Павел Іванавіч Пруднікаў нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, якая ў тыя часы шырока славілася ў наваколлі сваімі ганчарамі. З дня нараджэння і да сапраўднага паўналецця ён быў звязаны з працай у полі. Пачатковую школу закончыў толькі ў пятнаццаць гадоў. З-за грамадзянскай вайны вучыўся па месяцу, па два кожны год у розных школах суседніх вёсак. Працягваў адукацыю ў Мілаславіцкай сямігодцы, дзе зарэкамендаваў сябе “школьным паэтам”, быў старастам літгуртка, удзельнікі якога вялі перапіску з членамі філіі БелАППа пры Мсціслаўскім педтэхнікуме.
Рана падаўся Павел “у людзі”. Працаваў шахцёрам-металургам у Данбасе, на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў, Магілёўскай шаўковай фабрыцы, на рэспубліканскай кніжнай базе ў Мінску, грузчыкам на чыгуначнай станцыі, у рэспубліканскім перыядычным друку, рэпарцёрам у БелТА, на радыё. Шмат дала маладому паэту вучоба ў Ленінградскім педінстытуце. П. Пруднікаў узбагачае сябе ведамі ў розных галінах навукі, культуры і мастацтва, наладжвае сувязь з беларускай секцыяй Ленінградскага аддзялення СП СССР. На духоўнае развіццё паэта дабратворна паўплывала знаёмства з выкладчыкам інстытута прафесарам К. А. Пушкарэвічам, беларусам па паходжанні, вучнем Я. Ф. Карскага.
Пасля заканчэння ВНУ ў 1937 г. П. Пруднікаў стаў аспірантам Інстытута славяназнаўства АН СССР. Аднак “замест славянскіх моў я доўгі час на практыцы вывучаў усходнія і паўночныя раёны нашай краіны і іх багацці. Каля двух дзесяткаў гадоў я быў адарваны ад грамадскага і літаратурнага жыцця”, – успамінаў пісьменнік у аўтабіяграфіі. Яму давялося жыць і працаваць у Бурацкай АССР, Іркуцкай і Омскай абласцях, Краснаярскім краі. П.Пруднікаў настаўнічаў на Смаленшчыне, з 1952 г. перабраўся ў Беларусь у Слабадскую школу Браслаўскага раёна. «Гэтаму маляўнічаму краю, асабліва вёсцы Слабодцы, я многім абавязаны. Там аднавіў сваю літаратурную дзейнасць, узбагаціўся новымі тэмамі для сваіх будучых твораў, там вучыў людзей і сам вучыўся ў іх, там напісаў і падрыхтаваў да друку новую кніжку вершаў “Час майго нараджэння”». Увесь час працы на Браслаўшчыне пісьменнік быў цесна звязаны з рэдакцыяй райгазеты «Браслаўская звязда», дзе ўзначальваў створанае ім літаб’яднанне. У 1968 г. П. Пруднікаў пераехаў у Мінск, вярнуўся на рэдакцыйную работу. Тры гады працаваў старшым рэдактарам бюлетэня “Служба быту Беларусі”, пасля чаго ў кастрычніку 1971 г. пайшоў на пенсію і стаў займацца выключна літаратурна-творчымі справамі, не забываючы ні на школы, ні на рэдакцыі.
Пісаць вершы П. Пруднікаў пачаў рана. Ад самых дзіцячых гадоў быў неабыякавы да мастацкага слова. У рэспубліканскім друку дэбютаваў вясной 1930 г., калі газета “Піянер Беларусі” надрукавала яго верш “На вакацыі”. Малады паэт выступаў пад сугучным часу псеўданімам Паўлюк Буравей. У 1932 г. выйшла пазначаная прыкметамі часу кніжка “Песні грузчыкаў” (разам з Я. Субачам), асноўны лейтматыў якой – услаўленне ўдарнай працы і працоўнага энтузіязму.
Пасля доўгага перапынку зноў пачаў друкавацца ў 1959 г. Кніга “Час майго нараджэння” (1968) стала адначасова і вяртаннем імя і, па сутнасці, прыходам у літаратуру новага паэта. Паэзія П. Пруднікава распроствала крылы для новых узлётаў. Публіцыстычны напал, страсная прага праўды ўзрасталі ад кнігі да кнігі: “Прысады” (1979), “Мая магістраль” (1981), “Заасцёр’е” (1986). Кніга “Далёкае, але не забытае” (1988) змяшчае ўспаміны пра памятныя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, асвятляе літаратурнае жыццё далёкага, але блізкага нам сваёй духоўнай сутнасцю часу. У 1980 г. з’явіўся верш “Памяць”, бо не давала спакою перакананасць, што нешта не дагаварыў, не данёс усю праўду, якую ведаў. І самі гады падганялі. Спяліліся “познія ягады” яго паэзіі. Познія ж ягады заўсёды з гарчынкай. Гарката, ды яшчэ якая, і ў паэме “Таймыр” (“Познія ягады”, 1990), і ў аповесцях “Яжоўскія рукавіцы”, “Паўночнае пекла” (“За калючым дротам”, 1993), і ў паэме-аповесці “Кожны другі” (“Пароша”, 1996). Апошнія кнігі пісьменніка — гэта споведзь перад сваім пакаленнем і пакаленнем сённяшнім, споведзь перад часам і ў пэўнай ступені падрахунак уласных дарог:
Больш паўвека таіў у грудзях
Невыносную горыч і муку…
Гэта споведзь душы і працяг
Тых пакут, што данёс я да ўнукаў.
Ёсць у П. Пруднікава і такое прызнанне: “На жыццёвых сцежках-кручах я душой не выцек…”. Душа паэта спагадна на дабро, яна заўсёды прымала спагаду, адмаўляла ж хцівасць, здраду і подласць. Гэтаму навучылі жыццёвыя вёрсты любові і нянавісці. Паважаны ўзрост даваў права па-гаспадарску ацаніць зробленае і пражытае. І мы не можам не пагадзіцца з Паўлам Іванавічам, калі ў адным з яго апошніх вершаў чытаем:
З гонарам скажу сваім нашчадкам:
Недарэмна я прайшоў свой век,
Пры любых рэжымах і парадках
Я трымаў сябе, як чалавек.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2001 г.
* Вытокі песні : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. – Мінск, 1973. – С. 238.
** Тамсама.