Дата рождения:
29.10.1938 Малая Кракотка, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
31.07.2012
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), аўтар першага на Беларусі "Слоўнiка беларускiх псеўданiмаў i крыптанiмаў (XVI–XX стст.)"
Псевдонимы:
Кракоцкі М.; Лісавец Барыс; Ракоцкі К.
Варианты имени:
Саламевіч Янка
Имена на других языках:
Соломевич Иван Владимирович (русский); Соломевич Янка (русский);
3909 символов
Справка
Значны ўклад у вывучэнне і збіранне беларускага фальклору, развіццё беларускай фалькларыстыкі, літаратуразнаўства і краязнаўства зрабіў вядомы беларускі навуковец Янка Саламевіч.
Нарадзіўся Іван Уладзіміравіч у вёсцы Малая Кракотка цяперашняга Слонімскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у выдавецкім аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі), у выдавецтве Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Пасля абароны ў 1971 г. кандыдацкай дысертацыі стаў адным з заснавальнікаў і супрацоўнікам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (цяпер “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі). Шырокая эрудыцыя, глыбокія веды па філалогіі, фалькларыстыцы, грунтоўнасць у кожнай справе заўсёды вылучалі Я. Саламевіча сярод супрацоўнікаў выдавецтва. Ён прымаў удзел у стварэнні пяцітомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (1977–1984), энцыклапедычных даведнікаў “Янка Купала” (1986) і “Францыск Скарына і яго час” (1988), двухтомнай энцыклапедыі “Беларускі фальклор” (2005–2006) і іншых фундаментальных прац гэтага выдавецтва. У 1976 г. за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі Я. Саламевіч атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.
Дыяпазон творчых інтарэсаў навукоўца быў надзвычай шырокі – ад энцыклапедычных выданняў да кніжак для дзяцей. Я. Саламевіч – аўтар манаграфіі “Міхал Федароўскі” (1972), у якой на падставе архіўных росшукаў, аналізу прац іншых фалькларыстаў паказаў уклад у беларускую навуку праз вусную народную творчасць беларускага фалькларыста канца XIX – пачатку XX ст. М. Федароўскага, гісторыю збірання ім розных жанраў беларускага фальклору. Я. Саламевіч выступіў таксама ўкладальнікам, перакладчыкам на беларускую мову і аўтарам прадмовы да кнігі М. Федароўскага “Люд беларускі: вяселле” (1991). Складзены ім бібліяграфічны даведнік “Беларускі фальклор, 1926–1963” (1964) разам з працамі А. Шлюбскага і М. Грынблата стварыў панараму ўсёй бібліяграфіі беларускай фалькларыстыкі. Для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Я. Саламевіч разам з А. Налівайкам і М. Пятровічам склаў “Хрэстаматыю па беларускай дзіцячай літаратуры” (1966). Фальклорныя запісы і архіўныя знаходкі вучонага ўвайшлі ў выданні серыі “Беларуская народная творчасць” – “Дзіцячы фальклор” (1972), “Сацыяльна-бытавыя казкі” (1976), “Прыказкі і прымаўкі” (1976), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Гульні, забавы, ігрышчы” (1996) і інш. Я. Саламевіч з’яўляецца складальнікам фальклорных зборнікаў для дзяцей “Беларускія загадкі” (1982, 1989) і “Мама Мышка сушыла шышкі: беларускія народныя скорагаворкі” (1983). У сааўтарстве з Н. Ляшковіч ім складзены выбраныя творы Г. Леўчыка “Доля і хлеб”. У навуковы абарот Я. Саламевічам уведзены невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Зязюлі і інш. Я. Саламевіч удзельнічаў у выданні літаратурна-мастацкіх календароў “Кола дзён”, сам склаў “Каляндар памятных дат, 2001”. Выступаў перакладчыкам з рускай, украінскай, польскай моў. З 1979 па 1988 г. разам з іншымі філолагамі цікава вёў тэлечасопіс “Роднае слова”. У 1993–2003 гг. у адрыўным календары “Родны край” змяшчаў артыкулы пра фалькларыстаў, этнографаў, казачнікаў, краязнаўцаў, этнамузыколагаў. Але самай любімай справай даследчыка, яго хобі на ўсё жыццё стала вывучэнне беларускіх псеўданімаў. У пачатку сваёй працоўнай дзейнасці ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна Я. Саламевіч меў доступ да самых розных перыядычных выданняў. Тады і пачаў ён збіраць матэрыял, на аснове якога потым быў створаны “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI–XX стст.)” (1983). Над гэтым унікальным па сваёй працаёмкасці даследаваннем Я. Саламевіч працаваў амаль 20 год і ўключыў у яго каля чатырох тысяч прозвішчаў.