Дата рождения: 05.05.1936 Пажыхар, в., Светлагорскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 22.01.2018
Краткая справка: пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, аўтар раманаў, аповесцей, нарысаў, эсэ, артыкулаў, твораў для дзяцей
Имена на других языках: Яковенко Василий Тимофеевич (русский); Яковенко Василь Тимофеевич (русский);
Нарадзіўся я 5 мая 1936 года на маляўнічым камарыным хутары каля вялікай копанкі, у якой маці рэшатам лавіла карасёў. Гэта была звычайная сялянская сям'я. Бацька Цімох паходзіў з роду Рыгора Якавенкі, а той Рыгор – сын Хамы. Ён, мой дзед, – паляшук з Украіны (вёска Піраговічы Іванкаўскага раёна), купіў у 1910 годзе з аплатай у растэрміноўку кавалак зямлі ў двурэччы Прыпяці і Бярэзіны. Рашучаму і мужнаму ўчынку дзеда паспрыяла сталыпінская зямельная рэформа. Тады яны, некалькі сям'яў беззямельных сялян, набылі цалік, што патанаў у Васілевіцкіх разлеглых балотах, які ледзь прыўздымаўся з багны і атаясамліваўся ў кемных палешукоў з востравам. Так, гэта быў востраў парослы змешаным першабытным лесам, перавітым плюшчом. Ён насіў назву Пажыхар. Кут проста казачны. У нетрах яго вадзілася безліч звяроў і птушак. Цімошку было пяць гадоў, калі іхняя сям'я пераехала сюды з Піраговіч і разам з іншымі ўзялася за цяжкую працу – валіць, карчаваць, распілоўваць дрэвы, вызваляць лапікі зямлі пад раллю.
Мая маці Вера – з роду Ярмоліных (па прычыне русіфікацыі прозвішча пісалася Ермоліны), карэнная беларуска. Да замужжа яна жыла з бацькамі на другім рагу балота – пад Азарычамі, у невялікай вёсцы Рылавічы (пасля вайны – Ніканава). Яе маці Ульяна вельмі рана – у трыццаць сёмым – памерла, і тут бяда ўжо пачала чапляцца за бяду. Верынага бацьку Васіля Ярмоліна, майго дзеда, забралі ў НКВД, завезлі ў Мазыр. Гэта здарылася ў 1938 годзе. Там ён і загінуў ад рук бальшавіцкіх катаў. Яго расстралялі. Верагодна, у будынку былой Міхайлаўскай царквы, ператворанай у турму, дзе шмат люду замардавалі. I засталіся меншыя дзеці Ярмоліных сіротамі. Клопат пра іх лёг на Веру і Цімоха.
Маці мая, спакойная, разумная, умелая і працавітая жанчына, як і большасць вясковых кабет, у маладосць сваю ўвайшла сапраўднай красуняй з адмысловай смаліста-чорнай касой. На жаль, лёсам ёй было суджана стаць гаротніцай.
Вёска Рылавічы, дзе нарадзілася маці, пынілася непадалёку ад Хамічоў, буйнейшай вёскі, якая нават мела сваю школу – у ёй маці ў свой час і вучылася, некалькі год.
3 Хамічоў, між іншым, выйшаў і падаўся ў вялікі камуністычны свет продак паэта Яўгенія Еўтушэнкі – Ермалай, дзед па мацеры, савецкі военачальнік. Яго таксама, як і майго дзеда Васіля, у росквіце сіл і энергіі нізашто расстралялі энкавэдысты.
3 Яўгеніем Еўтушэнкам мы аднойчы сустрэліся на дарозе, што вяла ў Хамічы, і ён расказаў мне пра сумны лёс свайго дзеда.
Акурат праз зімку пасля майго нараджэння, прыватныя хутарскія сядзібы пачалі сцягваць у вёску Пажыхар. Утварылі калгас. Наша вёска, як і тутэйшы калгас, падпарадкоўвалася раней Васілевічам, цяпер жа – маладому гораду энергетыкаў Светлагорску. Васілевічы, на жаль, страцілі статус райцэнтра, і буйное мястэчка прыгарнуў да сябе Рэчыцкі раён.
Аддаленая ад свету і ціхая вёска Пажыхар у вайну апынулася ў партызанскай зоне, і гэтага дастаткова было, каб улетку сорак трэцяга года немцы спапялілі яе. Праўда, пажыхарцы, папярэджаныя партызанскай разведкай, своечасова пакінулі свае сядзібы і нешта з тыдзень хаваліся ў дрыгвяністым балоце, па аддаленых выспах ды хмызах. Адпачывалі табарам у куранях. Басаногаму хлопчыку запомнілася, як на чыстым першародным улонні нараджаліся ранкі і шызая раса на зялёнай, часам шаўкавістай траве. Вярнуліся на попелішча, у засень векавечных дубоў, і пачалі ладаваць гнёзды проста ў зямлі. Мой бацька таксама выкапаў зямлянку, у якой спалі на палацях упокат: у сям'і было чацвёра дзяцей. Потым, калі пад грымоты вайны і шквальны агонь чырвонаармейцаў ворага турнулі з бліжэйшых абсягаў і ўжо толькі на чыгуначную станцыю Васілевічы грозна пікіравалі нямецкія бамбавозы, мае бацькі сходна купілі непадалёку ад станцыі хату-трохсценак. У гэтай хаце адна са сцен была прабіта шалёным снарадам, які з хаты наўпрост шугануў у дзверы, чмякнуўся парсюком вобзем у двары, але не разарваўся. Хаце пашчасціла. За яе мае бацькі аддалі 25 пудоў жыта; а збажына ў іх ацалела толькі таму, што была прыхаваная ў тайніку на агародзе спаленай сядзібы. Так мы ўрэшце апынуліся ў Васілевічах і сталі местачкоўцамі.
У Васілевічах бацька пайшоў працаваць на чыгунку, маці – у калгас, а я з братамі – вучыцца ў школу. Школа, як і багата што тады, насіла імя Сталіна і месцілася ў двухпавярховым мураваным будынку, што стаяў у цэнтры. Для вясковага хлапчука то быў нібыта цудоўны палац, хоць напачатку шматлікія дзіркі ў вокнах закрывалі кардонам і ад холаду ўзімку пальцы рук дубянелі.
Школа захапляла мяне далей болей. Я любіў назіраць у небе за зоркамі і рана зацікавіўся будовай сусвету. У пятым класе зачытваўся папулярнымі кнігамі па астраноміі, якія браў у раённай бібліятэцы, і цяпер мне здаецца, што менавіта яны больш за ўсё развівалі дзіцячую фантазію, як, зрэшты, і прыгодніцкія творы Янкі Маўра, Якуба Коласа, Жуля Верна. Мне падабалася таксама слухаць настаўніка геаграфіі пра зямныя ландшафты, пра падарожжы ў новыя землі.
Далей я вучыўся ў Беларускім індустрыяльным тэхнікуме (на геолага, 1952–1956), у БДУ імя У. Леніна (на журналіста, 1962–1966). У нейкім прамежку часу пасля тэхнікума служыў у артылерыйскай брыгадзе Групы Савецкіх Войск у Германіі. Па матывах мінулых ваенных падзей і рэха іх у нямецкай душы напісаў сваё першае апавяданне «Рашэнне старога Вегера. (Калгасная праўда, 8.05.1962)».
Пільная увага да слова, напэўна, перадалася мне ад бацькі, які часам уголас выказваў сваё захапленне ўдалым і трапным слоўцам, выразам. Яшчэ ў школе дужа карцела сачыняць вершаваныя радкі, загадкі, байкі, беручы за аснову свае назіранні над навакольным светам і сябрукамі. А цікавых падзей, надарэнняў, адмысловых фактаў мне тады край не ставала, кажу шчыра, таму і выбраў сабе для пачатку рамантычную (з-за блуканняў па свеце) прафесію геолага, каб наталіць прагу пазнання і напоўніцу сербануць жыцця. У службовых вандроўках па роднай зямлі (а яны мелі пераважна пошукава-геалагічны характар – працаваў жа ў Паўночна-заходняй геолагаразведвальнай экспедыцыі, Мазырскай канторы глыбокага бурэння, праектных інстытутах) даследаваў нетры і разам – жыццё грамадства; сачыняў (яно, як бачыце, змалку карцела), шукаў удач у прафесійным занятку публіцыста.
Прайшоў сапраўдную літаратурную школу, працуючы ў часопісе Полымя (1972–1977), у якім і да гэтага друкаваўся. Напісаў і выдаў шэраг кніг мастацкай публіцыстыкі: «Земля, открытая нами», 1971; «Пробны камень», 1974; «Пакуль сонца ў зеніце», 1977; «Дайсці да ладу», 1985; «Вясковыя дыспуты», 1987; «Другой зямлі не будзе», 1989; «Крушэнне на ростані», 2002; «Нячывелле», 2008. У перакладзе на рускую мову выйшлі дакументальная аповесць «Приручение земли», 1975; зборнік нарысаў «Через гать», 1982; кніга публіцыстычнай прозы «На что нам жизнь дана», 1991.
Як адзначыла некалі шматтомная «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» яшчэ на раннім этапе творчасці, для маіх пісьмовых вопытаў быў уласцівы «глыбокі змест і дакументальная дакладнасць». Больш за тое, ад кнігі да кнігі, як можна меркаваць, узмацнялася тое, што пасля будзе адзначацца крытыкамі: псіхалагічны, сацыяльны, у нейкай меры нават філасофскі аналіз фактаў жыцця і вобразаў герояў, зазвычай людзей, якія ў жыцці штосьці вырашалі. Да прыкладу, як Ульяна Крышталевіч, старшыня Докшыцкага райвыканкама, потым першы сакратар райкама партыі, узняўшая насельніцтва на шчырую, непамысную, ахвяравальную працу па ачыстцы зямлі ад камення ("Прыручэнне зямлі. Аповесць у нарысах", 1977).
Улетку 1984 года мы з Іванам Васільевым – бліскучым расійскім пісьменнікам і публіцыстам, лаўрэатам Ленінскай прэміі, які жыў пад Вялікімі Лукамі, – зрабілі двухтыднёвае падарожжа па Беларусі. Яно пачалося 22 мая ў Мінску са шчырай гутаркі з А.Т. Кузьміным, сакратаром ЦК КПБ, пра набыткі і страты ў духоўным жыцці вёскі. Далей перад намі з Васільевым ляжалі наўсцяж у рэспубліцы дзесяткі раёнаў і гаспадарак, якія мы збіраліся наведаць. I потым – сустрэча, зноў-такі ў Мінску, на маёй кватэры, з Васілём Быкавым і Нілам Гілевічам (апошні ў ходзе гаманы нават заспяваў для госця сваю песню "Вы шуміце, бярозы...").
Вынікі адмысловай падарожнай акцыі з Іванам Васільевым падведзены маёй кнігай "Вясковыя дыспуты. Падарожнае эсэ" (1987). Ва ўступным артыкуле да кнігі Іван Чыгрынаў пісаў: "У нас яшчэ не было такога маштабнага, шырокаахопнага твора, напісанага на дакументальнай аснове, у якім бы з прынцыповых пазіцый была паказана сённяшняя грамадская, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў рэспубліцы, выяўлена заклапочанасць многімі набалелымі праблемамі".
Блізка сярэдзіны 80-х гадоў я падрыхтаваў і выдаў дзве кніжкі казак – «Смяльчак Лузь», 1995 (гэта для дзяцей), і «Чорная ружа», 1996 (хутчэй, для дарослых). Мне і ўцешна, і дзіўна, што ў апошняй кнізе чытачы знаходзяць часам глыбокі змест і філасофскае асэнсаванне жыцця. Пісаліся ж казкі тады, калі ў іншым жанры аўтару складана было расказаць пра некаторыя рэчы.
Па тэматыцы ў маіх творах, хутчэй за ўсё, пераважалі маральныя матывы, праблемнае вясковае жыццё, адрынутая зямля, уладанне зямлёй і праблемная партыйная работа. Усё гэта, на жаль, набыло гранічна востры змест і пачварную рэальнасць, калі адбылася Чарнобыльская катастрофа, а меліяратары – сказ і пра іх – як ні ў чым не было прыступілі да выканання праекта практычнага ліквідавання ракі Прыпяць (дакладней, ператварэння яе ў канаву) і асушэння шырокай прыпяцкай поймы. Гэтая апошняя «гераічная» эпапея меліяратараў немінуча прывяла б да ўтварэння пыльнай і жорсткай пустыні на беларускай зямлі.
I тут, зазначу, у 1987 годзе я, мусіць, не дарэмна быў абраны ў пісьменніцкім асяроддзі старшынёй Камісіі па нарысу і публіцыстыцы. Сабраліся ў канферэнц-зале Дома літаратара пісьменнікі-публіцысты (разам са мной) – Іван Новікаў, Яраслаў Пархута, Анатоль Казловіч, Леанід Левановіч, Леў Караічаў, Сяргей Панізнік ды іншыя – і пачалі раіцца, што далей рабіць. Вырашылі прынцыпова: самай прыярытэтнай задачай на бліжэйшы час будзем лічыць зберажэнне прыроды, адстойванне экалагічных прынцыпаў гаспадарання; дарэчы, ужо тады назіраліся вынікі празмернага асушэння балот і ўзбалоткаў, пойменных далін, выяўлялася нядбайнае і шкоднае стаўленне меліяратараў да прыродных ландшафтаў. Знікалі гаі, усыхалі лясныя масівы, апусцілася вада ў калодзежах, пачыналі гуляць па адкрытых абшарах пыльныя буры. Аляксей Пысін, грамадзянін і таленавіты паэт-франтавік, пісаў:
Кручок, што вудай быў,
Грымотна ўзняўся, устаў на ногі,
Рачулачку за шчэлепы схапіў
I кінуў на пясок, на выган голы.
Рачулачка нядоўга трапятала...
Радкі верша мне дужа імпанавалі, яны проста клікалі на абарону безыменнай рачулкі. Дык наладзілі мы (разам са спецыялістамі, як правіла, сваімі аднадумцамі) некалькі культурна-экалагічных экспедыцый на Нарач і па рэках Заходняя Дзвіна, Днепр, засяродзілі ўрэшце ўвагу на Прыпяці. Кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў дапамагло мне, старшыні камісіі, публіцысту, паслугачу грамадства, арганізаваць і правесці 11 сакавіка 1988 года ў Доме літаратара навукова-практычную канферэнцыю з удзелам акадэмікаў, міністраў, пісьменнікаў – прадстаўнікоў навуковай і творчай эліты Беларусі і Украіны. Я выступіў з недвухсэнсоўным дакладам «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?», разгарнуліся вострыя і зацятыя спрэчкі. Яны скончыліся тым, што к ночы таго дня міністры і акадэмікі Ліштван, Скарапанаў, якія падтрымлівалі недалужны праект выпрамлення і абвалавання ракі Прыпяць, асушэння яе поймы, развярнуліся сваёй чыннасцю на 180 градусаў і падпісалі нам ліст, у якім падтрымлівалі рэзалюцыю канферэнцыі. Рэзалюцыя ставіла крыж на аблудным праекце, і то быў яркі факт капітуляцыі генералаў ад гаспадарчай палітыкі, зацугляных, дадам тут, роднай партыяй. Разам з імі, дарэчы, моцна пацярпеў і інстытут Белгіправадгас – навуковы штаб меліяратараў. Савет Міністраў БССР літаральна праз некалькі дзён (ад той канферэнцыі) спыніў фінансаванне праекта.
Пра ўсё гэта, па-мойму, не бедна, не блякла, не сумна пададзена ў названай вышэй кнізе «Крушэнне на ростані», як, дарэчы, і пра чарнобыльскую навалу і змаганне за найменшыя страты ў чарнобыльскім ліхалецці.
Цяпер вярнуся да напісання іншых твораў.
Невялікі вопыт меў я таксама і ў драматургіі. Ідэю п'есы пра ўрачоў «Персона нон грата» падаў мне нейрахірург Мікалай Місюк, зрэшты – падаў нават больш чым ідэю. Ён сам спрабаваў стварыць драму і перадаў мне паперы з апавядальным матэрыялам і дыялогамі, але без якой бы там ні было інтрыгі, драматургіі. Я дадаў да тых старонак частку свайго матэрыялу і зрабіў вельмі надзённай п'есу (у сааўтарстве з М. Місюком), знайшоў пастаноўшчыка ў горадзе Бабруйску. Спектакль «Персона нон грата» ў 1981 г. быў пастаўлены ў Магілёўскім абласным тэатры імя В. Дуніна-Марцінкевіча, праўда, з боем, бо ягонаму паказу спрабаваў перашкодзіць мясцовы ідэолаг.
Увогуле на творчай ніве я ўсё-ткі колас позняга выспявання: доўга не ішла ў мяне чыста мастацкая проза. Яно, калі шчыра, пры маім захапленні праўдай факта, «казкай жыцця» гэтакая проза не настолькі ўжо і рупіла. Тым не менш, усё пералічанае і перажытае за гады абярнулася вопытам альбо прыступкамі ўгору да больш сур'ёзнага і магутнага па сваім духоўным напале твора – гістарычнага рамана «Надлом» (2003). Героі эпічнага палатна – лепшыя сыны і дочкі беларускага народа. Яны стаяць перад выбарам – страціць па ўласнай ахвоце свае этнічныя карані і растварыцца ў свеце шырокім альбо жыць жыццём народа і нацыі, дбаючы пра росквіт апошняй. Яны ахвяруюць сваім жыццём у барацьбе за незалежнасць нашай краіны.
У сваім першым водгуку на мой новадрук Святлана Явар даводзіла: «Раман-эпапея В. Якавенкі, падобных якому даўно не было ў беларускай літаратуры, напісаны надзвычай грунтоўна. У ім шмат мастацкіх апісанняў прыроды, душэўнага стану герояў, гістарычных падзей. Мова твора заслугоўвае асобнай увагі сваім багаццем і разнастайнасцю. Вобразы дзейных асоб атрымаліся псіхалагічна дакладнымі, праўдзівымі. Раман мае рысы і прыгодніцкага, і гістарычнага адначасова. Чытаецца ён цікава, твор гэты глыбокі і, можна сказаць, нават эпахальны». (Явар С. Высокім парыванням продкаў прысвячае. – Літаратура і мастацтва, 28.03.2003).
Потым, ужо папраўляючы і, вядома, па логіцы пісьма, зместу дадаючы сёе-тое, пашыраючы і ўдасканальваючы свой «Надлом», я заўважыў, што раздзелы твора самі па сабе распадаюцца на тры часткі. Падобнае мною зусім не планавалася, і такім трывіяльным фактам я быў не столькі абрадаваны, колькі збянтэжаны. Бянтэжыў аб'ём мастацкага палатна. Няўжо для мяне прыспеў час трылогіі?! Калі на тое, пагаджайся, Васіль-небарака, – няхай будзе трылогія «Пакутны век»... I яна неўзабаве выйшла з друку ў 2006-м.
На гэты раз у першым жа водгуку на новатвор Пётра Васілеўскі зазначыў: «Гэта манументальны аповед пра Беларусь XX стагоддзя, аб ператварэнні "тутэйшых" у нацыю. Назвы трох частак "Кабала", "Надлом" і "Гульня на згубу" даюць чытачу дакладнае ўяўленне пра эмацыянальны лад кнігі. Так, гэта драма, трагедыя. Але ўдакладню – гераічная драма, гераічная трагедыя». (Васілеўскі П. Як «тутэйшыя» сталі нацыяй. – Народная воля, 8.02.2007).
Для другога ж выдання «Пакутнага веку» (2009) аўтар яшчэ раз дапоўніў і дапрацаваў па заўвагах чытачоў і сваім разуменні гэты маштабны і, нарэшце ўжо, закончаны твор.
А вось тэма адданасці ідэалам роднай зямлі, абароны духоўных і культурных каштоўнасцей напоўніцу гучыць і ў мастацка-публіцыстычным зборніку «Нячывелле» (2008). У ім – падзеі, вобразы і характары, узятыя з грамадскай беларускай нівы апошніх дваццаці гадоў, у ім – рэцыдывы хваробы нашага культурнага і гістарычнага бяспамяцтва, дый не толькі гэта.
Скрушлівае чарнобыльскае ліхалецце, як і іншыя нягоды на бацькаўшчыне падказалі мне стаць эколагам, і я рабіў нямала высілкаў, аддаў шмат часу, уласнай энергіі раскрыццю сапраўднай радыяцыйнай сітуацыі ў краіне. Пра гэта, калі на тое, засведчыла і маё выступленне на пленуме Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве 17 студзеня 1989 года, дзе ўпершыню з высокай пісьменніцкай трыбуны на ўсю краіну (друкавалася ж у "Литературной газете") прагучала праўда пра Чарнобыль і прагучаў заклік прыцягнуць да крымінальнай адказнасці (за ўтойванне праўды і непрыняцце адэкватных мер) акадэміка Л.А. Ільіна і члена палітбюро ЦК КПСС М.Н. Слюнькова (у газеце, праўда, тое было апушчана).
Пра наш чарнобыльскі клопат сведчыць і створанае намі на патрэбу аб'яднанне – Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль». Менавіта гэтым грамадскім аб'яднаннем у Стайках пад Мінскам быў адкрыты і дзейнічаў санаторый для аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей «Кюсю-на-Свіслачы» (1991–1995), якім апекаваліся нашы японскія партнёры. І зноў жа пра поспех саюза сведчыць выпуск даволі папулярнай – не толькі ў Беларусі – газеты «Набат» (1991–1996), якую я рэдагаваў і ад шчырага, адкрытага, палымянага зместу якой у захапленні былі многія, у тым ліку і далёкі ад Чарнобыля няпросты чалавек, двойчы герой Уладзімір Бядуля, і вядомы расійскі пісьменнік Віктар Астаф'еў, пра што паведамляў наш новасібірскі карэспандэнт. Цаніў "Набат" і нярэдка друкаваў у ім свае па-грамадзянску мужныя лірычныя вершы ленінградскі паэт Міхаіл Дудзін. Дадам, што менавіта гэта газета, па словах дасведчанага чалавека, навуковага кансультанта БелСаЭС «Чарнобыль», фізіка Міхаіла Малько, зрабіла пралом у глухой сцяне дэзінфармацыі і безадказнасці савецкіх чыноўнікаў.
Каб асвятленне катастрофы нейк яшчэ больш паглыбіць, наш экалагічны саюз пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь паспяхова правёў у 1994 годзе ў школах Беларусі конкурс сачыненняў пад дэвізам «Чарнобыль у маім лёсе». Лепшыя сачыненыі, як і малюнкі дзяцей, былі адабраны і выдадзены ў зборніку «След чорнага ветру» (1995). Ужо цяпер можна прызнаць, што зборнік удаўся дасціпным і ўражлівым, яскравым і багатым на інфармацыю, і, што цікава, Янка Брыль выступіў было з прапановай вылучыць яго на Дзяржаўную прэмію. Адно ні сваёй формай, ні зместам ён не адпавядаў намінацыям, па якіх прызначаліся дзяржаўныя прэміі. Кнігу «След чорнага ветру» пераклалі і выдалі ў Японіі пад назвай «Снегавік растаяў ад маіх слёз». Кніга выдавалася таксама ў перакладзе на іншыя мовы – у Нямеччыне, нават Бразіліі, а ў Мінску – яшчэ і на англійскай мове.
Пра пэўны стваральны плён грамадскага аб'яднання нагадваюць таксама кнігі «Чернобыль. 10 лет спустя. Эссе» (на трох мовах, 1996), «Письма к живым» (зборнік лепшых публікацый газеты «Набат», 1999), «Крушэнне на ростані» (2002); як і суды – суды з чыноўнікамі і вучонымі, якія злоўжывалі сваім службовым становішчам і ўводзілі ў зман грамадства.
У маім жыцці былі і іншыя парыванні. Лёс падараваў мне знаёмства з армянскімі пісьменнікамі і ў цэлым з іх цікавым старажытным народам. Яшчэ на пачатку 80-х я напісаў грунтоўны мастацкі нарыс «Вочы Найры» пра Арменію, гісторыю краіны, яе герояў навейшага часу. Твор змешчаны ў кнігах «Дайсці да ладу» і «На что нам жизнь дана».
Каб зразумець, што дзеецца ў свеце, летам 1988 года я трапіў у армянскі горад Сцепанакерт, які тады акурат зацята і бурна мітынгаваў; я ўзяў удзел у крутых гістарычных падзеях у Нагорным Карабаху, дзе самавіты і сімпатычны тамтэйшы народ (а ў ягоным складзе пераважалі карэнныя армяне) патрабаваў уз'яднання сваёй Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці з Арменіяй.
Яшчэ калі быў там, штораз вяртаўся ў думках на Беларусь: я моцна зайздросціў нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай актыўнасці жыхароў гэтай аўтаномнай вобласці, якія паўсталі супраць вынішчэння азербайджанскімі ўладамі іх годнай і багатай культурнай спадчыны, помнікаў, армянскай асветы і самой мовы... На маёй радзіме адбываўся той жа працэс, але толькі яго чыннікамі былі ўжо не так званыя азеры, а прабальшавіцкія касмапаліты і проста нягоднікі, свае і маскоўскія. Выразна адчуваўся нацыянальны ўціск. І мы, больш адчайныя, каму балела, пісьменнікі і мастакі, складалі і пасылалі М.С. Гарбачову лісты ў абарону беларускай мовы. Нас, падпісантаў, праз пэўны час выклікалі ў ЦК КПБ на сустрэчу з «гасцямі» – маскоўскімі партыйнымі таварышамі, якія з пагражальнай энергіяй спрабавалі растлумачыць нам, што мы не разумеем палітыкі партыі. Дык ці ж не гэта спрычынілася і прывяло тады да ўтварэння ў шэрагу саюзных рэспублік апазіцыйных уладам аб'яднанняў – народных франтоў? Мая псіхалагічная і маральная падрыхтоўка, бадай, была на належным узроўні, і ўвосень 1988 года мне выпаў гонар стаць старшынёй Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». У аргкамітэт уваходзіла шмат адукаваных і прыстойных людзей, і мы дружна выпрацавалі статут і праграму БНФ, але ж праз нейкі час я вымушаны быў пакінуць аргкамітэт. 3-за разыходжанняў з маладзейшым крылом фронта (на чале з 3. Пазняком) па прынцыповых пытаннях тактыкі ў дзеяннях БНФ і па пэўных псіхалагічных матывах.
Трохі пазней, ужо ў 1994 годзе, у Маскве, у Калоннай зале Дома Саюзаў, праходзіла Міжнародная армянская асамблея. Туды запрасілі і мяне. На гэтай асамблеі шэраг пісьменнікаў з Арменіі і былых саюзных рэспублік, у тым ліку і я, былі адзначаны літаратурнай прэміяй імя Ф. Нансена – нарвежскага вучонага, даследчыка Арктыкі і абаронцы армян у 1915 годзе. Маркотна думалася зноў пра раскіданы па свеце народ Арменіі і, па-новаму, – пра Беларусь. У пакручастых лёсах армян і беларусаў нямала падобнага, тоеснага. Мы сапраўдныя пабрацімы. Толькі цяпер, ужо пад новымі штандарамі, нам самы час быў дамагацца суверэннага і шчаслівага веку, далібог, мы яго заслужылі.
Шмат хвалюючых момантаў прайшло праз сэрца. Багата чаго з перажытага трапіла ў кнігі. Толькі ж не ўсё тое, што карцела, што рупіла, удавалася. Шкада ды разам і ўцешна, бо ўдачы былі, – пэўна, былі. І – дзякаваць Богу!
Жыў і тварыў чалавек, адным словам. Ёсць спадзеў, што зробленае рана ці позна ляжа ў надмурак заснаванай і адроджанай па-новаму, а таму і шчаснай Бацькаўшчыны.
Аўтабіяграфія прадстаўлена ў 2010 г.