Имена на других языках:
Гилевич Николай Семёнович (русский);
2886 символов
Справка
Беларускі пісьменнік, перакладчык, журналіст Мікола Гіль (Мікалай Сымонавіч Гілевіч) нарадзіўся ў в. Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. З 1960 г. працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Мінскай студыі тэлебачання (1960–1961), з 1961 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» (1990–1996 гг. быў галоўным рэдактарам). Некаторы час загадваў аддзелам у часопісе «Родная прырода». У 1972–1977 гг. працаваў у аддзеле публіцыстыкі часопіса «Маладосць». У 2002–2008 гг. быў намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і Мастацтва», адначасова ў 2004–2008 гг. галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва». З 1975 г. з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У друку пісьменнік выступае пад псеўданімамі Мікола Гіль, М. Блізнюк, Г. Марошка, М. Каваль, М. Раговіч, К. Раговіч. Актыўна публікавацца пачаў з 1950-х гг. У 1962 г. у часопісе «Бярозка» надрукавана першае апавяданне «Новенькі і кукса». Затым многія апавяданні былі змешчаны ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Работніца і сялянка», «Нёман» і інш. Першая кніга апавяданняў пісьменніка «Ранішнія сны» (1973) прысвечана сучаснасці, разгляду псіхалогіі характараў гараджан у першым пакаленні, надзвычай пашыранай у беларускай літаратуры XX ст. тэме сутыкнення горада і вёскі. Потым адзін за адным выйшлі празаічныя зборнікі М. Гіля «Таццянін чэрвень» (1978), «Пуд жыта»(1982), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1984), «Камандзіроўка ў Вішанькі» (1987), «Кім і Валерыя» (1988), «Бралася на дзень» (1993) і інш. У сваіх творах аўтар уздымае балючыя, злабадзённыя пытанні сучаснасці, якія хвалявалі празаікаў яго пакалення, у першую чаргу гэта запусценне, заняпад вёскі, масавыя ўцёкі маладых у горад, а таксама праблемы адзінокай старасці, пераемнасці духоўных і маральных традыцый. Героям М. Гіля ўласцівы станоўчыя якасці – іх адданасць роднай зямлі, вернасць маральным запаветам і мудрасці продкаў.
Піша М. Гіль і для дзяцей. Для іх ён выдаў асобнай кнігай казку-быль «На лясной вуліцы» (1975), зборнік апавяданняў «Самы галоўны чалавек» (1980), аповесць у апавяданнях пра касманаўта П. Клімука «Ёсць на зямлі крыніца» (1983) і інш. Таксама пісьменнік займаецца мастацкім перакладам. На беларускую мову пераклаў раман В. Бубніса «Пад летнім небам» (1982), аповесці І. Эркеня «Сям'я Тотаў» і «Выстаўка ружаў» (з Л. Каўрус, 1985), П. Лагерквіста аповесць «Кат» і раман «Карлік» (з Г. Шупенькам, 1986) і інш. У літаратурнай апрацоўцы М. Гіля выйшлі кнігі ўспамінаў Р. Мачульскага «Страницы бессмертия» (1972), і «Люди высокого долга» (1975), у літаратурным запісе – кніга «Зоры– побач» (1977) і інш. Творы пісьменніка перакладаліся на англійскую, балгарскую, персідскую, рускую, украінскую і эстонскую мовы.