Краткая справка:
публіцыст, літаратурны крытык, філосаф
Псевдонимы:
Владак з Казіміроўкі; Наблюдатель; Наглядчык; Сірыус; Суліма; Суліма У.; Чэмер Андрэй; Чэмер М.; Чэмер Ул.; Чэмер Уладзімер
Имена на других языках:
Самойло Владимир Иванович (русский);
Криптонимы:
Вл.С-о; Ул.С.
5813 символа
Справка
Уладзімір Самойла — крытык, публіцыст, філосаф, журналіст, урэшце яшчэ і паэт. Ён быў пісьменнікам “на мяжы дзвюх культур” — расійскай і беларускай. З першай яго звязвалі выхаванне і адукацыя ў сям’і абруселага службоўца “заходнерускага” памяркоўна-ліберальнага кірунку. З другой — генетычная памяць і спагадлівая паэтычная душа, што не магла застацца ў баку ад самаахвярнага адраджэнскага руху. Спачатку ён падтрымліваў нацыянальнае абуджэнне свайго народа з лагера мясцовай “рускай” дэмакратыі, вітаў першыя беларускія газеты і паэтычныя кніжкі, па-свойму “адкрыў” Я.Купалу. Пазней, у віленскія гады свайго жыцця, ён — натхнёны прарок нацыянальнага адраджэння.
Нарадзіўся У.Самойла ў сям’і настаўніка Івана Іванавіча Самойлы, які працаваў дырэктарам Мінскага рэальнага вучылішча, быў кіраўніком Таварыства прыгожых мастацтваў у Мінску. Пасля заканчэння гімназіі У.Самойла вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах. У апошнім наведваў заняткі на некалькіх факультэтах: філасофскім, хімічным, медыцынскім, а затым і гісторыка-філалагічным. Авалодаў сямю мовамі, займаўся маляваннем. Закончыў Пецярбургскі універсітэт у 1916 г. Удзельнічаў у літаратурна-грамадскім руху ў Мінску, быў адным з заснавальнікаў кніжнага таварыства “Мінчук”. Пасля смерці бацькі займаўся гаспадаркай у фальварку Казіміраўка. У гады першай сусветнай вайны У.Самойла быў мабілізаваны для працы ў дзяржаўнай хімічнай лабараторыі ў Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён быў выбраны ад партыі кадэтаў дэпутатам Мінскай гарадской думы. З 1918 г. жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у розных навучальных установах. У 1921—1922 гг. адбыўся вялікі пад’ём заходнебеларускага нацыянальнага руху, і У.Самойла канчаткова далучыўся да беларускай справы, пачаў сам пісаць і гаварыць пераважна па-беларуску. Стаў прафесіянальным палітычным журналістам. Друкаваўся ў левым друку. Па сутнасці, Самойла быў тады “генератарам ідэй” беларускага радыкальна-дэмакратычнага друку, выступаючы аўтарам рэдакцыйных матэрыялаў без аўтарства і праблемных артыкулаў. Найчасцей карыстаўся псеўданімам Суліма, бо лічыў сябе нашчадкам радаводу шляхціца Завішы Чорнага, які меў герб “Суліма”. Пісьменнік супрацоўнічаў з Таварыствам Беларускай Школы і Грамадой (БСРГ), сябраваў з Б.Тарашкевічам, іншымі дзеячамі беларускага руху. Пяць гадоў (1922—1927) змагаўся за адзінства гэтага руху. Калі ж беларускія арганізацыі і групоўкі пад націскам прапаганды класавай барацьбы пачалі ўзаемнае “самаедства”, выступіў з адкрытым лістом, заявіў аб сваім фармальным выхадзе з усіх беларускіх арганізацый. На пачатку 30-х гадоў адышоў ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці, працаваў бібліятэкарам Віленскага беларускага музея. Калі ў верасні 1939 г. Чырвоная Армія заняла Вільню, У. Самойла разам з іншымі беларускімі дзеячамі адмовіўся ехаць у эміграцыю. 8 кастрычніка 1939 г. пісьменніка арыштавалі органы НКУС. Спачатку У.Самойла пакутаваў у сумна вядомых віленскіх Лукішках, пасля яго адправілі па этапе ў Вілейку, пазней у Мінск. Адтуль не вярнуўся.
У.Самойла пакінуў вялікую спадчыну, якая вядома мала. Калі ён пачаў літаратурную дзейнасць, дакладных звестак няма, але вядома толькі, што ў 1905 г. Самойла ўжо выступаў у газеце “Северо-Западный край” з вершамі, у якіх гучалі вольналюбівыя і філасофскія матывы. Ён быў першым перакладчыкам твораў Я.Купалы на рускую мову. Па рэкамендацыі У.Самойлы ў газеце “Северо-Западный край” быў надрукаваны першы купалаўскі верш “Мужык” (1905). Але найбольш праявіў сябе Самойла як публіцыст, крытык і гісторык літаратуры. Ён быў аўтарам першых водгукаў на купалаўскую паэзію (рэцэнзіі на зборнік “Жалейка” і паэму “Адвечная песня”). Публікаваў многа рэцэнзій і артыкулаў пра Г.Ібсена, Ю.Славацкага, М.Метэрлінка, В.Верасаева, М.Горкага, У.Меерхольда, а таксама іншых пісьменнікаў і тэатральных дзеячаў. Актыўны ўдзел прымаў У.Самойла і ў рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Ён быў шчырым прыхільнікам паэзіі А.Блока, некалькі гадоў (1909—1911) перапісваўся з выдатным паэтам. А.Блок у сваіх дзённікавых запісах адзначыў артыкул Самойлы пра сваю паэзію як адзін з лепшых і кампетэнтных і паставіў яго поруч з рэцэнзіямі В.Брусава і Вяч.Іванова. У.Самойла быў ініцыятарам дыскусіі, распачатай на старонках газеты “Минский курьер” у абарону беларускай мовы і культуры. На яго думку, родная мова ў дашкольным і школьным выхаванні — мінімальная ўмова, без якой немагчыма духоўнае развіццё чалавека.
У сваіх публіцыстычных выступленнях пачатку 1920-х гг. У.Самойла спрабаваў даць ацэнку няпростым і хутказменным грамадска-палітычным абставінам у жыцці беларусаў, асуджальна паставіўся да імперыялістычных памкненняў афіцыйных улад Польшчы (артыкулы “Два кабінеты ў новым кабінеце”, “Рамантызм і палітыка”, “Фінансавае становішча ў Польшчы” і інш.). У 1923—1927 гг. актыўна выступаў у жанры палітычнай публіцыстыкі ў выданнях БСРГ, выкрываючы захопніцкія намеры польскага буржуазнага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцей (артыкулы <<Што такое “Wyzwolenie”>>, <<Які “Самаўрад” гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка>> і інш.). Займаўся гісторыяй беларускай культурнай спадчыны, рыхтаваў публікацыі па праблемах этнаграфіі, літаратуры, фалькларыстыкі, мастацтва (“Вялікі скарб нашай старасветчыны”, “Над калыскай беларускай музыкі” і інш.). У артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных заходнебеларускай літаратуры, даследаваў жанравую і ідэйную разнастайнасць творчасці асобных пісьменнікаў, выявіў непаўторнасць мастакоўскага аблічча К.Сваяка. У публіцыстычна-філасофскіх нататках (“Трыумфуе Беларусь”, “Гэтым — пераможам!”) паказаў аб’ектыўную заканамернасць барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне. У брашуры “Праф. М.Здзяхоўскі пра беларускую душу” выявіў ідэю велічы і непераможнасці народнага генія, гістарычнай паўнацэннасці беларускай нацыі.