Дата рождения:
25.06.1939 Астрашыцкі Гарадок, в., Мінскі раён
Дата смерти:
13.11.1985 Мінск, г.
Краткая справка:
літаратуразнавец, крытык, даследчык праблем грамадзянскасці беларускай паэзіі і прозы, творчай індывідуальнасці майстроў слова
Псевдонимы:
Барэйка В.; Варлен Б.; Мігай Лаўрэн
Имена на других языках:
Бечик Варлен Леонидович (русский);
4384 символа
Справка
Значны ўклад у беларускую крытыку і літаратуразнаўства XX ст. унёс адзін з самых адукаваных і эрудзіраваных крытыкаў свайго часу, чалавек адораны яркім адметным талентам, адмысловым адчуваннем і разуменнем паэзіі жыцця і паэзіі слова Варлен Леанідавіч Бечык.
Нарадзіўся даследчык у Астрашыцкім Гарадку Мінскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Яго невясёлае дзяцінства выпала на гады вайны – горкія, трагічныя, галодныя. Пасля заканчэння школы В. Бечык вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1960 г. На яго выбар паўплывала маці – Ларыса Лявонцьеўна Кароткая. Яна з дзяцінства выхавала ў сына добры густ да мастацкай кнігі, паэтычнага слова. Некаторы час В. Бечык выкладаў беларускую, рускую мову і літаратуру ў Пліскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна. У 1966 г. ён скончыў аспірантуру і працаваў у рэдакцыях газеты “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Нёман”. З 1972 г. быў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР, з 1981 г. – намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
У друку В. Бечык пачаў выступаць з 1959 г. Яго першыя літаратурна-крытычныя публікацыі звярнулі на сябе ўвагу не толькі маладым запалам, баявітасцю і бескампраміснасцю, але і вышынёй ідэйна-эстэтычных крытэрыяў, высокім прафесійным узроўнем. Пяру крытыка належаць артыкулы, прысвечаныя аналізу творчасці А. Куляшова (“Урокі Куляшова”), М. Танка (“Песня аб Радзіме”), П. Броўкі (“Што сэрца праспявала”), П. Панчанкі (“Хвалявацца за ўсіх і ўсё…”), М. Лужаніна (“Прасторы творчасці”), Н. Гілевіча (“Любоўю кроўнай…”), Е. Лось (“Ад сакавіка – да ліпеня…”), А. Пысіна (“Правам салдата і сейбіта”), С. Гаўрусёва (“Водсветы”), Р. Барадуліна (“Свет увесь жывы табой…”), А. Вярцінскага (“На аснове чалавечай роднасці…”), А. Сербантовіча (“За сінім парогам”) і інш. Яны замацавалі за В. Бечыкам бясспрэчны аўтарытэт руплівага і дасведчанага даследчыка паэзіі і літаратуры, здольнага ўплываць на літаратурны працэс. Шматлікія артыкулы і рэцэнзіі крытыка нясуць багатую інфармацыю, напоўненую глыбокімі актуальнымі, значнымі жыццёвымі і эстэтычнымі праблемамі, насычаную шчырым чалавечым хваляваннем, адкрытай радасцю, стрыманым болем. Манера яго пісьма свабодная ад схематызму і зададзенасці, эмацыянальна адкрытая і шчырая. У В. Бечыка-крытыка было выключна развіта пачуццё праўдзівасці. “Праўдзівасць – гэта жыццёвасць”, “праўда заўсёды высакародная”, – пісаў ён у дзённіку “Радкі і жыццё”. І гэта не проста гучныя словы, голая дэкларацыя. В. Бечык іх слушнасць даводзіў шматлікімі прыкладамі з сучаснай беларускай паэзіі. Любы фальш у літаратуры, у творы ён адчуваў адразу. Аб гэтым сведчаць яго кнігі “Свет жывы і блізкі” (1974), “Шлях да акіяна” (1981), “Прад высокаю красою…” (1984; Літаратурная прэмія імя І. Мележа, 1987), “Радзіме – радок і жыццё” (1986), у якіх ацэнка паэтаў, іх творчасці падпарадкована ідэі праўдзівасці і шчырасці.
Асаблівай тэмай для В. Бечыка стала творчасць паэтаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ім складзены зборнік “Песні змагання, 1941–1945: вершы беларускіх паэтаў” (1986), куды ўключаны вершы сарака аднаго беларускага паэта – удзельніка падзей тых векапомных дзён. Крытык лічыў, што гэтыя паэты заслугоўваюць большай увагі з боку даследчыкаў і грамадскасці. Лірыка М. Сурначова, А. Коршака, А. Жаўрука, З. Астапенкі і іншых – гэта эстэтычна паўнацэнная і глыбокая творчасць, у якой літаратуразнаўцу ўражвалі шчырасць і непадробнасць чалавечых перажыванняў, чысціня высокіх памкненняў, непасрэдная адпаведнасць высокага паэтычнага слова суровай, драматычнай праўдзе чалавечага жыцця. Гэта В. Бечык і адлюстраваў у артыкуле “Усё Радзіме аддалі…”, які выйшаў асобнай брашурай пад назвай “Радзіме – радок і жыццё” (1986).
В. Бечык быў адным з аўтараў “Истории белорусской советской литературы” (1977). У сааўтарстве з М. Ярошам выдаў манаграфію “Беларуская савецкая лірыка” (1979). В. Бечыкам напісана не адна прадмова і пасляслоўе да кніг вядомых беларускіх пісьменнікаў. Ён займаўся даследаваннем рускай класікі, літаратуры народаў СССР і замежнай літаратуры. Выступаў у ролі перакладчыка.
Лёс адмераў літаратуразнаўцу ўсяго 46 гадоў, але зроблена В. Бечыкам, нягледзячы на непрацяглае жыццё, нямала. Зроблена з грунтоўнасцю, таленавіта, з вялікай душэўнай самааддачай, а таму і трывала, на доўгі час.