Дата рождения:
12.01.1929 Сычыкі, в., Крычаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
28.12.2017
Краткая справка:
крытык, літаратуразнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1984)
Имена на других языках:
Бугаёв Дмитрий Яковлевич (русский);
4287 символов
Справка
Сярод даследчыкаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства адметнае месца займае Дз.Я. Бугаёў. Яго работы вызначаюцца глыбінёй думкі і арыгінальнасцю погляду на літаратурныя з’явы.
Нарадзіўся Дзмітрый Якаўлевіч у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы ён паступіў у Магілёўскае педвучылішча (1945–1948), затым вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце (1948–1952). Пасля заканчэння аспірантуры пры Мінскім педінстытуце (1952–1955), Дз. Бугаёў працаваў старшым выкладчыкам кафедры літаратуры Мазырскага педінстытута (1955–1959), пасля навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1959–1964). У 1964 г. Дз. Бугаёў вярнуўся на выкладчыцкую працу (з 1964 г. – дацэнт, а з 1987 г. – прафесар БДУ) і сумяшчаў яе з навуковай дзейнасцю.
Першыя літаратурна-крытычныя артыкулы Дз. Бугаёва пачалі з’яўляцца ў друку ў сярэдзіне пяцідзесятых гадоў. У асобе маладога аўтара праявіўся даследчык са сваім арыгінальным “почыркам”, які імкнуўся выявіць у творчасці пісьменніка ўсё лепшае, сучаснае і перспектыўнае. Першая кніга Дз. Бугаёва “Шчодрае сэрца пісьменніка” (1963) прысвечана пераважна даваеннай прозе М. Лынькова. У наступнай манаграфічнай працы “Паэзія Максіма Танка” (1964, 2-е выд. 2003) крытыкам разглядаецца творчасць паэта як давераснёўскай пары, так і савецкага часу, акрэсліваецца індывідуальнае мастацкае аблічча паэта, прасочваецца эвалюцыя пісьменніцкага стылю. Гэта кніга ахоплівае і глыбока аналізуе літаратурную спадчыну творцы. Гаворыцца ў ёй і пра чалавечую абаяльнасць М. Танка, згадваюцца асабістыя сустрэчы аўтара з ім.
Літаратуразнаўцу належыць ініцыятыва вярнуць з забыцця, нанава адкрыць такіх самабытных мастакоў слова, як У. Дубоўка і М. Гарэцкі “Уладзімір Дубоўка” (1965, 2-е выд. 2005) і “Максім Гарэцкі” (1968, 2-е выд. 2003). Асаблівасці таленту К. Крапівы разглядаюцца ў кнізе “Зброяй сатыры, зброяй праўды” (1971, 2-е выд. 2004). У зборніку артыкулаў і рэцэнзій “Шматграннасць” (1970) прааналізавана творчасць Б. Мікуліча, В. Каваля, І. Шамякіна, Я. Брыля, М. Лобана, А. Чарнышэвіча, І. Чыгрынава, М. Стральцова, Б. Сачанкі і інш. Разгорнуты літаратурна-публіцыстычны і сацыяльна-псіхалагічны агляд творчасці празаіка І. Мележа ўяўляе сабой кніга “Вернасць прызванню” (1977). Асаблівае месца ў навуковай дзейнасці Дз. Бугаёва займае кніга артыкулаў “Талент і праца” (1979), за якую аўтар у 1984 г. узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. Гэта кніга выніковая і ўключае найлепшыя навукова-крытычныя працы даследчыка. Змест кнігі шматгранна адлюстроўвае творчы дыяпазон аўтара. Дз. Бугаёў аднолькава ўпэўнена адчувае сябе і ў ролі гісторыка беларускай класікі, і ў ролі крытыка, і ў ролі папулярызатара найлепшых дасягненняў айчыннай літаратуры. Паэзія, проза, драматургія, крытыка, навука – такая шырыня ахопу матэрыялу. Кніга Дз. Бугаёва насычана і жанрава-стылёвай шматстайнасцю: манаграфічнае даследаванне, творчы партрэт, праблемныя, аглядныя, юбілейныя артыкулы, рэцэнзіі, водгукі. Артыкулам уласцівы і грунтоўнасць аналізу, і палемічны запал, і вытанчанасць формы.
Творчасці многіх пісьменнікаў, актуальным праблемам развіцця беларускай крытыкі прысвечаны кнігі “Чалавечнасць” (1985) і “Арганічнасць таленту” (1989). Дз. Бугаёў – адзін з аўтараў двухтомнай “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1964, 1966) і “Гісторыі…” у дзвюх частках (1981, 1982). Напрацаваная крытыкам на працягу ўсёй творчай дзейнасці літаратуразнаўчая тэхналогія плённая і ў новых умовах. Пра гэта сведчаць публікацыі, сабраныя ў кнігах “Дасягнутае і страчанае” (1999), “Спавядальнае слова” (2001), “Служэнне Беларусі” (2003). Дз. Бугаёву ўласцівы дар вобразнага бачання свету. Пра гэта гавораць яго ўспаміны “Жыццём ідучы…” (“Полымя”, 1995, № 11, 12), у якіх многа цікавых падрабязнасцей з жыцця 30–40-х гг. XX ст. Побач з малюнкамі жыцця ва ўспамінах увесь час прысутнічае глыбокі роздум, імкненне да абагульненняў.
Кнігі Дз. Бугаёва – своеасаблівыя нарысы, дзе суіснуюць роздум, інтэрв’ю, бытавыя занатоўкі, экскурсы, супастаўленні. Разнастайная дзейнасць аўтара (рэцэнзент, гісторык літаратуры, тэарэтык і метадыст, біёграф, бібліёграф, тэкстолаг) дае падставу глыбей зазірнуць у “сакрэты” прафесіі крытыка.