Дата рождения: 17.02.1928 Вадзяціна, в., Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти: 30.04.2014
Краткая справка: пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1992)
Имена на других языках: Домашевич Владимир Максимович (русский);
Уладзімір Дамашэвіч увайшоў у беларускую літаратуру ў канцы 1950-х гг. Яго шлях як мастака слова быў няпросты: ад першых эмацыянальна-пачуццёвых, з выразнай маральнай зададзенасцю апавяданняў і аповесцей да моцных сваім сацыяльна-публіцыстычным зместам раманаў.
Нарадзіўся У. Дамашэвіч у в. Вадзяціна Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям'і. З сямі гадоў вучыўся ў польскай пачатковай школе. У 1948 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Пасля заканчэння (1953) быў накіраваны на працу ў Вучэбна-педагагічнае выдавецтва БССР у якасці рэдактара. У пачатку 1957 г. перайшоў у рэдакцыю мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1962 г. У. Дамашэвіч стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Некаторы час з'яўляўся супрацоўнікам Беларускага радыё (1965), быў рэдактарам выдавецтваў «Народная асвета» (1965–1967) і «Мастацкая літаратура» (1977), працаваў літработнікам у часопісе «Полымя» (1967–1972). Найбольшую вядомасць як самабытны пісьменнік, а таксама як літаратурны настаўнік моладзі, У. Дамашэвіч набыў у часопісе «Маладосць», дзе працаваў у 1973–1977 і 1978–1988 гг. Ён адкрыў чытачам сотні імёнаў беларускіх празаікаў розных пакаленняў. Дзякуючы У. Дамашэвічу, на старонках «Маладосці» ўпершыню з'явіліся некаторыя творы В. Быкава і У. Караткевіча.
Першае апавяданне пісьменніка «Трэці лішні» было надрукавана ў сакавіцкім нумары часопіса «Маладосць» у 1958 г. У ім закранаецца тэма нешчаслівага кахання, вызначаецца ступень адказнасці чалавека за свае ўчынкі. Наступныя творы «малой» прозы – «Заклінаю ад кулі» (1959), «Звяруга» (1960), «Дзявочая клятва» (1961) – розныя па тэме і змесце, аднак іх аб'ядноўвае імкненне аўтара адлюстраваць характар чалавека як сацыяльны тып. У 1962 г. з'явілася першая аповесць У. Дамашэвіча «Між двух агнёў», дзе аўтар даследуе паводзіны і ўчынкі розных людзей у цяжкі драматычны час ваеннага ліхалецця. Ваеннай тэматыцы прысвечаны таксама шэраг апавяданняў, у якіх расказваецца пра духоўную веліч простага чалавека. Найбольш цікавым сярод іх з'яўляецца «Першая група крыві» (1967), дзе пісьменнік стварыў яркі вобраз простага савецкага салдата. У 1975 г. была напісана яшчэ адна аповесць «Порахам пахла зямля», у аснове якой расказы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сястры героя Савецкага Саюза Марата Казея Арыядне У. Дамашэвіч прысвяціў аповесць «Кожны чацвёрты» (1983), якая стала адной з лепшых у творчасці пісьменніка. У параўнанні з папярэднімі творамі аб вайне ў гэтай аповесці аўтар удзяліў вялікую ўвагу ўнутранаму стану персанажаў, іх адносінам з навакольным светам. Жыццё, поўнае драматызму і пастаяннага напружання, з высокім імкненнем да самасцвярджэння – вось сутнасць мастацкага свету, увасобленага аўтарам у творы.
У 1986 г. з друку выйшла дакументальная аповесць У. Дамашэвіча, напісаная разам з У. Сазановічам, «Першым заўсёды цяжка». Гэты твор, прысвечаны дзейнасці камсамольцаў-падпольшчыкаў Клецкага раёна, па глыбіні псіхалагічнага адлюстравання, ідэйнай накіраванасці, патрыятычным пафасе набліжаецца да хрэстаматыйнага ў савецкай літаратуры рамана А. Фадзеева «Маладая гвардыя». У ім расказваецца пра юнакоў і дзяўчат, якія ўздымаюцца на барацьбу з ворагам і, прайшоўшы праз нечалавечыя пакуты і выпрабаванні, гінуць за Радзіму.
Паралельна з ваеннай тэматыкай у літаратурнай дзейнасці У. Дамашэвіча шырока прадстаўлены творы, прысвечаныя мірнаму жыццю. У цэнтры яго аповесці «Студэнты апошняга курса» (1965), напоўненай святлом юнацкага кахання, паказана жыццё моладзі. Галоўным героем твора з'яўляецца памяркоўны малады чалавек, які адводзіў сабе ролю коласаўскага А. Лабановіча, настаўніка, асветніка, «сейбіта вечнага». У 1968–1969 гг. У. Дамашэвіч напісаў раман «Камень з гары», які быў надрукаваны толькі праз 20 гадоў (1990 г.). Па-грамадску страсна ў ім гучыць голас аўтара ў абарону сапраўднай літаратуры, беларускай мовы. На яго думку, чалавек, які адарваўся ад сваіх каранёў, ад роднай глебы, усяго нацыянальнага, ператворыцца ў «перакаці-поле». Аповесць «Німфа», якая выйшла ў 1977 г., тэматычна паўтарыла «Студэнтаў апошняга курса». У ёй аўтар зноў даследуе духоўны свет маладых людзей, маральна-этычныя тэмы сучаснасці. Тэма сямейных адносін раскрываецца ў многіх творах У. Дамашэвіча, сярод якіх вылучаюцца апавяданні «Падаць руку» (1967), «Паездка ў мінулае (1977), «Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў» (1998). У іх аўтар сцвярджае, што не толькі ў экстрэмальных умовах вайны праяўляецца сутнасць чалавечага характару, яго духоўнае і маральнае аблічча, але і ў звычайным жыцці. Сучаснікам пісьменніка прысвечаны таксама апавяданне «Крайняя авечка» (2004), аповесці «Доля – пустацвет» (2004) і «Дзённікавыя нататкі» (2007), раман «На мяжы цярпення» (2007). Усе гэтыя творы апублікаваны ў перыядычным друку.
На працягу ўсёй творчасці У. Дамашэвіч звяртаўся да тэмы Заходняй Беларусі – сваёй малой радзімы. Менавіта яна, на думку аўтара, заўсёды з'яўляецца невычэрпнай крыніцай маральнай чысціні і высокай духоўнасці чалавека. Яшчэ ў ранніх творах «Начныя страхі» (1964) і «Ямы на дарозе» (1965) ён звяртаўся да адлюстравання жыцця ўсходніх крэсаў. У 1980 г. была напісана аповесць «А ружы засталіся ў Лані», дзе пісьменнік зноў закрануў праблему малой радзімы. Гэты твор з'яўляецца адным з самых лірычных у прозе пісьменніка. Падзеям верасня 1939 г., калі заходняя частка Беларусі аб'ядналася з усходняй, прысвечаны гістарычны раман «Не праспі сваю долю» (1993). Дзяржава і асоба, дзяржава і народ – асноўныя яго тэмы. Аўтар намагаецца пранікнуць у філасофію вызваленчага руху народа, хоча зразумець яго ўнутраны сэнс.
Творы У. Дамашэвіча, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь (1992), лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1992), вызначаюцца гістарычнай праўдзівасцю, мастацкім асэнсаваннем дакументальных фактаў, эпічным адлюстраваннем рэчаіснасці, сакавітай беларускай мовай. Яны вучаць дабраце, шчырасці, сумленнасці, згодзе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.