Беларускі жывапісец Іван Васільевіч Пушкоў нарадзіўся ў в. Трэскіна Інжавінскага раёна Тамбоўскай вобласці (Расія). З 1933 па 1938 г. вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы імя К.А. Савіцкага. Пад уплывам выкладчыка І. Горушкіна-Саракапудава І. Пушкоў сфарміраваўся як мастак-пейзажыст рэалістычнага плана. Прысвяціць сябе цалкам мастацтву ён змог толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны, у час якой быў артылерыйскім разведчыкам, а затым начальнікам штаба дывізіёна. У 1946 г. праходзіў ваенную службу ў Гродне, а пасля дэмабілізацыі застаўся тут жыць і працаваць.
Творчую дзейнасць І. Пушкоў пачаў з роспісу «Баявы шлях арміі» ў інтэр’еры Дома афіцэраў, дзе праз асобныя жанравыя эпізоды вайны асэнсоўвалася значная для краіны гістарычная падзея. У час франтавых будняў мастак рабіў графічныя нататкі для газеты, вёў падрабязны дзённік, дзе выконваў шматлікія замалёўкі з натуры, якія пазней дапамагалі ў стварэнні жанравых палотнаў. Адно з іх «Кавалерыйская атака» (1947) уяўляе сабой панарамную шматфігурную кампазіцыю, дзе адлюстравана вялікая колькасць людзей, аб’яднаных адзіным наступальным парывам. Паказаны той пераломны момант у ходзе вайны, калі чырвонаармейцы-кавалерысты, зламаўшы супраціўленне ворага, праследуюць яго. Уражанні перажытага патрабавалі выяўлення, і першымі карцінамі мастака былі «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948) і інш. Але асноўным напрамкам у творчасці мастака быў пейзаж. У палотнах ён перадае захапляючую прыгажосць беларускай прыроды з яе цяністымі лясамі, узгоркавымі палямі, з чароўнай прахалодай рэк і азёр. У карцінах «Бэзавы вечар» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Маладое жыта» (1973), «Залатая восень» (1979) і іншых тонкі паэтычны пачатак спалучаецца з эпічнай шырынёй, аптымістычным адчуваннем. Сапраўднае майстэрства жывапісца праявілася ў палотнах, прысвечаных краявідам Гродзеншчыны, у тым ліку з відарысамі любімага Нёмана («Наваколле Гродна» (1952–1954), «Нёман» (1955), «Бераг старога Нёмана» (1957), «У далінах Нёмана» (1958), «Нёман ля Замкавай гары» (1960), «Рака Котра» (1964), «Рака Ваўпянка» (1966), «Край Прынёманскі» (1968) і інш.). Значнае месца ў творчасці І. Пушкова займаюць творы, прысвечаныя выдатным пісьменнікам – ураджэнцам Гродзеншчыны («А. Міцкевіч і Т. Зан на возеры Свіцязь» (1955), «Партрэт А. Міцкевіча» (1966), «А. Міцкевіч і А. Пушкін у Пецярбурзе» (1966), «А. Цётка ў Э. Ажэшка»(1967), «Э. Ажэшка і Цётка» (1976)), а таксама гістарычным асобам («М. І. Калінін у І. В. Мічурына» (1948–1949). Работы («Партрэт жонкі» (1945–1947), «Партрэт маці» (1950), «Партрэт дачкі» (1968) дазваляюць узнавіць аблічча блізкіх мастаку людзей, «Аўтапартрэт» (1965) – убачыць ацэнку мастаком самога сябе, свайго духоўнага свету. Непасрэдныя ўражанні І. Пушкова, увасобленыя ў мастацкіх вобразах, нясуць энергетыку жывога ўспрыняцця падзей. У выяўленчых творах адбываецца праламленне жыцця праз прызму творчасці, магчымасць перавесці штодзённы вопыт у плоскасць сімвалічнага, таму работы мастака хвалююць пакаленні людзей менавіта гэтымі вартасцямі, а таксама сваім магутным ідэйным зместам.
Іван Васільевіч таксама займаўся грамадскай дзейнасцю. З 1971 па 1979 г. узначальваў Гродзенскае аддзяленне Беларускага саюза мастакоў. Дзякуючы яму ў 1967 г. у Гродне адкрылася выставачная зала, якая стала неад’емнай часткай творчага жыцця горада. Выбіраўся членам праўлення Саюза мастакоў Беларусі, дэлегатам з'ездаў мастакоў Савецкага Саюза. Пастаянна прымаў удзел у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаўках. У 1979 г. ён стаў заслужаным дзеячам культуры Беларусі. Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны І і ІІ ступені, шматлікімі медалямі. Сёння значная частка твораў мастака знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі і ў прыватных зборах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.