Дата рождения:
28.08.1936 Тродавічы, в., Расонскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
30.05.2014
Краткая справка:
паэт, перакладчык, дзяржаўны дзеяч Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1980)
Имена на других языках:
Буравкин Геннадий Николаевич (русский);
3590 символов
Справка
У сярэдзіне пяцідзесятых – пачатку шасцідзесятых гадоў у беларускую паэзію ўліўся значны атрад першых пасляваенных паэтаў. У іх быў і горкі вопыт вайны, і жыццярадаснасць, запал, актыўнасць і талент. Адзін з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў гэтага пакалення – паэт Генадзь Бураўкін.
Нарадзіўся ён у вёсцы Шуляціна (цяпер в. Тродавічы) Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. Дзяцінства яго апаліла вайна. У 1959 г. Г. Бураўкін скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Працаваў у часопісе “Коммунист Белоруссии”, у газеце “Літаратура і Мастацтва”, быў карэспандэнтам “Правды” па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”. З 1978 г. Г. Бураўкін – старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Амаль 12 год ён прабыў на гэтай пасадзе, пакуль у 1990 г. не атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН. Але надоўга адарвацца ад Радзімы ён не змог і ў 1993 г. звярнуўся да старшыні Вярхоўнага Савета БССР з просьбай аб звальненні з гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994–1995 гг., быў намеснікам міністра культуры і друку. У 1995–2001 гг. працаваў у часопісе “Вожык”.
Нягледзячы на актыўную грамадскую дзейнасць і службовую кар’еру, галоўным для Г. Бураўкіна заўсёды была паэзія. Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газеце “Сцяг камунізму” ў 1952 г. Потым выйшлі яго кнігі “Майская просінь” (1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (1963), “Дыханне” (1966), “Жніво” (1971), “Варта вернасці” (1978, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1980 г.), “Гняздо для птушкі радасці” (1986). У літаратуру Г. Бураўкін прыйшоў у час хрушчоўскай адлігі. У самым пачатку сваёй творчасці ён прыняў для сябе рашэнне: не шукаць штучных тэм, а пісаць пра тое, што хвалюе душу і сэрца. І ён шчыра пісаў пра сваё пакаленне, якое зведала пакуты вайны, аднаўляла родны край, услаўляў камсамол і партыю, выступаў супраць мяшчанства, раўнадушша, бюракратыі чыноўнікаў. Звяртаўся паэт і да гістарычнага мінулага сваёй радзімы, да сваіх славутых продкаў. У 1972 г. Г. Бураўкін стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. У 1990-х гадах ускладніўся погляд паэта на чалавека і свет. У гэты час выходзяць яго зборнікі “Узмах крыла” (1995), “Паміж зоркай і свечкай” (2000), кніга “Выбранага” (1998). Вершы канца стагоддзя склалі і зборнік паэта “Жураўліная пара” (2004). Вастрэй гучаць у яго творчасці надзённыя балючыя праблемы Беларусі, сярод якіх – лёс мовы, экалагічныя праблемы, набалелая тэма Чарнобыля.
Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта. Яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабрана ў кнігах “Пяшчота” (1985) і “Чытаю тайнапіс вачэй” (2001). Аднолькава хораша гучаць вершы Г. Бураўкіна, напісаныя ў маладыя гады і ў апошні час. Трапятлівая лірычнасць, мілагучнасць слова паэта спрыяюць таму, што на яго вершы напісана шмат песень (“Белы снег”, “Зачараваная”, “Матылі” і інш.). У паэта ёсць нават цэлы зборнік песенных тэкстаў “Табе, Беларусь” (1984). “Калыханку” на словы Г. Бураўкіна з захапленнем слухаюць кожны вечар маленькія жыхары па ўсёй Беларусі. Дзецям прысвяціў ён і дзве свае кнігі паэзіі – “Тры казкі пра Зая” (1974) і “Сінія арэлі” (1987). Паэт ад прыроды, Г. Бураўкін разам з тым вядомы і як аўтар дакументальнай аповесці “Тры старонкі з легенды” (1971), выступае ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Ён аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма “Полымя” (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым). Перакладае на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, балгарскіх паэтаў.