Дата рождения:
06.08.1926 Растаў, в., Акцябрскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
07.07.2002
Краткая справка:
мастацтвазнавец і жывапісец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996)
Варианты имени:
Дробаў Леанід Міканоравіч
Имена на других языках:
Drobau Leanid Nikanoravitch (не определен); Дробов Леонид Никонорович (русский);
5080 символов
Справка
Руплівым даследчыкам жывапісу XIX–XX стст. быў Леанід Ніканоравіч Дробаў, які зрабіў значны ўклад у развіццё беларускага і сусветнага мастацтвазнаўства.
Нарадзіўся ён у в. Растаў Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Скончыўшы сямігодку, паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся ўдзельнікам партызанскага руху. Спачатку быў у складзе 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады, а са студзеня 1944 г. пасля рэфармавання ў складзе 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі 2-га Беларускага фронту. Пасля дэмабілізацыі Л. Дробаў паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Некаторы час працаваў выкладчыкам чарчэння і малявання. Потым паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна на факультэт журналістыкі, пасля заканчэння якога ў 1958 г. стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. У 1962 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Живопись Белоруссии XIX – начала XX века». У 1965 г. скончыў мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў І. Ахрэмчыка, А. Мазалёва, П. Крохалева. З 1964 па 2002 г. загадваў аддзелам выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1983 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Становление и развитие реализма в белорусской живописи XIX–XX вв.». З 1964 г. член Беларускага саюза мастакоў, з 1965 г. удзельнік мастацкіх выставак.
На працягу ўсёй навукова-даследчыцкай дзейнасці Л. Дробаў займаўся вывучэннем беларускага жывапісу XIX–XX стст., разглядаў тэарэтычныя пытанні мастацтва, станаўленне стыляў і жанраў у беларускім мастацтве. Яго кнігі «Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя» (1971), «Живопись Белоруссии XIX – начала XX в.» (1974) вызначаліся для таго часу навізной матэрыялу, сур’ёзнасцю падыходу да вырашэння праблем развіцця беларускага мастацтва дарэвалюцыйнага перыяду. Пытанням развіцця савецкага мастацтва прысвечаны манаграфіі «Живопись Советской Белоруссии (1917–1975)» (1979), «Великая Отечественная война в произведениях белорусской живописи» (1987), «Графiка Беларусi XIX – пачатку XX стагоддзя» (2000), альбомы «Искусство Белорусской ССР» (1971), «Сучасны беларускі партрэт: Жывапіс. Скульптура. Графіка» (1982). Таксама Л. Дробаў даследаваў творчасць беларускіх мастакоў – «Аляксандр Пятровіч Мазалёў» (1976), «Акім Міхайлавіч Шаўчэнка» (1980), «Акім Рыгоравіч Курачкін» (1987), «Антон Бархаткоў» (1988) і інш. Яго шматлікія навуковыя манаграфіі сталі асновай для вывучэння курса мастацтвазнаўства ў спецыяльных вышэйшых навучальных установах краіны. Як аўтар і член рэдкалегіі Л. Дробаў удзельнічаў у напісанні дзевяцітомнага выдання «История искусства народов СССР» (т. 5–9, 1972–1982), за што Прэзідыум Акадэміі мастацтваў СССР узнагародзіў залатым медалём (1982). За работу па стварэнні шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (1987–1994) яму як навуковаму кіраўніку аўтарскага калектыву і аўтару шматлікіх артыкулаў прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1996).
На працягу ўсяго свайго жыцця мастацтвазнавец займаўся і жывапісам. Менавіта ў ім індывідуальнасць і светаадчуванне Л. Дробава выяўлены найбольш ярка. Пісаў тэматычныя карціны, партрэты, нацюрморты, але самае значнае месца ў мастацкай творчасці займаў пейзаж. Пазбаўленыя знешняй эфектнасці яго карціны «Скалы каля мора» (1975), «Надвячорак» (1979), «Прачнуўся ручай» (1980), «Бабіна лета» (1981), «Сакавік» (1987) і іншыя запамінаюцца той задушэўнай інтанацыяй, якая з’яўляецца бясспрэчным сведчаннем шчырасці аўтара. У работах мастака рэдка можна ўбачыць яркае сонечнае святло. Яго захапляюць нюансы, пераходы ў стане прыроды. Таму на палотны трапляе або глыбокая восень («Восеньская цішыня», 1984), або ранняя вясна («Красавік», 1983). Ён вельмі тонка адчуваў імгненныя змены ў наваколлі («Апошні прамень» і «Перад навальніцай», 1984). Мастак любіў ездзіць па Беларусі, выбіраў прывабныя мясціны, знаёміўся з гісторыяй, людзьмі, якія тут жывуць ці некалі праславілі гэты куток. Так з’явіліся работы Ляўкоўскага цыкла, звязаныя з жыццём Я. Купалы, краявіды Міншчыны, Віцебшчыны. Сярод найбольш вядомых сюжэтна-тэматычных карцін выдзяляюцца творы, звязаныя з падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі, – «Камбед» (1968), «Радавы рэвалюцыі» (1972), «М. Фрунзэ ў штабе мінскай міліцыі» (1976). Даволі шмат палотнаў напісана на тэму Вялікай Айчыннай вайны – «Партызанская кухня», «Партызанская друкарня», «Трагедыя спаленых вёсак», «Сям’я партызана» (усе 1965) і інш. Мастак з’яўляецца аўтарам партрэтаў пісьменнікаў П. Глебкі (1971), А. Шаўні (1974), былога партызана П. Сцяржанава (1986), карціны «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987) і інш.
Творы Л. Дробава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, карціннай галерэі г. п. Акцябрскі, якая з 2002 г. носіць яго імя.