Дата рождения: 25.12.1918 Багушэўск, г. п., Сенненскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: 27.05.1997
Краткая справка: актрыса, народная артыстка Беларусі, уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка"
Имена на других языках: Конопелько Зинаида Игнатьевна (русский);
Адной з яркіх прадстаўніц Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа была Зінаіда Ігнатаўна Канапелька. За сваё доўгае сцэнічнае жыццё актрыса стварыла больш за 200 вобразаў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд беларускага тэатральнага мастацтва, прынеслі ёй заслужаную павагу шматлікіх гледачоў не толькі ў краіне, але і за яе межамі.
Нарадзілася яна ў г. п. Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. У 1934 г. пасля заканчэння школы паступіла ў тэатральную студыю Другога Беларускага Дзяржаўнага тэатра (БДТ-2). Яе настаўнікамі былі таленавітыя майстры сцэны – А. Ільінскі, Ц. Сяргейчык, П. Малчанаў, А. Радзялоўская, Я. Глебаўская і інш. Яшчэ навучэнкай Зінаіда Канапелька выступала ў масавых сцэнах, выконвала маленькія эпізадычныя ролі. У 1938 г. скончыла студыю, была залічана ў трупу тэатра, у якім працавала да канца жыцця. У 1954 г. ёй прысвоена званне заслужанай артысткі БССР, а ў 1972 г. – народнай артысткі БССР. У 1989 г. актрыса стала ганаровым грамадзянінам Віцебска.
Зінаіда Ігнатаўна Канапелька – выканаўца лірыка-драматычных і вострахарактарных роляў. Творчасць актрысы адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатральнай формы пры дакладнай псіхалагічнай распрацоўцы характараў. Яе гераіням уласцівы аптымізм, светлае, паэтычнае ўспрыманне жыцця нават у яго драматычныя моманты. Адны з іх – лірычныя, апаэтызаваныя, узнёслыя, другія – эксцэнтрычныя, парадаксальныя, кантрасныя. Першай значнай роляй З. Канапелькі на прафесійнай сцэне стала Кацярына Сэйдль у «Атэстаце сталасці» У. Фадора, якая вызначалася сваім тэмпераментам, абаяннем і асабліва характарам.
У час Вялікай Айчыннай вайны калектыў тэатра быў эвакуіраваны. У 1944 г. пасля доўгага перапынку першы пасляваенны тэатральны сезон адкрыўся спектаклем «Несцерка» В. Вольскага, дзе актрыса з тонкім лірызмам увасобіла вобраз Насці. Гераіня З. Канапелькі – натура моцная, здольная адстойваць сваё права на каханне, надзеленая непадробным пачуццём гумару. Разам з тым зачароўвала маладосцю, кранала душэўнасцю і ўменнем спачуваць іншаму. Зінаіда Канапелька выканала ролю, у якой раскрыўся яе талент як актрысы лірыка-драматычнага плана. У пачатку творчай дзейнасці рэпертуар пераважна складалі маладыя гераіні. Запамінальнымі сталі вобразы Галі («Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага), Насці Вярбіцкай, Вікці («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К. Крапівы), Дуні («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча) і інш. Роля Ганны («Машэка» В. Вольскага) дапамагла выявіць не толькі вакальны талент актрысы, але і яе моцны тэмперамент. Набыты вопыт, прафесіяналізм, мноства сыграных роляў вывялі З. Канапельку ў склад вядучых майстроў сцэны. З найбольшай паўнатой драматычны талент актрысы раскрыўся ў нацыянальным рэпертуары. Яркімі, вострахарактарнымі сталі ролі простых жанчын (Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал», «Верачка» А. Макаёнка), Ягадка, Загуменная («Амністыя», «Мудрамер» М. Матукоўскага), Міхаліна («Трывога» А. Петрашкевіча), Ганна Ціханаўна («Блытаныя сцежкі» К. Крапівы)), у якіх арганічна спалучаліся рысы драматычныя і камічныя, псіхалагічныя і фарсава-гратэскавыя. З глыбокім драматызмам стварыла вобраз Лявоніхі ў спектаклі «Лявоніха» П. Данілава. Яна з вялікім майстэрствам, пераканаўча, праўдзіва паказала трагізм паднявольнай жаночай долі. Сярод іншых роляў беларускіх жанчын, надзеленых народнымі самабытнымі рысамі, вылучаюцца Ганна («На крутым павароце» К. Губарэвіча), Аксіння, Вольга («Крыніцы», «Снежныя зімы» паводле І. Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К. Чорнага, «Парог» А. Дударава). Яны былі то строгімі і патрабавальнымі, то спагадлівымі і чулымі, то мудрымі і цярплівымі. Зінаіда Канапелька паспяхова выступала і ў складаным класічным рэпертуары, што стаў для яе выдатнай школай прафесійнага майстэрства, значна пашырыў творчы дыяпазон. Спачатку іграла ролі маладых гераінь, розных па характары і душэўных парываннях. Машанька («Бяда ад пяшчотнага сэрца» У. Салагуба), Паліксена і Параша («Праўда – добра, а шчасце лепш», «Гарачае сэрца» А. Астроўскага) – пры ўсёй адметнасці іх яднала вялікая сіла кахання, якое акрыляла, дапамагала перамагчы ўсе жыццёвыя перашкоды. Як актрысу З. Канапельку больш вабілі характары моцныя, валявыя, дзейсныя: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычаў і іншыя» М. Горкага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М. Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У. Маякоўскага) і інш. У замежным рэпертуары ёю створаны шматгранныя вобразы лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф. Шылера), Ганерыллі («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Састраты («Мандрагора» Н. Макіявелі), якія набліжалі да галоўнай класічнай ролі – каралевы Лізаветы («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера). Актрыса псіхалагічна тонка даносіла душэўную раздвоенасць сваёй гераіні. Пазбягала спрошчанай характарыстыкі. Знешне яе Лізавета выглядала вельмі прывабнай. Вонкавы воблік дапаўнялі разумны, пранізлівы позірк, ганарліва ўзнятая галава, велічная постаць. Гэта роля сведчыла пра высокі ўзлёт драматычнага таленту актрысы. Таксама яна знялася ў мастацкіх стужках «Жыві, родная Беларусь!» (1944), «Алімпіяда» (1989).
Шмат роляў, розных па сваёй мастацкай вартасці, давялося ўвасобіць З. Канапельцы. Нягледзячы на аднатыпнасць, падобнасць сцэнічных характараў, у кожным з іх актрыса шукала чалавечую адметнасць. Вельмі часта ёй удавалася зрабіць жывым і непадробным не толькі галоўны, але і эпізадычны персанаж. У кожную працу выканаўца ўносіла штосьці ад сваёй індывідуальнасці, ад уласнага мастакоўскага разумення жаночага характару. Пры гэтым не мела значэнне, станоўчую ці адмоўную ролю яна іграла, – ёй важна было раскрыць сутнасць вобраза.
Зінаіда Ігнатаўна адначасова з творчай дзейнасцю займалася грамадскай. Выбіралася кандыдатам у члены Віцебскага абкама КПБ, дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета, была членам таварыства «Веды». Яна ўзнагароджана ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны, «За доблесную працу», «За працоўную адзнаку», «Ветэран працы». У 1994 г. актрыса атрымала вышэйшую ўзнагароду Беларускага саюза тэатральных дзеячаў – прыз «Крыштальная Паўлінка». У Віцебску на доме, дзе жыла З. Канапелька, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.