Дата рождения:
21.01.1928 Антонаўка, в., Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
03.02.2013
Краткая справка:
пісьменнік, аўтар зборнікаў гумарэсак і апавяданняў, кніжак для дзяцей
Имена на других языках:
Аношкин Иван Архипович (русский);
2843 символа
Справка
Іван Аношкін належыць да таго пакалення беларускіх пісьменнікаў, якіх называюць «дзеці вайны». Ён нарадзіўся ў в. Антонаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Антонаўскай школе-сямігодцы. У гады Вялікай Айчыннай вайны падлеткам трапіў у Азарыцкі лагер смерці, дзе разам з аднавяскоўцамі спазнаў усе жахі гітлераўскай акупацыі. Пасля вызвалення паступіў у Суражскае педагагічнае вучылішча (Бранская вобласць РСФСР), якое cкончыў у 1947 г. Працаваў выхавацелем Далісіцкага дзіцячага дома на Браншчыне, адказным сакратаром рэдакцыі суражскай раённай газеты «Маяк коммуны». У 1948 г. І. Аношкін пераехаў у Брэсцкую вобласць, дзе стаў загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы Жабінкаўскага раёна. Праз некаторы час быў прызначаны адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты «Ленинский путь», потым – прапагандыстам райкома партыі, карэспандэнтам абласной газеты «Заря». У 1956 г. ён cкончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ і быў накіраваны на пасаду рэдактара чавускай раённай газеты «Сацыялістычная перамога». У 1959 г. І. Аношкін пераехаў у Магілёў, дзе працаваў спачатку літаратурным супрацоўнікам, потым карэспандэнтам, з 1968 г. загадчыкам аддзела абласной газеты «Магілёўская праўда», адначасова вучыўся на завочным аддзяленні гістарычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1964 г. У 1965 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1981 па 1994 г. з'яўляўся сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення гэтага саюза. Іван Архіпавіч быў адным з заснавальнікаў у Магілёве Таварыства беларускай мовы, займаўся вяртаннем гістарычных імёнаў вуліцам горада.
У перыядычным друку І. Аношкін пачаў публікавацца з 1951 г. Ён аўтар зборнікаў гумарэсак і апавяданняў, у якіх высмейваюцца адмоўныя рысы ў характары людзей. Сярод іх – «Лішні мінус» (1959), «Брантазаўр» (1973), «Херувім з чорнымі крыламі» (1984), «Курам не да смеху» (1985), «Каханне з памялом» (2007). Аповесці І. Аношкіна ўвайшлі ў зборнікі «Старыя знаёмыя» (1963), «Землякі» (1978), «Чырвоная каліна стаяла…» (1985). Падзеі вайны адлюстраваны ў аповесці «Была вайна» (надрукавана ў 2014 г. у зборніку «Наша Победа»). Шмат твораў пісьменнік прысвяціў дзецям. Яны ўвайшлі ў кнігі «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Компас паказвае на захад» (1976), «Антонаў ясень» (1981), «Гори, наш костер» (1989), «Дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі» (1992) і інш. Творы пісьменніка былі апублікаваны таксама ў калектыўных зборніках. Пры яго актыўным удзеле былі выдадзены ў 1996–1998 гг. два зборнікі магілёўскіх аўтараў «Галасы Прыдняпроўя» і «Дняпроўскія хвалі». Пад рэдакцыяй І. Аношкіна выйшлі альманахі «Запавет нашчадкам. Завет потомкам» (2011), «Дорогами судьбы. Шляхамі лёсу» (2012).
Памёр І. Аношкін 3 лютага 2013 г.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2018 г.