Дата рождения:
07.10.1788 Гразівец, в., Чавускі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
06.08.1877
Краткая справка:
мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, складальнік першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы "Алфавітны паказальнік старажытных слоў, выбраных з "Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі", шэрага фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, лаўрэат Дзямідаўскай прэміі Пецярбургскай АН (1865)
Имена на других языках:
Носович Иван Иванович (русский);
4687 символов
Справка
Да ліку дзеячаў культуры, якія найбольш поўна і ўсебакова адлюстравалі жыццё народа, яго духоўны свет, адносіцца Іван Іванавіч Насовіч, вядомы даследчык беларускага краю.
Нарадзіўся І. Насовіч у в. Гразівец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён) у сям’і мясцовага псаломшчыка. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у Магілёўскай гімназіі, потым скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Юнак набыў багатыя веды па стараславянскай, лацінскай, грэчаскай і французскай мовах, вывучаў польскую і старажытнаяўрэйскую, што, пры дасканалым валоданні беларускай і рускай мовамі, дапамагала яму ў далейшай плённай педагагічнай і навуковай дзейнасці.
Педагагічную працу І. Насовіч пачаў з 1812 г. настаўнікам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, потым перавёўся ў Мсціслаўскае духоўнае вучылішча, а ў 1818 г. узначаліў Магілёўскае духоўнае вучылішча ў якасці рэктара. Працоўная адысея кідала І. Насовіча з аднаго месца на другое. Ён быў загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. У час працы ў Свянцянскім вучылішчы быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 3-й ступені. У 1843 г. ён нечакана атрымаў адстаўку, пасля чаго вярнуўся ў Мсціслаў, дзе заняўся навукова-даследчай работай.
З маленства І. Насовіч добра ведаў як гаворку беларусаў, так і мноства беларускіх песень, звычаяў, абрадаў. Пераезды па службе, а таксама падарожжа па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях далі яму магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. На яго аснове даследчыкам былі напісаны “Кароткія філалагічныя назіранні над беларускай гаворкай”, “Невялікі беларускі слоўнік”, “Зборнік беларускіх прыказак”, рукапісы якіх ён даслаў у Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай Акадэміі навук у 1850 г. Працы былі высока ацэнены І.І. Сразнеўскім. У 1852 г. І. Насовіч апублікаваў зборнік “Беларускія прыказкі і прымаўкі” з тлумачэннем да іх. Асобным выданнем у 1867 г. выйшаў яго “Зборнік беларускіх прыказак”, у які ўключана каля 3500 прыказак, прымавак, скорагаворак, пажаданняў, прывітанняў і інш. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, выяўляецца іх паходжанне, даюцца эквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках з іншых моў. Рускае геаграфічнае таварыства адзначыла гэта выданне залатым медалём. Такая высокая адзнака натхніла І. Насовіча на далейшую працу. У 1868 г. выйшаў з друку яго зборнік “Беларускія прыказкі і загадкі”, а ў 1873 г. – “Беларускія песні”, у які ўвайшло больш за 350 тэкстаў песень, прысвечаных сямейным, каляндарным абрадам, розным звычаям і святам. Па даручэнню Археалагічнай камісіі і Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства І. Насовіч склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з “Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі”», дзе было растлумачана каля 13 тысяч слоў і паняццяў. Па невядомай прычыне слоўнік застаўся ненадрукаваным, але яго аўтару была прысуджана Увараўская прэмія. Сапраўдную вядомасць даследчыку прынёс тлумачальна-перакладны “Слоўнік беларускай мовы”, над якім ён самааддана працаваў 16 гадоў (скончыў у 1863 г., выдадзены ў 1870 г.). У выніку быў створаны арыгінальны даведнік, які ахопліваў звыш 30 тысяч слоў, што бытавалі ў мове беларусаў у XVIII – сярэдзіне XIX ст. За гэты слоўнік мовазнавец атрымаў Дзямідаўскую прэмію. Пасля яго выхаду з друку І. Насовіч працягваў збіраць лексічныя матэрыялы, якія склалі “Дадатак да беларускага слоўніка”, апублікаваны ўжо пасля смерці аўтара (памёр 06.08.1877 г.) ў 1881 г. Дадатак уключаны ў другое, факсімільнае выданне “Слоўніка беларускай мовы” (1983).
Значную ўвагу надаваў І. Насовіч і пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У сваім гісторыка-лінгвістычным даследаванні “Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю” аўтар тлумачыў паходжанне старажытных народных назваў плямён ад карэнных беларускіх слоў. У працы “Успаміны майго жыцця”, якая належыць да гісторыка-мемуарнага жанру, шырока і глыбока характарызаваў побыт, норавы і ўзаемаадносіны розных колаў тагачаснага грамадства.
Дасканалае валоданне мовамі дазваляла І. Насовічу займацца перакладчыцкай дзейнасцю. Ён пераклаў з лацінскай мовы трохтомную працу А. Тэйнера “Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы”. Фальклорна-этнаграфічныя працы І. Насовіча, яго публікацыі вуснапаэтычных твораў і беларускі слоўнік адыгралі велізарную ролю ў развіцці беларускай навукі. Яны не страцілі свайго значэння і сёння.