Дата рождения: 20.06.1928 Чыкалавічы, в., Брагінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 14.02.2014
Краткая справка: жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987)
Варианты имени: Вашчанка Гаўрыіл
Имена на других языках: Vashtchanka Gauryla Kharytonavitch (английский); Ващенко Гавриил Харитонович (русский);
Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка належыць да таго пакалення беларускіх мастакоў, творчасць якіх сфарміравалася ў пасляваенныя гады. На сваіх палотнах, выкананых з высокім прафесійным майстэрствам, ён адлюстраваў успаміны дзяцінства, прыгажосць беларускай прыроды, гістарычнае мінулае і сучаснасць нашай краіны.
Нарадзіўся Г. Вашчанка ў в. Чыкалавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Ён рана застаўся без бацькі, які быў арыштаваны ў 1937 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і старэйшым братам знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. У 1945 г. паступіў у Кіеўскае вучылішча прыкладнога мастацтва. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаў сваіх педагогаў – вядомую мастачку Т. Яблонскую (выкладала жывапіс) і прафесара М. Прахава (чытаў гісторыю мастацтваў). У 1948 г. Г. Вашчанка скончыў вучылішча і пачаў працаваць мастаком на кінастудыі імя А. Даўжэнкі. У 1949 г. стаў студэнтам факультэта манументальнага жывапісу Львоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Вучыўся ў вядомых мастакоў Р. Сельскага,
І. Гутарава, І. Бакшая. У 1955–1960 гг. выкладаў у Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы ў Кішынёве. Педагагічную работу сумяшчаў з творчай: пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты, працаваў у манументальным мастацтве (у Маскве займаўся аздабленнем аднаго з павільёнаў Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР). Вясной 1956 г. у Кішынёве адбылася першая персанальная выстаўка Г. Вашчанкі. У 1957 г. ён быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР. У гэтым жа годзе стаў лаўрэатам фестывалю моладзі і студэнтаў Малдаўскай ССР. У 1960 г. мастака ўзнагародзілі медалём «За трудовую доблесть». У 1960 г. Г. Вашчанка ўдзельнічаў у рабоце з’езда беларускіх мастакоў, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з вядомым жывапісцам
У. Стальмашонкам. Па яго запрашэнні ў 1961 г. прыехаў у Мінск і пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (з 1991 г. Беларуская акадэмія мастацтваў). Ён узначальваў кафедру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (1961–1963), у сувязі з яе рэарганізацыяй кіраваў майстэрняй пры кафедры жывапісу (1966–1975), потым загадваў кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (1975–1995). У 1965 г. Г. Вашчанка стаў дацэнтам, у 1980 г. прафесарам. Ён унёс вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі, падрыхтаваў больш за 200 мастакоў, многія з якіх сталі вядомымі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.
У першыя гады жыцця ў Беларусі Г. Вашчанка пісаў пераважна пейзажы і нацюрморты. У яго карцінах «Хлеб» і «Цыкламены» (1966, за апошнюю ў 1969 г. атрымаў бронзавы медаль ВДНГ СССР), «Няміга» (1967), «Яблынька» (1968) адчуваўся добры густ, пачуццё колеру, уважлівае стаўленне да кампазіцыі. Значнае месца ў творчасці мастака займала тэма Палесся. Карціны «Палеская песня» (1968), «Сакавік» (1973), «Над Прыпяццю» (1988), «Дзедавы млын» (1996) і іншыя вылучаюцца выразнасцю, адпрацаванай перспектывай, ураўнаважанасцю фігур, абагульненасцю вобразаў, здзіўляюць тонкай жывапіснай мелодыкай, адметным колерам. У 1975 г. за палотны «Маё Палессе» (1971), «Нафтавікі Палесся» (1973), «Мацярынскія крылы» (1975)
Г. Вашчанка быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР. Падзеям Вялікай Айчыннай вайны, перажытай мастаком у дзяцінстве, прысвечаны карціны «Ад Савецкага інфармбюро» і «Непакораная» (1967), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М. Грэкава, 1975), «Прарыў» (1982) і інш. За апошняе палатно, а таксама за карціны «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982) Г. Вашчанка атрымаў у 1984 г. Дзяржаўную прэмію БССР. У карцінах «Бяда» (1989), «Радыяцыя» (1990), «Зорка Палын» (1996), «Чарнобыльскі рэквіем» (1998), «26 красавіка» (2001), «Развітанне» (2002) і іншых Г. Вашчанка перадаў драматычныя падзеі чарнобыльскай катастрофы. Гістарычнаму мінуламу нашай краіны і яе знакамітым асобам мастак прысвяціў наступныя палотны: трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Грунвальдская бітва» (1985), «Нашчадкам» (1990–1995), «Каралева Бона» (1997), «Шляхецкая годнасць» і «Канстанцін Асторожскі» (1998), «Адраджэнне» (1999), «Прывіды Гальшанскага замка» (2000), «Легенда Нясвіжа» (2001), «Леў Сапега ў Гальшанах» (2002), «Князь Чарадзей» (2006) і інш. Напісаў таксама партрэты асветнікаў Е. Полацкай, К. Тураўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, першадрукара Ф. Скарыны, пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, В. Быкава, У. Караткевіча, дзеячаў культуры М. Пташука, У. Пракапцова, У. Мулявіна і інш. Яны вылучаюцца не павярхоўным знешнім падабенствам, а тым, што раскрываюць глыбінную сутнасць асобы. Гаўрыла Вашчанка мастак шырокага творчага дыяпазону. У карцінах «Опус 37» (1993), «Тэатр абсурду» (1997), «Катарсіс» (2000) ён выступае як удумлівы мысліцель, які перажывае пра лёс грамадства. Філасофскімі роздумамі аб тайнах быцця напоўнена серыя палотнаў «Крылы» (1994). Рэлігійнай тэме прысвечаны жывапісныя творы «Дыялогі» (1995), «Маленне аб чашы» (1999), «Збавіцель (Мір уваходзячаму)» (1999–2001), «Анёл» і «Чаша» (2006), «Тайна Гефсіманскага саду» (2009) і інш. Яны выхоўваюць у чалавеку глыбокую маральнасць, духоўнасць, дабрачыннасць і прыгажосць. З асаблівай сілай праявіўся талент Г. Вашчанкі ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Маштабнасць задумы, цэльнасць, гуманізм, дакладная сістэма фарміравання прасторы вылучае мазаічнае пано мастака «Палёт» (1963, Палац культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску) і манументальныя размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка ў Мінску), вітражы ў Доме кіно (1971–1974, цяпер касцёл Святога Сымона і Святой Алены) і ў кінатэатры «Масква» (1980, у суаўтарстве з М. Вашчанкам) у Мінску. Манументальнымі работамі, выкананымі ў тэхніцы энкаўстыкі, сталі пано для аэрапорта «Мінск-2» (карціны «Палессе», «Наваградчына», «Раўбічы» і «Сынкавічы», 1988) і для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі («Над Сожам», «Памяць», «Святыні» і «Храм-крэпасць», 2007).
У 1977 г. Г. Вашчанку было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, у 1988 г. народнага мастака Беларусі. У 1995 г. яго ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны. У 2013 г. выбралі ганаровым грамадзянінам Гомеля. Міжнародны біяграфічны цэнтр Кембрыджа прысудзіў Г. Вашчанку званні «Чалавек года – 92», «Чалавек ХХ стагоддзя» (1993), Амерыканскі біяграфічны інстытут – званне «Чалавек года – 94». Творы Г. Вашчанкі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва, Нацыянальным мастацкім музеі Малдовы, Нацыянальным мастацкім музеі Балгарыі, у фондах Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў, Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, прыватных калекцыях. У 2002 г. у Гомелі была адкрыта «Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі». Для яе заснавання мастак перадаў некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў, акварэлей і эскізаў манументальных работ.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.