Жаўрук Алесь (сапраўднае імя Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч)
Дата рождения:
19.08.1910 Сянно, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
23.08.1942
Краткая справка:
паэт, аўтар паэтычных зборнікаў, ваенны карэспандэнт
Псевдонимы:
Жаврук Алесь; Жаўрук Алесь; Кіка і Кока
Имена на других языках:
Синичкин Александр Дмитриевич (русский);
2925 символов
Справка
У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з усімі на палях бітваў змагаліся супраць гітлераўскіх захопнікаў і пісьменнікі. Многія з іх не дажылі да Дня Перамогі, аднак пакінулі пасля сябе след, што застанецца навечна. Адным з такіх маладых і таленавітых творцаў быў і паэт Алесь Жаўрук (сапраўднае імя Аляксандр Дзмітрыевіч Сінічкін).
Нарадзіўся ён у г. Сянно Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў г. Рагачоў Гомельскай вобласці, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта. Ужо з дзяцінства Алесь пачаў цікавіцца літаратурай. У час вучобы ў школе выступаў з чытаннямі на творчых вечарах, пісаў вершы для вучнёўскай насценгазеты, выдаваў рукапісны часопіс з вершамі, кароткімі апавяданнямі, замалёўкамі з жыцця класа і горада. Разам з сябрам, будучым вядомым беларускім паэтам А. Зарыцкім, выпускаў гумарыстычную газету «Смех і слёзы». Упершыню творы А. Жаўрука былі надрукаваны ў 1926 г. у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст», потым з’явіліся ў яе літаратурным дадатку «Вясна» і абласной газеце «Магілёўскі селянін». У 1927 г. ён паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога настаўнічаў у саўгасе «Сосны» Любанскага раёна Мінскай вобласці. У 1934–1938 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М. Г. Чарнышэўскага. У гэты перыяд плённа працаваў, стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР (1937). Асноўныя тэмы паэзіі – дружба, любоў, родны край, адданасць Радзіме і інш. З друку выйшлі зборнікі вершаў «Ручаіны» (1936) і «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938). Найбольш значны твор А. Жаўрука – паэма «Крывёю сэрца» (1937), прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Разам з А. Ушаковым напісаў паэмы для дзяцей «Пра майго таварыша» і «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939), лібрэта першай беларускай аперэты «Зарэчны барок» (пастаўлена ў 1940 г.).
Пасля заканчэння інстытута А. Жаўрук паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР, аднак у хуткім часе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты «В бой за Родину». З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны паэт апынуўся на фронце. Працаваў у рэдакцыі газеты 62-й арміі «На защиту Родины», удзельнічаў у абароне Сталінграда (цяпер г. Валгаград, Расія). У перапынках паміж баямі пісаў вершы, асноўнымі тэмамі якіх былі барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, помста ворагам, любоў да роднай зямлі і вера ў перамогу («Аленка», «Стихи о мести», «Комсомолец Батин», «Ружа» і інш.). У жніўні 1942 г. у час бамбёжкі Сталінграда А. Жаўрук быў цяжка паранены і праз некаторы час загінуў пры эвакуацыі шпіталя.
У пасляваенныя гады надрукаваны зборнікі паэта «Пра майго катка» (вершы для дзяцей, напісаныя сумесна з А. Ушаковым, 1950), «Выбранае» (1960), «Крывёю сэрца» (1987). У 1964 г. Мінскай тэлестудыяй быў зняты фільм пра А. Жаўрука «Песня и вела, и грела». Яго імем названы вуліцы ў Сянно і Рагачове.