Краткая справка:
бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Имена на других языках:
Ватацы Нина Борисовна (русский);
5119 символов
Справка
Вялікі ўклад у развіццё літаратурнай бібліяграфіі краіны, распрацоўку яе методыкі, даследаванне жыцця і творчасці славутага беларускага паэта М. Багдановіча ўнесла выдатны бібліёграф, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Барысаўна Ватацы.
Нарадзілася яна ў г. Вендэні Ліфляндскай губерні (цяпер г. Цэсіс, Латвія). З 1926 г. жыла ў Мінску. У 1927 г. паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, пасля заканчэння якога пачала працаваць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. У 1936 г. Ніна Барысаўна пераехала ў Архангельск, дзе працавала ў краявой бібліятэцы. Потым быў Кіраўск, Ульянаўск. У час вайны загадвала бібліятэкай эвакашпіталя ў г. Мелекесе Ульянаўскай вобласці. У 1945 г. Н. Ватацы вярнулася ў Мінск і пачала працаваць у аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, якая з гэтага часу і да апошніх дзён жыцця выдатнага бібліёграфа стала яе домам. Акрамя працы ў бібліятэцы Ніна Барысаўна займалася прафесійнай падрыхтоўкай бібліятэчных кадраў. У 1946–1956 гг. яна па сумяшчэнню выкладала на бібліятэчным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.
“Паслуговы спіс” бібліяграфічнай дзейнасці Н.Б. Ватацы шырокі і шматгранны. Друкавацца яна пачала ў 1932 г. Тады ў часопісе “Кніга – масам” з’явіўся яе артыкул, прысвечаны пытанням афармлення кніг. Першы кароткі бібліяграфічны паказальнік Ніны Барысаўны “Якуб Колас” убачыў свет у 1952 г., спачатку ў Мінску, а потым у Маскве. У 1953 г. з’явіўся паказальнік “Янка Купала”. Яе наступныя персанальныя бібліяграфічныя дапаможнікі былі прысвечаны М. Багдановічу, П. Броўку, П. Глебку, Я. Коласу, Я. Купалу, А. Куляшову, К. Крапіве і іншым беларускім пісьменнікам.
У 1957 г. у Маскве ў серыі прац Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна па прапагандзе літаратуры народаў СССР быў выдадзены рэкамендацыйны паказальнік Н.Б. Ватацы “Белорусская литература”. Значнымі вехамі ў беларускай бібліяграфіі сталі складзеныя Нінай Барысаўнай навукова-дапаможныя паказальнікі: “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі” ў двух выпусках (1962, 1971), “Беларуская савецкая драматургія” (1967) і “Беларуская драматургія” (1993), “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка” (1964). Гэтыя выданні не мелі папярэдніх прыкладаў у беларускай літаратурнай бібліяграфіі. Яны адлюстроўвалі звесткі пра кнігі на беларускай і рускай мовах пісьменнікаў Беларусі, у тым ліку надрукаваныя за межамі рэспублікі, арыгінальныя выданні анталогій, альманахаў, зборнікаў і іх перакладаў на мовы народаў СССР; драматургічныя творы, у тым ліку і не надрукаваныя, але пастаўленыя тэатрамі; літаратуразнаўчыя і крытычныя выданні і інш. Бібліяграфічныя паказальнікі Н.Б. Ватацы адрозніваліся складанай структурай. Многія з іх мелі грунтоўныя прадмовы, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя літаратуразнаўчыя працы; уключалі цэлы комплекс дапаможных паказальнікаў і былі прызначаны даследчыкам, аспірантам, студэнтам, бібліятэкарам. У 1988 г. у Маскве выйшаў рэкамендацыйны паказальнік “Белорусская литература”, складзены Н.Б. Ватацы сумесна з М. Каваленка і Р. Сіпаковай. Ніна Барысаўна рэдагавала рэтраспектыўны універсальны паказальнік “Кніга Беларусі: 1517–1917” (1986), у якім яна таксама склала ўступны артыкул да другой часткі “Выданні на беларускай мове, XIX – пачатак XX ст.”.
Н.Б. Ватацы спалучала працу ў галіне бібліяграфіі з дзейнасцю літаратуразнаўцы. Яшчэ ў 50-я гады яна пачала сістэматычна даследаваць творчасць выдатнага беларускага паэта М. Багдановіча і прысвяціла гэтай працы некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця. Сустракалася з многімі людзьмі, якія мелі дачыненне да паэта, пісала сотні лістоў у розныя куткі Савецкага Саюза, збірала рукапісныя, друкаваныя дакументы, фотадакументы. Дзякуючы яе дзейнасці ў Літаратурны музей М. Багдановіча трапілі рэдкія і унікальныя матэрыялы. Плёнам даследавання Н.Б. Ватацы сталі альбом-выстаўка “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць” (1968, разам з А. Лойкам), зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў “Шлях паэта” (1975), бібліяграфічны паказальнік твораў паэта, аўтографаў і крытычнай літаратуры аб ім “Максім Багдановіч” (1977), зборнік гісторыка-літаратурных артыкулаў “Шляхі” (1986), а таксама яе шматлікія выступленні ў перыядычным друку.
Літаратуразнаўчыя інтарэсы Н.Б. Ватацы не абмяжоўваліся зваротам да асобы М. Багдановіча. Разам з літаратуразнаўцам Н. Лапідусам яна выдала таксама цікавыя працы “Лев Толстой и Белоруссия” (1978) і “А.С. Пушкин и Белоруссия” (1979), з Я. Садоўскім склала кнігу ўспамінаў пра П. Труса, прымала ўдзел у выданні чатырохтомнага збору твораў П. Глебкі.
Праца Н.Б. Ватацы ў галіне айчыннай літаратурнай бібліяграфіі і яе літаратуразнаўчая дзейнасць былі высока ацэнены і адзначаны дзяржавай. Адной з першых сярод бібліятэчных работнікаў ёй было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР (1963). Памяці вядомага бібліёграфа былі прысвечаны праведзеныя ў 1998 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі Першыя кнігазнаўчыя чытанні. Работа па вывучэнню творчай спадчыны Н.Б. Ватацы працягваецца і сёння.