Краткая справка:
кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1969), прэміі Ленінскага камсамола (1972), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), Міжнароднай прэміі прафсаюзаў (2001), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2007), кавалер ордэнаў "Знак Пашаны", Дружбы народаў, Ф. Скарыны, ордэна Айчыны І ступені (2014), уладальнік медаля ЮНЕСКА "5 кантынентаў" (2016)
Имена на других языках:
Лученок Игорь Михайлович (русский);
4623 символа
Справка
Ёсць людзі, чые імёны вызначаюць аблічча нацыянальнай культуры. Беларускі пясняр Ігар Міхайлавіч Лучанок – адзін з іх. Яго творчасць з’яўляецца сапраўднай эпохай у развіцці музычнага мастацтва Беларусі і Расіі. Імя кампазітара добра вядома ў многіх краінах свету.
Нарадзіўся І. Лучанок у Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёна (па іншых звестках у Мінску) у сям’і ўрача. Сям’я Лучанкоў была надзвычай музыкальнай. У 13 год здольны хлопчык стаў вучнем сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Будучы кампазітар атрымаў добрую прафесійную падрыхтоўку. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1961), асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай кансерваторыі імя Чайкоўскага (1965), аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі (1971). Яго настаўнікамі былі выдатныя кампазітары і педагогі А.В. Багатыроў і Ц.М. Хрэннікаў. Выканаўчае мастацтва І. Лучанок удасканальваў у заснавальніка беларускай піянісцкай школы, выдатнага педагога Р.І. Шаршэўскага.
Творчы шлях І. Лучанка пачаўся ў 60-я гады. Яго дыпломнай работай у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі стала кантата “Курган” па аднайменнай паэме народнага паэта Беларусі, якая ў 1979 г. была пераапрацавана ў паэму-легенду “Гусляр” для ансамбля “Песняры”. Адначасова з кантатай “Курган” была напісана яго другая кантата “Солдатское сердце” – першы твор І. Лучанка на ваенную тэму. І. Лучанок працаваў у розных музычных жанрах. Ён аўтар Струннага квартэта, Санаты для габоя і фартэпіяна, Канцэртнага скерца для цымбалаў і фартэпіяна, Варыяцый на беларускую народную тэму для фартэпіяна, рамансаў і хораў, вакальных цыклаў “О, Радзіма бацькоў”, “Человеку нужна тишина”, “Синий цвет”; музыкі да спектакляў і кінафільмаў. Але галоўнае ў яго творчасці – песня. Менавіта яна прынесла кампазітару першы поспех, калі ў 1966 г. на Першым Усесаюзным конкурсе савецкай песні з песняй-баладай “Память сердца” кампазітар І. Лучанок, паэт М. Ясень і выканаўца В. Вуячыч сталі пераможцамі сярод вядомых тады аўтараў і выканаўцаў. Без песень І. Лучанка сёння цяжка ўявіць музычнае жыццё нашай краіны. Яго песні закранаюць самыя патаемныя струны сэрца, абуджаюць дабро, свет, любоў. Ужо па трыццаць гадоў такім жамчужынам песеннай лірыкі І. Лучанка, як “Алеся” (словы А. Куляшова), “Жураўлі на Палессе ляцяць” (словы А. Ставера), “Вераніка” (словы М. Багдановіча), “Верасы” (словы І. Скурко), а яны па-ранейшаму ўваходзяць у кожны дом, свецяцца любоўю юнацтва. З “Веранікай” ансамбль “Песняры” разам з І. Лучанком выступаў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку.
Песні кампазітара ўслаўляюць маці, бацькоўскую хату, любімую Айчыну: “Матулі” (словы Г. Бураўкіна), “Балада пра маці” (словы А. Куляшова), “Бацькоўскі парог” (словы І. Скурко), “Дом престарелых” (словы Ю. Рыбчынскага), “Знае толькі Бог адзіны”, “Роднаму краю”, “Мой родны кут” (словы Я. Коласа). У класіку песень на тэму Вялікай Айчыннай вайны трывала ўвайшлі песні кампазітара “Если бы камни могли говорить…” (словы Р. Раждзественскага), “Майский вальс” і “Письмо из сорок пятого” (словы М. Ясеня), “Салаўі Хатыні” (словы Н. Тулупавай) і многія іншыя.
І. Лучанок – летапісец сваёй эпохі. Яго называлі камсамольскім кампазітарам. Сярод яго твораў – песні пра вечна юную рэвалюцыю, камсамол, маладзёжныя будоўлі, песні пра Леніна, рамантычная песня пра М. Астроўскага “Старая буденовка” (словы Б. Бруснікава). Ад гэтых сваіх песень І. Лучанок не адмаўляецца і сёння. Ён свята верыць у тое, што гісторыю перапісаць нельга. Яе трэба шанаваць. Песні І. Лучанка былі лаўрэатамі штогадовых конкурсаў “Песня = …”. Іх спявалі І. Кабзон, Н. Багуслаўская, В. Талкунова, Я. Паплаўская, А. Ціхановіч, І. Краснадубскі, ансамблі “Песняры”, “Сябры”, “Верасы”.
У гісторыю сучаснага мастацтва І. Лучанок увайшоў не толькі як выдатны кампазітар, але і як музыкант, педагог, грамадскі дзеяч. Ён бліскуча іграе на фартэпіяна, цымбалах, акардыёне. У 1982–1986 гг. быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1980 г. ужо 28 год узначальвае Беларускі саюз кампазітараў. І. Лучанок быў членам Вярхоўнага Савета СССР, удзельнічаў у партыйных і камсамольскіх з’ездах. Дзесяць гадоў быў старшынёй Федэрацыі Беларусі па цяжкай атлетыцы, аказваў сапраўдную падтрымку і дапамогу спартсменам і разам з тым пісаў песні пра спорт, спартсменаў, рэкорды.
У кампазітара шмат званняў, прэмій: народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, Францыска Скарыны. Імя беларускага салаўя ўвекавечана ў Маскве на “Плошчы Зорак”.