Да асобай “касты” прафесіяналаў беларускага кіно – рэжысёраў і аператараў – належаў кінематаграфіст высокага класа Ю.А. Марухін.
Юрый Аляксандравіч быў родам з Расіі (в. Фёдараўка Сасноўскага раёна Тамбоўскай вобласці). Скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве, дзе быў вучнем знакамітага аператара Л. Касматава. Захапляўся шырынёй аператарскай палітры майстра і сам імкнуўся да такога ж творчага ўзроўню. На кінастудыю “Беларусьфільм” Ю. Марухін прыйшоў у 1961 г. разам са знакамітым пакаленнем шасцідзесятнікаў, якіх лічаць цяпер летуценнікамі, фантастычнымі рамантыкамі.
Яго першай працай стала кінанавела “Зорка на спражцы” (1963, разам з А. Забалоцкім).Усяго ж яго творчы багаж склаў больш за 50 стужак за амаль 40 гадоў. Дзякуючы яго бліскучаму таленту, аператарскаму ажыццяўленню рыжысёрскага бачання высокую адзнаку гледачоў атрымалі такія фільмы, як “Чакай мяне, Ганна!”, “Магіла льва”, “Лясныя арэлі”, “Пункт адліку”, “Зацішша”, “Паводка”, “Чорнае сонца” і інш. Не толькі актыўным аўтарам выявы, але і сапраўдным сааўтарам твора ва ўсёй яго цэласнасці быў Ю. Марухін у фільме “Апошні хлеб” – першай вялікай і адказнай рабоце аператара. Калі здымаўся фільм “Сад”, раптоўна памёр яго рэжысёр В. Чацверыкоў. Па рашэнню здымачнай групы і кіраўніцтва кінастудыі аператар-пастаноўшчык Ю. Марухін сам давёў работу над фільмам да канца.
Розныя рэжысёры ахвотна супрацоўнічалі з Ю. Марухіным – Б. Сцяпанаў, В. Тураў, В. Рубінчык і інш. У некалькіх мастацкіх і дакументальных стужках Ю. Марухін сам выступіў як рэжысёр. Яго першай рэжысёрскай работай стала маляўнічая паэтычная стужка “Радаўніца”. Потым былі фільмы Марухіна-рэжысёра “Чалавек, які браў інтэрв’ю”, “Маці Урагану”, “Уік энд з забойцам”, “Выстаўка”, “Мы – квант”, “Восень земляроба”.
Ю. Марухіна цікавілі самыя разнастайныя сюжэты. Ён звяртаўся да тэмы шанавання памяці ахвяр вайны (“Радаўніца”, “Бярозы, бярозы…”, “Салдаткі”, “Памяць” і інш.). Пра будні сучаснай арміі распавядала карціна “Пункт адліку”, аператарскую работу ў якой крытыкі назвалі майстэрскай. Падабалася аператару зазірнуць праз сваю камеру ў сівую даўніну (“Магіла льва”), натхнёна ўвасобіць на экране цудоўныя беларускія краявіды. Ю. Марухіна прывабліваў вобраз Мінска з вольным прасторам яго вуліц, паркаў (“Каханая”), траплялі ў аб’ектыў аператара і іншыя краіны: “Чорнае сонца” і “Хроніка ночы” здымаліся ў Афрыцы, “Чалавек, які браў інтэрв’ю” – у Таджыкістане і Афганістане. Ва ўсіх сваіх фільмах Ю. Марухін імкнуўся быць як мага больш праўдзівым. Ён не палохаўся імчаць з экіпажам танка, узнімацца ў неба на дэсантным самалёце і выскокваць з парашутам разам з курсантамі, не стамляўся здымаць у сонца і ў дождж, удзень і ўначы, але вабіла яго не рызыка. Рыхтуючыся да здымак Ю. Марухін шмат чытаў, кансультаваўся са спецыялістамі. Кожная стужка Ю. Марухіна – сапраўдны ўрок майстэрства. На яго фільмах выхоўвалася цэлая плеяда выдатных аператараў Беларусі. У 1974 г. Ю. Марухін атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Ён быў лаўрэатам прэміі Міністэрства культуры Беларусі (1997), прызёрам XVII Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску (1985), III Нацыянальнага кінафестывалю ў Брэсце (1999) і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі (2000). Заснаваны спецыяльны прыз імя Ю.А. Марухіна “За лепшую аператарскую работу”.
Ю. Марухін актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краіны. У 2000–2001 гг. ён узначальваў Беларускі саюз кінематаграфістаў, займаўся прапагандай беларускага кіно за межамі нашай краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.