Краткая справка:
вучоны-археолаг, гісторык, педагог, аўтар першага ў краіне падручніка "Археология Белоруссии" (1965), заслужаны работнік адукацыі Беларусі, ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР "За выдатныя поспехі ў працы"
Имена на других языках:
Загорульский Эдуард Михайлович (русский);
4689 символов
Справка
Значны ўклад у стварэнне і развіццё беларускай археалагічнай школы ўнёс таленавіты вучоны і педагог Эдуард Міхайлавіч Загарульскі, імя якога вядома шырокаму колу даследчыкаў не толькі нашай краіны, але і замежжа.
Нарадзіўся ён у г. Тула ў сям’і ваеннаслужачага. У 1947–1953 гг. вучыўся на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння пераехаў у Мінск. У 1954 г. паступіў у аспірантуру аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, якую скончыў у 1957 г. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у сектары археалогіі гэтага ж інстытута. Абараніўшы дысертацыю на тэму «Древний Минск: (историко-археологический очерк)», стаў у 1963 г. кандыдатам гістарычных навук. У 1984 г. Э.М. Загарульскі абараніў дысертацыю на тэму «Древняя история Белоруссии» на атрыманне вучонай ступені доктара гістарычных навук. З 1962 г. працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ), займаючы паслядоўна пасады ад выкладчыка да прафесара (1986) і дэкана гістарычнага факультэта (1986–1991). У 1973 г. па ініцыятыве Э.М. Загарульскага адкрыта кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін, якой ён кіраваў да 1997 г. З 1998 г. да 2015 г. з’яўляўся прафесарам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ.
Навуковыя інтарэсы Э.М. Загарульскага звязаны з вывучэннем пытанняў археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, праблем этнагенезу славян і іх прарадзімы, гісторыі гарадоў. У аснову дзейнасці пакладзены вынікі яго ўласных палявых пошукаў, якія ён праводзіў у розных рэгіёнах Беларусі звыш 30 гадоў, узначальваючы археалагічныя экспедыцыі БДУ. Аўтарытэт вучонаму прынеслі даследаванні старажытнага Мінска, раскопкамі якога Э.М. Загарульскі кіраваў у 1958–1961 гг. Ён дэталёва прааналізаваў абарончыя ўмацаванні старажытнага горада, яго планіроўку і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсходняй часткі замчышча. Вынікі гэтай карпатлівай і вялікай работы падведзены ў фундаментальнай працы «Древний Минск» (1963), у далейшым дапоўнены ў манаграфіі «Возникновение Минска» (1982), якая стала ўзорам крыніцазнаўчага аналізу раннефеадальнага горада. На працягу 1976–1985 гг. Э.М. Загарульскі даследаваў старажытны замак у Вішчыне. Пры раскопках выяўлены ўнікальны для Беларусі грашова-рэчавы скарб XII–XIII стст. У працэсе работы над гэтым помнікам былі зафіксаваны рэшткі абарончых канструкцый, жылыя і вытворчыя пабудовы, шматлікія знаходкі, якія характарызавалі жыццё і побыт насельніцтва замка. Вынікі вывучэння помніка змешчаны ў манаграфіі «Вищинский замок, XII–XIII вв.» (2004). Займаючыся праблемамі паходжання і ранняй гісторыі славян, ён у сваіх работах распрацаваў і абгрунтаваў арыгінальныя канцэпцыі славянскага этнагенезу, а таксама разгледзеў пытанні балта-славянскага ўзаемадзеяння ў беларускім рэгіёне жалезнага веку. Істотна папоўнілі базу даных гэтага перыяду раскопкі гарадзішчаў Кісцяні (Гомельская вобласць), Гарадзішча, Малышкі (Мінская вобласць). Таксама даследаваў гарады Рагачоў, Заслаўе, Копысь, Свіслач, Стрэшын і іншыя, замкі і курганныя могільнікі. Славянская праблематыка знайшла адлюстраванне ў работах «Древняя история Белоруссии: очерки этнической истории и материальной культуры (до IX в.)» (1977), «Славяне: происхождение и расселение на территории Беларуси» (2012) і «Белая Русь с середины I тысячелетия до середины XIII века» (2014).
Эдуард Міхайлавіч Загарульскі з’яўляецца аўтарам 14 манаграфій і больш за 100 навуковых і энцыклапедычных артыкулаў. Ён прымаў актыўны ўдзел у напісанні шэрага калектыўных работ. Сярод іх – «История Белорусской ССР» у 2 т. (т. 1, 1961), «Гісторыя Беларускай ССР» у 5 т. (т. 1, 1972), «Гісторыя сялянства Беларусі» (1997) і інш. Вучоны з’яўляецца аўтарам першага ў краіне вучэбнага дапаможніка «Археология Белоруссии» (1965), які да цяперашняга часу застаецца базавым для распрацоўкі лекцыйных курсаў і падрыхтоўкі дыпламаваных спецыялістаў. Кнігамі «Историческое краеведение Белоруссии» (1980, у суаўтарстве), «Заходняя Русь, IX–XIII стст.» (1998) і зараз карыстаюцца студэнты гістарычных факультэтаў ВНУ. Па падручніках Э.М. Загарульскага займаліся і займаюцца вучні сярэдніх школ.
Доўгі час вучоны быў членам прэзідыума Беларускага фонду культуры, з’яўляўся членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. За заслугі ў галіне навукова-педагагічнай дзейнасці ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР «За выдатныя поспехі ў працы», ганаровымі граматамі. У 1996 г. Э.М. Загарульскаму прысвоена званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», а ў 2011 г. – «Заслужаны работнік БДУ».