Выдатны празаік, паэт, драматург, публіцыст, палітычны і грамадскі дзеяч Леапольд Іванавіч Родзевіч нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (сёння Лагойскі раён Мінскай вобл.) у небагатай мнагадзетнай сям'і. У 1909 г. скончыў гарадское вучылішча ў Вілейцы. У наступным годзе пераехаў у Вільню, дзе працаваў рабочым на цукерачнай фабрыцы «Вікторыя» і пісарам пры земскай камісіі Сялянскага банка. У Вільні ён пазнаёміўся са многімі дзеячамі беларускага грамадска-культурнага руху, блізка сышоўся са Змітраком Бядулем.
У гэты ж час Леапольд Родзевіч пачаў друкаваць свае вершы і невялікія апавяданні паводле народных паданняў і легенд у газетах "Наша ніва" і "Беларус" пад рознымі псеўданімамі (Мікула Грымот, Лявон Жыцень і інш.). У Вільні ён далучыўся да тэатра: удзельнічаў у рабоце Беларускага музычна-драматычнага гуртка, разам з братам Чэславам і сястрой Ядвігай выступаў у трупе І. Буйніцкага.
У час акупацыі Вільні нямецкімі войскамі Леапольд Іванавіч выехаў на Паўночны Каўказ. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. быў мабілізаваны ў расійскую армію, потым накіраваўся ў Мінск, дзе спачатку працаваў пісарам Беларускай вайсковай камісіі, потым – у гарадской бібліятэцы.
Пасля вяртання ў Вільню загадваў Беларускай драматычнай майстроўняй, супрацоўнічаў з газетамі "Беларускія ведамасці", "Беларускі звон". З 1922 г. Л. І. Родзевіч з’яўляўся членам Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), уваходзіў у склад яе цэнтральнага камітэта. У 1922–1923 гг. працаваў рэдактарам газеты "Наша будучыня". Некаторы час выконваў сакратарскія абавязкі ў Гродзенскім акружным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду (1923–1924). У 1925–1933 гг. Леапольд Іванавіч з’яўляўся рэдактарам газет «Чырвоны сцяг» і «Бальшавік». Уваходзіў у склад Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.
У 1933 г. Л. І. Родзевіч быў арыштаваны па справе так званага Беларускага нацыянальнага цэнтра. Да 1938 г. ён знаходзіўся ў Саратаве, працаваў у лясніцтве. У гэтым жа годзе пісьменніка зноў арыштавалі, і ён бясследна згінуў. Дакладная дата і месца смерці Л. І. Родзевіча невядомы. У 1956 г. Леапольд Іванавіч Родзевіч быў рэабілітаваны.
У літаратурнай дзейнасці пісьменнік аддаваў перавагу драматычным творам. Ён вядомы як аўтар невялікіх драм «Блуднікі» (1912 г., надрукавана ў 1960 г.), «Паўкрыджаныя» (1916 г., надрукавана ў 1921 г.), вадэвіляў «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), сцэнічных абразкоў «Калыханка» (1920), «Пасланец», «Досвіткі» і інш. Героі твораў – людзі ў пераважнай сваёй большасці цёмныя, забітыя, пакрыўджаныя і інэртныя, няздольныя на рашучыя дзеянні. Драматургічная спадчына Л. І. Родзевіча вызначаецца адной даволі цікавай асаблівасцю: сярод вышэй названых п'ес толькі першыя дзве з’яўляюцца шматактовымі, астатнія – аднаактовыя. Моцная схільнасць да малой драматычнай формы робіць Леапольда Родзевіча сапраўдным майстрам у гэтым жанры.
Пафасам рэвалюцыйнай барацьбы прасякнута паэтычная і празаічная дзейнасць пісьменніка. Тэмай патрыятычнай ахвярнасці ў барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне Айчыны аб’яднаны яго паэтычныя зборнікі «Беларус» (1922) і «На паняволеных гонях» (1928, нелегальна выдадзены ў Кракаве). Некаторыя з вершаў паэта сталі народнымі песнямі («Вайна вайне», «Песня паўстанца», «Я салдат малады», «Гне галіны вецер» (упершыню была апублікавана ў «Нашай ніве» пад назвай «Салдацкая песня») і інш. У кнігах апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930) адлюстравана каланізатарская палітыка польскага ўрада ў Заходняй Беларусі, імкненне беларусаў да ўз’яднання ў адзінай дзяржаве.
У публіцыстычных артыкулах, змешчаных у розных выданнях БССР, Л. І. Родзевіч бескампрамісна выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту заходнебеларускага насельніцтва польскімі ўладамі («План супакаення крэсаў», «Палітыка ППС прадае інтарэсы працоўных», «Вялікая і звышвялікая Польшча» і інш.). У 1930 г. выйшла з друку брашура публіцыста «Заходняя Беларусь – калонія Польшчы».
Творчасць Л. І. Родзевіча з’яўляецца адметнай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры і публіцыстыкі. У наш час многія творы пісьменніка, асабліва «Збянтэжаны Саўка», з поспехам выконваюцца шматлікімі тэтральнымі калектывамі Беларусі.