Адметнае месца ў беларускім выяўленчым мастацтве займае Васіль Фёдаравіч Сумараў, творы якога вылучаюцца рамантычнай узнёсласцю, метафарычнасцю, тонкім мастацкім густам.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і рабочага. Захапленне маляваннем прывяло ў студыю, якой кіраваў вядомы мастак В. Вярсоцкі. Пасля заканчэння школы паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1959 г. стаў студэнтам аддзялення жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае В. Сумараў сваіх выкладчыкаў А. Малішэўскага, І. Ахрэмчыка, М. Данцыга, І. Стасевіча. Яго дыпломная работа “Плытагоны” (1965), а таксама серыя карцін, напісаных па матэрыялах паездкі ў Ленінград і Карэлію, засведчылі, што ў беларускім мастацтве з’явіўся таленавіты жывапісец з уласным адметным почыркам. Нават раннія творы вылучаліся разнастайнымі пошукамі кампазіцыі, своеасаблівасцю тэм і глыбінёй думкі. Некаторыя з іх – “Хімічны завод” (1965), “Ліст” (1967), “Раніца. Іней” (1968), “Лікбез” (1969) – з поспехам экспанаваліся на рэспубліканскіх выстаўках. У 1967 г. Васіль Фёдаравіч стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Жывапісная мелодыка карцін В. Сумарава напоўнена адметным гучаннем. Творы, розныя па тэматыцы, аб’ядноўваюцца любоўю да роднага дома, радзімы, людзей. Яны ўзрушаюць, хвалююць, надоўга запамінаюцца. Мастак паспяхова працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, нацюрморта, пейзажа, партрэта. Вядомасць В. Сумараву прынесла карціна “Мой дом” (1970), якая выклікала цікавасць гледачоў і крытыкаў на Усесаюзнай выстаўцы, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Яе тэма, а дакладней наогул тэма жыцця чалавека з тыповымі сітуацыямі знайшла працяг у работах “Вяселле” (1972), “Хутка Новы год” (1974), “Дзень нараджэння” (1980), “Зімовыя радасці” (1985), “Свята ў трактарным пасёлку” (1987) і інш. Гэтыя палотны, напісаныя ў розныя гады, склалі цыкл пад агульнай назвай “Горад майго дзяцінства”.
Некалі В. Сумарава ўразіў ландшафт наваколля Навагрудка. Мастак убачыў у ім зерне той бясконцай выразнасці, працаваць над увасабленнем якой можна ледзь не ўсё жыццё. Так з’явілася серыя пейзажаў навагрудскага цыкла, што склалі карціны “Сказ пра Навагрудак”, “Від на Замкавую гару” (абедзве 1976), “Зямля маці” (1978), “Элегія” (1981), “Маўклівасць” (1982), “Зіма ў Навагрудку” (1998). Менавіта ў іх відавочна выяўляецца імкненне аўтара перадаць мінулае праз асабістыя адчуванні. У творчасці В. Сумарава значнае месца адведзена і тэме Вялікай Айчыннай вайны, падзеі якой адлюстраваны ў карцінах “Па родных мясцінах”, “Песня пра партызан” (абедзве 1975), “Курган бессмяротнасці” (1976), “Свята на маёй вуліцы” (1984) і інш. З сярэдзіны 1990-х гг. ён змяніў тэматыку твораў і часцей стаў звяртацца да нацюрморта, партрэта, “чыстага” краявіду. Глыбінная прыгажосць, жыццесцвярджальнасць – галоўныя рысы карцін гэтага перыяду – “Залатыя шары” (1990), “Сон розуму” (1995), “Мелодыя” (1996), “Час цішыні”, “Зацішша”, “Узышоў месяц” (усе 1999), “Зорка надзеі” (2000), “Блакітная веранда” (2001) і інш. У блізкай пейзажам каларыстычнай манеры выкананы мастаком партрэт дачкі (“Каця” (2008)), а таксама палотны “Памяць” (2008), “Чаканне” (2009).
Творчую дзейнасць В. Сумараў сумяшчаў з педагагічнай. З 1965 па 1990 г. ён кіраваў дзіцячай народнай студыяй выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Мінску. Яна лічылася культавай і прэстыжнай. Многія вучні сталі вядомымі беларускімі мастакамі – А. Задорын, Р. Заслонаў, І. Бархаткоў, Д. Сурскі, Г. Балаш і інш. У 1982 г. калектыў студыі разам з кіраўніком за выкананне заказаў па афармленні дзіцячых кафэ ў парку імя М. Горкага ў Мінску быў удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.
Талент, а таксама плённая мастацкая і педагагічная дзейнасць прынеслі В. Сумараву вядомасць і прызнанне. У 1981 г. яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”. У 1989 г. атрымаў рэспубліканскую прэмію “Сябар дзяцей”, у 2010 г. стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, у 2012 г. узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Творы В. Сумарава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Цэнтральным доме мастака (Масква), у музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі. Адна з яго карцін “На зямлі бацькоў” (2006) упрыгожвае інтэр’ер Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.