Дата рождения: 12.04.1938 Ходараў, в. (Ходарава), Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти: 23.09.2019
Краткая справка: пісьменнік, перакладчык
Варианты имени: Масарэнка Алесь
Имена на других языках: Масаренко Александр Герасимович (русский); Масаренко Алесь (русский);
Алесь Масарэнка адносіцца да тых пісьменнікаў, хто ў аснову сваіх твораў кладзе сюжэт, напаўняючы яго роўнай, спакойнай, будзённай плынню, дзе ўсе персанажы – самыя звычайныя людзі, якіх кожны дзень бачыш побач з сабою. Паказаць ва ўсёй яго прыцягальнасці простага чалавека, выхапленага са звычайнага, прывычнага для нас асяроддзя – асаблівае майстэрства, талент, уласцівы не кожнаму.
Дзяцінства пісьменніка прайшло ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна. У 1956 г. Алесь Масарэнка скончыў Целяшоўскую сярэднюю школу і пэўны час працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1956-1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На трэцім курсе перавёўся на вячэрнюю форму навучання і стаў выхавацелем Мінскай школы-інтэрната № 13.
Як і многія беларускія празаікі, Алесь Масарэнка пачынаў свой творчы шлях з вершаваных радкоў: яго першыя творы з’явіліся на старонках газеты «Магілёўская праўда» ў 1959 г. З цягам часу малады творца перайшоў да напісання празаічных твораў. Першае апавяданне «Недапісаны ліст» было надрукавана ў «Чырвонай змене» ў 1962 г. Штогод вершы, апавяданні і нататкі пісьменніка з’яўляліся на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.
Першая кніга Алеся Масарэнкі – аповесць «На бабровых тонях» (1971) мела шумны і заслужаны поспех. Падчас напісання твора пісьменнік пэўны час працаваў інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Літоўскага заацэнтра. Аповесць складаецца з невялікіх аповедаў-эпізодаў: «Быль і небыль», «Каго сніў бацька», «Нечаканае пісьмо», «Старшыня-пяцімінутка», «Бабровыя “партаменты”», «Я шкадую змяю», «Людзі і нелюдзі» і інш. Аповесць запрашае чытачоў апынуцца бліжэй да прыроды, нацешыцца маляўнічымі беларускімі краявідамі.
Наступная кніга Алеся Масарэнкі – зборнік «Журавіны пад снегам» (1976) – не атрымала такога шырокага розгаласу, як папярэдняя, але для самога пісьменніка стала крокам наперад ў авалоданні прыёмамі псіхалагічнага аналізу. У кнігу ўвайшла аповесць «Сонца майго дня» і шэраг апавяданняў. Аповесць прысвечана вечнай загадкавасці кахання, хараству і глыбіні чалавечых узаемаадносін. Як у аповесці, так і ў апавяданнях няма канфліктаў паміж добрымі і дрэннымі героямі – сюжэты пісьменніка часта не выходзяць са сферы сямейных адносін (апавяданне «Журавіны пад снегам»). Галоўны герой апавядання Генадзь адмоўна ставіцца да сябра сваёй цешчы, які прыязджае з Ленінграда. Маладому чалавеку здаецца, што госць наведваецца на Беларусь толькі дзеля атрымання прыродных даброт нашай краіны – журавін і дзічыны. З цягам часу высвятляецца, што тут пахаваны баявыя сябры былога партызана. А сам Генадзь сустракаўся з «дзядзем Севам», калі быў хлапчуком. Агульны ўспамін пра вайну аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў, яны пачынаюць па-іншаму ставіцца адзін да аднаго.
На пачатку 1980-х гадоў быў надрукаваны раман Алеся Масарэнкі «Баргузінскае лета», прысвечаны рабоце брыгады геадэзістаў на будаўніцтве БАМа. Падчас збору матэрыялу для рамана пісьменнік працаваў рабочым-геадэзістам у Забайкаллі. Твор, напісаны на модную і сапраўды патрэбную тады тэму стваральнай працы, быў пазбаўлены рыс «савецкасці» ў плане рыторыкі: з вуснаў герояў не гучалі пафасныя, трыбунныя прамовы, не згадваліся кіруючая роля партыі і выгоды сацыялізму над капіталізмам. Безумоўна, раман не прэтэндаваў на рашэнне важнейшых сацыяльных праблем эпохі, але ў дастаткова лакальным сюжэце выяўляў тэндэнцыі і выклікі часу.
Новы зборнік Алеся Масарэнкі «Сонца майго дня», у які ўвайшлі тры аповесці і шэраг апавяданняў, выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1988 г. У цэнтры ўвагі пісьменніка – праблемы сучаснасці, экалагічныя, маральна-этычныя пытанні. Алесь Масарэнка – пісьменнік з вялікім жыццёвым вопытам, яго творы адметныя багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. У 1994 г. убачыла свет кніга «Пакуль не завялі кветкі». Пад адной вокладкай пісьменнік размясціў аповесць «Лесавікі», якая складаецца з дванаццаці частак, так званых «прыпавесцей», шэраг апавяданняў і невялікіх мініяцюр.
У 2006 г. у Маскве была выдадзена першая паэтычная кніга Алеся Масарэнкі «Рэха гіпербалы». Аўтар уключыў у зборнік разнастайныя па тэматыцы (пейзажная і любоўная лірыка, грамадска-патрыятычныя вершы) творы розных гадоў. Кніга пачынаецца вершам «Прызнанне», напісаным у 1964 г. У гэтым невялічкім творы растлумачаны лёс пісьменніка і яго сям’і: непісьменнай маці і бацькі-інваліда.
Наступная кніга Алеся Масарэнкі пад назвай «Святое возера» была выдадзена ў Маскве ў 2009 г., а потым была перапрацавана аўтарам і выйшла ў Мінску ў 2011 г. пад назвай «Святое возера, альбо Візіцёры Сёмага неба». Свой твор пісьменнік назваў вершаваным раманам-бурлескам з празаічнымі ўрыўкамі. Кніга стала своеасаблівым вынікам творчых пошукаў і эксперыментаў: тут з гумарам апісваюцца персанажы вядомых парадыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» – Зеўс, Юнона, Эней, Дыдона, ідзе аповед пра жыццё на Парнасе беларускіх і замежных класікаў – Шэкспіра, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна, Кузьмы Чорнага і інш.
У апошні час пісьменнік звярнуўся да напісання кароткіх твораў: аповедаў, дыялогаў, начыркаў, з дапамогай якіх ён амаль імгненна адгукаецца на тыя ці іншыя жыццёвыя факты. Гэтыя невялікія па аб’ёму творы ўвайшлі ў зборнік «Удзячны калодзеж», выдадзены ў Мінску ў 2013 г. (Прэмія Гедройца, 2014). Кніга апісвае жыццё землякоў Алеся Масарэнкі, яна насычана жывой, каларытнай мовай жыхароў Слаўгарадчыны. Родная мова і ёсць той калодзеж, які з’яўляецца крыніцай натхнення для аўтара, для якога шчырасць, прастата дачыненняў, замілаванне да ўсяго роднага і блізкага і ёсць самае галоўнае ў жыцці і творчасці.
Алесь Масарэнка заўсёды жыў цікава і змястоўна. Акрамя асабістай творчай працы ён з’яўляўся рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанні і тэлебачанні Савета Міністраў БССР (1966–1967), загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1967), быў літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1968–1969), узначальваў рэдакцыю дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь» (1969–1972), з’яўляўся адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1972–1974) і рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1977–1978). З 1978 г. Алесь Масарэнка – член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982–1985 гг. – загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1986 г. – рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1989 г. пісьменнік працаваў літкансультантам у «Чырвонай змене», дзе пад яго кіраўніцтвам аднавіла сваю дзейнасць літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы».
У 1992 г. Алесь Масарэнка быў заснаваў часопіс маладых літаратараў «Першацвет» і да 1998 г. быў яго першым рэдактарам; з 2000 г. кіруе творчым аб’яднаннем «Літаратар»; з 2003 г. з’яўляецца ўкладальнікам і рэдактарам літаратурнага альманаха «Панядзелак» – выдання, дзе друкуюцца лепшыя творы сяброў гэтай літаратурнай суполкі – сучасных беларускіх пісьменнікаў. Вялікі педагагічны талент і добры мастацкі густ дазволілі Алесю Масарэнку стаць добрым дарадцам для маладых літаратараў, даць ім нямала карысных прафесійных урокаў, выправіць у самастойную пісьменніцкую дарогу. Больш за шэсць дзясяткаў сучасных беларускіх літаратараў – яго выхаванцы. Сёння нам добра вядомы творы Вольгі Базылёвай, Ганны Галавіной, Сяргея Барысаўца, Аляксандра Вашчанкі, Таццяны Мацюхінай, Валерыя Максімовіча, Юрыя Мельнікава і інш.
Сёння Алесь Масарэнка поўны жыццёвых сіл і творчых задум.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.