Нарадзіўся мастак у 1910 г. у г. Барысаве былой Мінскай губерні, у сям'і чыгуначніка. Дзевятнаццацігадовым юнаком прыехаў у Віцебск і паступіў у мастацкі тэхнікум. Вучыўся ў Ф. Фогта, М. Эндэ, Я. Мініна. Захапляўся ў той час жывапісам і адначасова актыўна наведваў спектаклі Другога Беларускага Дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), прымаў удзел у стварэнні дэкарацыйнага афармлення асобных спектакляў. Пасля заканчэння тэхнікума у 1933 г. уладкаваўся на работу ў Першы Беларускі Дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы) на пасаду мастака-дэкаратара, дзе адпрацаваў амаль дваццаць гадоў (у 1939–1952 гг. – на пасадзе галоўнага мастака тэатра).
Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Далёкае» А. Афінагенава (1936), «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка (1939), «Фландрыя» В. Сарду, «Ірынка» К. Чорнага і «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава (1941), «Крылатае племя» А. Первенцава і «Душа Масквы» Л. Нікуліна (1942), «Фронт» (1942), «Палешукі» і «Таварыш Андрэй» Я. Рамановіча (1944). У афармленні сваіх спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, рабіў сэнсавы і эмацыянальны акцэнт на пейзажы.
Цікавым і значным не толькі ў творчасці мастака, але і ў этапным развіцці тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва БССР з'явілася мастацкае афармленне да п'есы А. Маўзона «Канстанцін Заслонаў», якое І. Ушакоў стварыў пасля звароту тэатра з эвакуацыі ў Мінск, у 1947 г., сумесна з рэжысёрам К. Саннікавым. У 1948 г. сумесна з мастаком А. Багданавым стварыў дэкарацыі да п'есы К. Крапівы «З народам».
Мастацкае афармленне І.М. Ушаковым спектакляў па творах нацыянальнай драматургіі атрымала высокую ацэнку грамадскасці рэспублікі. За шматгадовую творчую дзейснасць і заслугі перад беларускім тэатрам Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 21 студзеня 1949 г. І.М. Ушакову прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
Іван Міхайлавіч – творца многіх высокамастацкіх дэкарацый для спектакляў па творах рускай класікі. Упершыню І. Ушакоў звяртаецца да іх у 1949 г., аформіўшы «Скупога рыцара» і сцэны з трагедыі «Барыс Гадуноў» А. Пушкіна. Потым было афармленне спектакляў «Таленты і паклоннікі» (1950), «Жаніцьба Бальзамінава» (1951) А. Астроўскага, «Вішнёвы сад» А. Чэхава, «Ганна Карэніна» паводле Л. Талстога (1951) і многіх іншых.
Сярод лепшых сцэнаграфічных работ мастака можна назваць яшчэ «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы (1950), «На досвітку» (1952), «Выбачайце, калі ласка» (1954) А. Макаёнка. Усяго І. М. Ушаковым у купалаўскім тэатры аформлена звыш 40 спектакляў.
І.М. Ушакоў пайшоў з жыцця ў 1966 г. У знак пашаны да мастака напярэдадні Міжнароднага дня тэатра ў залах Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі экспануюцца з фондаў музея выстаўкі аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай сцэнаграфіі. З 2000 г. тут у гэтыя дні адбываецца штогадовае ўручэнне прэміі імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь І.М. Ушакова.
Для Беларусі падобная прэмія – з'ява неардынарная, гэта адзіная прэмія ў галіне культуры, заснаваная прыватнай асобай, удавой мастака З.Д. Ушаковай. Перадаючы творчую спадчыну мужа ў фонд музея (пейзажы, эскізы дэкарацый і касцюмаў), яна адмовілася ад усялякай грашовай кампенсацыі, ад ганарару, які, паводле закона, мусіла атрымаць ад дзяржавы за калекцыю мастацкіх работ. Замест гэтага яна папрасіла, каб тыя сродкі, што выплачваліся б ёй, накіроўваліся на падтрымку маладых таленавітых мастакоў тэатра. У сакавіку 2000 г. на старонках аднаго са сваіх нумароў газета «Культура» надрукавала «Палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе мастакоў тэатраў на суісканне прэміі імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь І.М. Ушакова». Першым лаўрэатам гэтай прэміі стаў Аляксандр Сідараў (Беларускі тэатр «Лялька», Віцебск). У 2005 г. высокую ўзнагароду атрымала Вольга Грыцаева, мастак Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна) за сцэнаграфію да спектакля «Пачатак» (паводле Б. Васільева), прысвечанага юбілею Перамогі; у 2009 г. – Вольга Мацкевіч, мастак-сцэнограф Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы за афармленне спектакля «Пінская шляхта» па п'есе В. Дуніна-Марцінкевіча; у 2010 г. – Ігар Анісенка за афармленне спектакля «Хам» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. На цырымоніі ўручэння прэміі не застаюцца без узнагарод і іншыя ўдзельнікі конкурсу: яны ўзнагароджваюцца ганаровымі граматамі Беларускага фонду культуры, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза тэатральных дзеячаў і Беларускага саюза мастакоў.
19 студзеня 2010 г. споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Ушакова, чыё імя па сённяшні дзень належыць да ліку вядучых мастакоў беларускага тэатра.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.