На прынцыпах народнай маралі – шчырасці, дабрыні, спагадзе – заснавана творчасць беларускага паэта, аўтара шаснаццаці выдадзеных пры яго жыцці кніг для дарослых і дзяцей Анатоля Сямёнавіча Грачанікава.
Нарадзіўся Анатоль Сямёнавіч у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і служачага. Атрымаў тэхнічную адукацыю: скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі. Працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе, быў інструктарам, а пасля – намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола, узначальваў Гомельскі гарком камсамола. У 1969 г. А. Грачанікаў закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, рэдагаваў часопісы “Вясёлка” і “Бярозка”. Апошнія гады ўзначальваў часопіс “Маладосць”.
Свой першы верш “Мара” А. Грачанікаў надрукаваў у 1957 г. у газеце “Чырвоная змена”, а ў 1964 г. з’явіўся яго першы зборнік “Магістраль”, назва якога была цесна звязана з прафесіяй паэта. У ім паэтызуецца праца машыніста, імклівы рух цягніка, “трудны перагон”. Разам з “чыгуначнымі” вершамі ў зборнік увайшлі і вершы пра вайну.
Наступны зборнік паэта “Круглая плошча” (1971) пабачыў свет толькі праз сем год. Яго склалі вершы, напісаныя ў час вучобы ў Маскве і потым у Мінску. Вершы гэтыя адлюстравалі сталенне таленту паэта. Паглыбілася філасафічнасць, псіхалагізм, эмацыянальная сіла яго паэзіі. Наступныя зборнікі А. Грачанікава пачалі выходзіць праз кожныя два гады: “Грыбная пара” (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), “Начная змена” (1975), “Дрэва на выспе” (1977), кніга выбранай лірыкі “Калі далёка ты…” (1979). Сапраўдным узлётам творчасці паэта стаў яго зборнік вершаў і паэм “Палессе”, за які, а таксама за кнігі “Валерка і лятаючая талерка” і “Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара” А. Грачанікаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984. У 80-я гады выйшлі зборнікі паэта “Жывая вада” (1985), “Я вас люблю…” (1986), “Зорны палёт” і “Школа танцаў” (1988). Творчасць гэтага перыяду прасякнута светлымі, радаснымі матывамі, аптымістычнай верай у лепшыя якасці чалавека, ва ўсемагутнасць кахання. Апошні прыжыццёвы зборнік А. Грачанікава “Жнівень-45” (1990) змяшчае творы, якімі паэт адгукнуўся на пачатак перабудовы і чарнобыльскую бяду.
Скразнымі тэмамі ў творчасці А. Грачанікава былі: абпаленае вайной дзяцінства, Радзіма, роднае Палессе. Вайна, убачаная вачыма дзіцяці, гучыць у яго вершах “Урок арыфметыкі”, “Экскурсія”, “Жнівень сорак пятага года”, у баладах “Снежная блакада”, “Вяртанне бежанцаў”, “Крывавая балада”, у паэме “Сонечны звон” і інш. Паэт апявае зямлю бацькоў, любае сэрцу Палессе, паэтызуе сялянскую працу, быт, саміх вяскоўцаў (вершы “Жыццё Мацвея”, “У дзядзькі Івана трухлявая хата…”, “Латарэйны білет” і інш.). У вершы “Зямля бацькоў!..” ён гаворыць:
Зямля бацькоў!
Зямля маёй надзеі,
Зеленакрылы салаўіны кут…
Так хораша сябе
Не адчуваў нідзе я,
Нідзе так цяжка
Не было, як тут.
Праўдзівыя карціны палескага жыцця стварыў А. Грачанікаў у паэме “Палескі трохкутнік”. Гэта твор пра працавітых і шчырых людзей. І хаця ён грунтуецца на фантастычнай гісторыі аб тым, як іншапланецяне забралі на сваю планету калгаснага вартаўніка Яўхіма, дзеянне ў творы разгортваецца не ў сузор’і Лебедзя, а ў “палескім трохкутніку”, які злучае Гомель, Лоеў і Рэчыцу. У зборніках паэта шмат пейзажных, прыродаапісальных вершаў, такіх як “Адкаласіўся дзень”, “Асенні вецер”, “Асенняя музыка траў”, “Нарачанскія сосны”, “Як ападае ліст”. Як сапраўднае свята малюе паэт час цвіцення бульбы (“А вось і бульба зацвіла…”), стварае карціну начнога Сожа восенню (“Сож”), цудоўна апісвае возера ў час летняй навальніцы:
А недзе гром ужо хадзіў
На мяккіх лапах злосным зверам.
Ён возера пазалаціў
На міг. А потым цёмна-шэрым
Зрабіў яго. І вецер змоўк.
І азярына за кустамі
Дрыжыць, разлапіста, як воўк,
Як воўк, загнаны ганчакамі.
“Летняя навальніца”
Багата прадстаўлена ў творчасці А. Грачанікава лірыка кахання. Асабліва паэтычна гучыць яна ў вершах: “Ты не мая”, “Так яшчэ не было”, “Сентыментальны раманс”, “Калі далёка ты”, “Экспрэсія”, у цыкле “Актавы кахання”.
Агні кахання – вечныя агні.
Без іх – у чалавецтва лёс сірочы.
Нам свецяць сонца, зоры з вышыні,
Але ярчэй – святло душы жаночай,
– пісаў паэт у гэтым цыкле. Гарэзлівы верш А. Грачанікава “Дударыкі”, пакладзены на музыку І. Лучанком, стаў адной з папулярнейшых беларускіх песень. Нямала выдатных песень напісана беларускім кампазітарам і на іншыя творы паэта.
А. Грачанікаў выступаў у друку і як літаратурны крытык. Працаваў у галіне мастацкага перакладу. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін. Разам з Э. Агняцвет ён пераклаў зборнік паэзіі народнай паэтэсы Узбекістана Зульфіі “Такое сэрца ў мяне”; для дзяцей – вершы сучасных афганскіх паэтаў (зборнік “Ватан – значыць Радзіма”) і М. Пацхішвілі “Рагатун і рагатуха”. Пра папулярнасць паэзіі А. Грачанікава сведчыць і тое, што яго творы былі перакладзены на дваццаць адну мову народаў свету.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.