Дата рождения:
08.02.1913 Урэчча, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
05.03.2010
Краткая справка:
вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1976), "Знак Пашаны" (1952), Пашаны (2004)
Имена на других языках:
Ахрем Афанасий Андреевич (русский);
4032 символа
Справка
Апанас Андрэевіч Ахрэм – вядомы беларускі вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі – нарадзіўся ў в. Урэчча Вілейскага павета Віленскай губерні (зараз Вілейскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Ён рана страціў бацькоў і выхоўваўся ў адным з дзіцячых дамоў на Віцебшчыне, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1934 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і пачаў працаваць на кафедры арганічнай хіміі. У 1936–1937 гг. А. А. Ахрэм быў загадчыкам навукова-даследчага сектара і аддзела аспірантуры; у 1937–1938 гг – дэканам хіміка-тэхналагічнага факультэта; у 1939–1941 гг. – аспірантам кафедры арганічнай хіміі і адначасова лекцыйным асістэнтам у прафесара М. А. Прыляжаева. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіся ў дзеючай арміі. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны I ступені (1945) і Айчыннай вайны II ступені (1944, 1985), шматлікімі медалямі.
У 1945 г. А. А. Ахрэм паступіў у аспірантуру Інстытута арганічнай хіміі імя М. Д. Зялінскага АН СССР, дзе ў 1949 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Яго навуковая работа ахоплівала шырокае кола праблем тэорыі і практыкі арганічнай хіміі. Асновай доктарскай дысертацыі, якую вучоны абараніў у 1960 г., сталі вынікі даследаванняў па сінтэзу і стэрэахіміі аналагаў стэроідных гармонаў. У 1961–1962 гг. ён працаваў у Гарвардскім і Стэнфардскім універсітэтах (ЗША). Пасля вяртання ў 1963 г. быў загадчыкам лабараторыі хіміі картыкастэроідаў у Інстытуце арганічнай хіміі АН СССР. У 1970 г. стаў прафесарам. У гэтым жа годзе выбраны правадзейным членам АН БССР. У 1972–1974 гг. А. А. Ахрэм загадваў аддзелам у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР, у 1974–1988 гг. з’яўляўся дырэктарам Інстытута біяарганічнай хіміі АН БССР. З 1988 г. ён ганаровы дырэктар і адначасова загадчык (да 1998 г.) лабараторыі інстытута.
Пад кіраўніцтвам А. А. Ахрэма Інстытут біяарганічнай хіміі АН БССР стаў вядомым навуковым цэнтрам па вывучэнні важнейшых біяпалімераў і нізкамалекулярных біярэгулятараў. Цыкл яго работ, выкананых разам з супрацоўнікамі інстытута і вучонымі з Інстытута малекулятнай біялогіі (Берлін-Бух), быў адзначаны ў 1988 г. прэміяй АН СССР і АН ГДР. У гэтым жа годзе А. А. Ахрэм атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за стварэнне навуковых асноў, распрацоўку тэхналогіі, арганізацыю вытворчасці і ўкараненне ў практыку радыеімунных набораў для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў. Апанас Андрэевіч Ахрэм аўтар 13 манаграфій, некаторыя з іх перакладзены на англійскую (ЗША, Канада, Ізраіль) і японскую мовы. Сярод асноўных работ, напісаных у суаўтарстве – “Полный синтез стероидов” (1967), “Стероиды и микроорганизмы” (1970), “Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул” (1989), “Стероиды: экологические функции” (1990) і інш. Вучоны апублікаваў больш за 1000 навуковых артыкулаў і зрабіў каля 100 вынаходстваў. Асноўныя працы па біяарганічнай хіміі стэроідаў, бялкоў, пептыдаў, нуклеатыдаў. Ён адкрыў з'яву рухомасці двайных сувязяў у спалучаных дыенавых злучэннях. Створаная А. А. Ахрэмам навуковая школа атрымала сусветнае прызнанне. Сярод яго вучняў – 25 дактароў навук і 70 кандыдатаў навук, якія паспяхова працуюць у Беларусі, Расіі і за мяжой. Вучоны ўдзельнічаў у буйных міжнародных форумах, што праходзілі ў Беларуі, Расіі, ЗША, Германіі, Італіі, Індыі і іншых краінах. У 2007 г. яго выступленні былі апублікаваны ў матэрыялах ХVIII Мендзялееўскага з’езда па агульнай і прыкладной хіміі. Плённую навуковую работу А. А. Ахрэм спалучаў з арганізацыйнай і грамадскай дзейнасцю. Ён з’яўляўся членам рэдкалегій часопісаў “Известия академии наук СССР” (серия химических наук), “Биоорганическая химия”, “Доклады АН БССР”, у 1973–1983 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса “Весці АН БССР. Серыя хімічных навук”. Шматгадовая работа А. А. Ахрэма адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнамі Леніна (1976) і “Знак Пашаны” (1952), одэнам Пашаны Рэспублікі Беларусь (2004), медалямі. У гонар вучонага на будынку Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі ўсталявана мемарыяльная дошка.