Пасля заканчэння вучылішча на захапленне мастацкай творчасцю М. Мікешына звярнуў увагу мясцовы памешчык, які за свой кошт прывёз яго ў Санкт-Пецярбург. 16-гадовы юнак быў прызначаны ў батальны клас жывапісу прафесара Багдана Паўлавіча Вілевальдэ Акадэміі мастацтваў.
Вучоба ішла паспяхова, мастак атрымаў тут усе магчымыя ўзнагароды. Так, напрыклад, за карціну “Лейб-гусары ля вадапою” ён атрымлівае Малы сярэбраны медаль і, больш таго, яе набывае з выстаўкі сам імператар! Дарэчы, па меркаванні спецыялістаў, сюжэт гэтай першай значнай карціны цалкам узяты з беларускага жыцця: пра тое, як бравыя вусатыя кавалеры, што спыніліся ля калодзежа, каб напаіць коней, сустракаюцца са зграбнымі беларускімі дзяўчатамі-пастушкамі. На палатне – такія адметныя рэаліі: сукенкі, расшытыя беларускім арнаментам, калодзежны “журавель”, старая сялянская хата і інш.
За жывапіснае палатно “Ад'езд графа Толлі ў Магдэбург” М. Мікешын атрымлівае Вялікі залаты медаль, які даваў яму права на шасцігадовае знаходжанне ў творчай камандзіроўцы ў Еўропе за кошт дзяржавы і званне класнага мастака І ступені.
Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў вясной 1859 г. М. Мікешын разам са сваімі сябрамі І. Шрэдарам і В. Гартманам вырашаюць прыняць удзел у дзяржаўным конкурсе на лепшы праект помніка “Тысячагоддзе Расіі” для ўзвядзення яго ў Ноўгарадзе. Мікешын быў у гэтай групе натхняльнікам, арганізатарам і аўтарам праектаў у выглядзе падрабязных графічных эскізаў. У яго было асаблівае кампазіцыйнае і стылістычнае чуццё – чуццё “рамантычнага гісторыка”. З 52 прадстаўленых праектаў Першую прэмію конкурсны савет пры Акадэміі прысудзіў Мікешыну. Так раптоўна і на ўсё жыццё Міхаіл Восіпавіч стаў скульптарам.
Помнік уяўляе сабой гіганцкі 400-пудовы шар-дзяржаву на звонападобным пастаменце. Трохузроўневыя скульптурныя выявы прысвечаны выдатным падзеям у гісторыі Расіі і людзям, якія вяршылі гэтыя падзеі. Такога манумента па сваіх маштабах і дзяржаўнай ідэалагічнай накіраванасці яшэ не існавала ў манументальнай пластыцы. Адкрыццё помніка адбылося 8 верасня 1862 г.
Вядомы і іншыя вялікія творы Міхаіла Восіпавіча: помнік Кацярыне ІІ у Санкт-Пецярбургу (1873), Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве (1888), Пятру І у в. Лясная, што на Слаўгарадчыне, у памяць аб першай перамозе рускай арміі над шведамі і інш.
Рэпутацыю М. Мікешына як шырока адоранага і цікавага чалавека падтрымлівалі таксама яго малюнкі і акварэлі, жывапіс на фарфоры і эмалі, выдавецкія праекты. Добра вядомы яго ілюстрацыі да твораў М. Гогаля, А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі.
З натуры стварыў ён шмат замалёвак на беларускую тэму. Падчас аднаго са сваіх наведванняў беларускага гарадка Клімавічы, дзе жыла яго сваячка, ён меў магчымасць прысутнічаць у рэкруцкай установе пры наборы рэкрутаў. Як вынік усяго ўбачанага, перажытага, часам нават жахлівага, – шэраг замалёвак з клімавіцкага альбома. Адзін з гэтых малюнкаў быў надрукаваны ў сатырычным часопісе “Пчела” пад назвай “Сцэна мінулага рэкруцкага набору. Клімавічы”.
З іншых малюнкаў на беларускую тэму вызначаюцца кампазіцыі “Бедная сялянка”, “Беларуская дзяўчына”, “Дзед і баба”, “Паштовая эстафета. Беларусь”, “Банкір і шляхціч”, “Жаніх і нявеста” і інш. Акрамя таго, спецыяльна для выдавецтва І. Сыціна Мікешын стварыў “Народныя карцінкі”, у тым ліку, ліст “Без музыкі, без дуды ходзяць ногі не туды. Беларусь”. У адным з лістоў мастаку (1892 г.) Ілля Рэпін называў беларускія замалёўкі “цудоўнымі”.
Жыццё мастака абарвалася нечакана. Ён памёр ад сардэчнага прыступу 19 студзеня 1896 г. Пахаваны ў Пецярбургу на могілках Аляксандра-Неўскай Лаўры.
У лютым 2010 г. да 175-годдзя з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Смаленскай губерні на адной з вуліц Смаленска, каля будынка карціннай галерэі ўстаноўлены помнік М.В. Мікешыну (скульптар А. Рукавішнікаў).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.