Дата рождения:
03.11.1914 Мазалава, в., Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
20.12.1943
Краткая справка:
пісьменнік
Имена на других языках:
Леванович Павел Антонович (русский);
2218 символов
Справка
Творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, займае асаблівае месца ў гісторыі беларускай літаратуры XX ст. Некаторыя з іх зрабіліся вядомымі яшчэ ў даваенны час. Сярод загінуўшых былі і вельмі маладыя творчыя людзі – тыя, хто толькі пачынаў літаратурны шлях. Да іх адносіцца і Павел Левановіч, адзін з прадстаўнікоў даваеннага пакалення беларускіх літаратараў.
Нарадзіўся ён у в. Мазалава Мсціслаўскага павета (цяпар Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Мсціславе. Вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У верасні 1939 г. удзельнічаў у вызваленні Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі. Пасля дэмабілізацыі працягваў вучобу ў БДУ (скончыў універсітэт у 1940 г.). Працаваў у часопісе “Іскры Ільіча”. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у Крычаўскі лагер для ваеннапалонных. Праз некаторы час уцёк адтуль. Наладзіў сувязь з партызанамі і Мсціслаўскім падполлем. У кастрычніку 1943 г. быў прызваны ў Савецкую армію. Удзельнічаў у баях, быў цяжка паранены. Памёр ад ран 20 снежня 1943 г. Пахаваны ў брацкай магіле на вайсковых могілках у в. Старына Горацкага раёна. Імем пісьменніка названа адна з вуліц г. Мсціслава.
Вершы, апавяданні і нарысы П. Левановіча пачалі з’яўляцца ў 1934 г. у газетах “Чырвоная змена”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісах “Полымя рэвалюцыі” і “Іскры Ільіча”. Выступаў як публіцыст у друку. У артыкулах пісаў пра першыя крокі новага жыцця ў Заходняй Беларусі, асвятляў пытанні мастацтва, расказваў аб творчых дасягненнях акцёраў. У 1938 г. выйшла кніга апавяданняў для дзяцей “Дружба”, у якой П. Левановіч паказаў сябе выдатным знаўцам дзіцячай псіхалогіі. Не ўсё, што ён напісаў, захавалася. У 1940 г. быў падрыхтаваны да друку другі зборнік апавяданняў, але рукапіс згарэў у гады вайны. Пошукамі творчай спадчыны пісьменніка ў сярэдзіне 60-х гг. займаўся літаратар Г. Юрчанка. Вынікі яго паездкі на Мсціслаўшчыну значнага плёну не прынеслі, але і тое, што пакінуў П. Левантовіч у гісторыі беларускай літаратуры, заслугоўвае пільнай увагі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. УК “Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна”.