Дата рождения: 22.07.1919 Маслакі, в., Горацкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти: 05.05.2012
Краткая справка: мовазнавец, педагог, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік народнай адукацыі, кавалер ордэна Францыска Скарыны (1997)
Имена на других языках: Булахов Михаил Гапеевич (русский);
Адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх славістаў Міхаіл Гапеевіч Булахаў вывучаў беларускае, рускае і славянскае мовазнаўства, удасканальваў методыку выкладання лінгвістычных дысцыплін у навучальных установах. Ён аўтар шматлікіх навуковых, метадычных і энцыклапедычных прац: манаграфій, слоўнікаў, вучэбных дапаможнікаў, нарысаў, артыкулаў, рэцэнзій, водгукаў, тэзісаў дакладаў і інш.
Нарадзіўся М.Г. Булахаў у в. Маслакі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 г. скончыў факультэт мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Пасля служыў у Цэнтральнай групе войскаў у Чэхаславакіі і Венгрыі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». У сакавіку 1946 г. М.Г. Булахаў быў залічаны ў аспірантуру Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (МДПІ імя А.М. Горкага). З 1948 г. працаваў у ім асістэнтам, старшым выкладчыкам, затым загадчыкам кафедры рускай мовы. У 1950 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Исследование лексики Д.И. Писарева («Реалисты»)». З 1951 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, у 1952–1956 гг. загадчыкам сектара сучаснай беларускай мовы і культуры мовы. Таксама працягваў выкладаць у педінстытуце. У 1965 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «История адъективного формообразования и формоупотребления в белорусском языке». У 1966 г. стаў доктарам філалагічных навук, у 1967 г. – прафесарам. З 1965 г. М.Г. Булахаў працаваў загадчыкам кафедры агульнага мовазнаўства і рускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. З 1969 па 1975 г. рэдагаваў навуковы часопіс «Веснік БДУ. Серыя 4. Філалогія, журналістыка, педагогіка, псіхалогія». З 1975 г. выкладаў у МДПІ імя А.М. Горкага. У 1990–2005 гг. быў прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі мовы факультэта рускай філалогіі (установа ўжо мела назву «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка»). Шматграннай была грамадская дзейнасць М.Г. Булахава. Ён з'яўляўся членам Міжнароднай камісіі па гісторыі славістыкі пры Міжнародным камітэце славістаў, Навукова-метадычнага савета па рускай мове пры Міністэрстве адукацыі СССР і інш. З шэрагам дакладаў і паведамленняў выступаў на міжнародных славістычных кангрэсах, сімпозіумах. Чытаў лекцыі па славянскім мовазнаўстве ва ўніверсітэтах Беларусі, Расіі, Украіны, Славеніі, Балгарыі і Германіі і іншых краін. Пад кіраўніцтвам М.Г. Булахава падрыхтаваны і абаронены 33 кандыдацкія дысертацыі, ён быў таксама навуковым кансультантам 10 дактарантаў. У 1971 г. стаў заслужаным дзеячам навукі БССР.
З 1950-х гг. М.Г. Булахаў шмат працаваў над падрыхтоўкай навучальных дапаможнікаў па беларускай і рускай мовах для сярэдніх і вышэйшых педагагічных навучальных устаноў. Быў кіраўніком многіх калектыўных навуковых прац. Выдаў дапаможнік «Практыкаванні і матэрыялы па гісторыі беларускай мовы» (1956; перавыдадзены ў 1969 г. пад назвай «Практыкаванні і матэрыялы па курсу гісторыі беларускай мовы»). Стаў суаўтарам кнігі «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў «Беларуская мова» (ч. 1–2, 1955, 1958), «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1957, 1959, 1961), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1–2, 1962–1966), «Восточнославянские языки» (1987) і інш.
Большасць прац вучонага (каля 200) ахопліваюць праблемы сучаснай беларускай мовы, яе гісторыі і ўзаемадзеяння з іншымі славянскімі мовамі на розных этапах развіцця. Ён даследаваў мову старажытных беларускіх помнікаў, першадрукаў Ф. Скарыны, твораў ХVII–ХХ стст. З’яўляецца аўтарам навуковых прац «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХIХ–ХХ стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы ХIV–ХVII стагоддзяў» (ч. 2. Сінтаксічны нарыс, 1971; ч. 3. Лексікалагічны нарыс (агульнаславянская лексіка), 1973). Ён аўтар першага ў айчынным мовазнаўстве біябібліяграфічнага слоўніка «Восточнославянские языковеды» (т. 1–3, 1976–1978). У ім змешчаны найбольш важныя звесткі пра жыццё і навуковую дзейнасць рускіх, беларускіх і ўкраінскіх навукоўцаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё лінгвістычных ведаў ва ўсходнеславянскіх краінах з ХVI па ХХ ст. У 26 (з 354) нарысах расказваецца пра беларускіх лінгвістаў І.І. Насовіча, Я.Ф. Карскага, Б.А. Тарашкевіча, С.М. Некрашэвіча, М.Я. Байкова, П.А. Бузука і інш. Заснавальніку беларускага мовазнаўства Я.Ф. Карскаму ён прысвяціў манаграфію «Евфимий Фёдорович Карский: жизнь, научная и общественная деятельность» (1981), у якой прааналізаваў галоўныя лінгвістычныя працы акадэміка. У 2001 г. была выдадзена кніга М.Г. Булахава «Славянские языки: происхождение, история, современное состояние», у якой прадстаўлены кароткія звесткі пра гісторыю вывучэння славянскіх моў вучонымі Расіі, Украіны, Беларусі, даецца падрабязная характарыстыка кожнай славянскай мовы з апісаннем паходжання, гісторыі развіцця і сучаснага стану. Навуковы пяцітомны слоўнік аўтара «Опыт исторического словаря русской лигвистической терминологии» (т. 1–5, 2002–2005) – эталон славянскай тэрмінаграфіі. Складаецца з артыкулаў (каля 6570), размешчаных у алфавітным парадку тэрмінаў. Аўтар даследаваў асобныя тэрміны, выкарыстаныя ў старадрукаваных усходнеславянскіх граматыках і слоўніках ХVI–ХVII стст., а таксама тэрміны, зафіксаваныя ў розных лінгвістычных часопісах, зборніках артыкулаў, рэфератыўных аглядах, публікацыях дакладаў і матэрыялаў міжнародных славістычных кангрэсаў, сімпозіумаў, якія праходзілі ў другой палове ХХ ст. Асаблівае месца сярод даследаванняў М.Г. Булахава займаюць працы, прысвечаныя знакамітаму паэтычнаму помніку ўсходніх славян – «Слову о полку Игореве». Фундаментальная кніга «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке» (1989) стала плёнам напружанага пошуку новых фактаў і дакументаў, глыбокага асэнсавання, аналізу і сістэматызацыі назапашанага матэрыялу, першым вопытам энцыклапедычнага абагульнення вынікаў даследаванняў твора і асваення помніка ў літаратуры і мастацтве розных краін. Усяго ў слоўніку больш за 400 артыкулаў, якія дазваляюць прадставіць гісторыю вывучэння помніка ў Беларусі і за мяжой. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у стварэнні пяцітомнай «Энциклопедии «Слова о полку Игореве» (т. 1–5, 1995). У 2000 г. выйшла з друку манаграфія М.Г. Булахава «Слово о полку Игореве» і Беларусь» (у 2 ч.), у якой праведзены параўнальны лінгвістычны аналіз перакладаў твора на беларускую мову. У 2012 г. была апублікавана кніга «Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары «Слова о полку Игореве»; у 2013 г. – «Слово о полку Игореве» в переводах на славянские языки XIX–XX вв.». Навуковыя даследаванні М.Г. Булахава публікаваліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Сербіі, Балгарыі, Польшчы, ЗША, Германіі і іншых краінах. Некаторыя працы атрымалі высокую ацэнку ў шматлікіх друкаваных водгуках і рэцэнзіях айчынных і замежных філолагаў.
За плённую навуковую і педагагічную дзейнасць вучоны ўзнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы БССР», медалямі, у тым ліку медалём Ф. Скарыны (1990), ордэнам Ф. Скарыны (1997), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Беларусі і інш. У гонар 95-годдзя з дня нараджэння М.Г. Булахава ў 2014 г. у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка была праведзена навуковая канферэнцыя «Слова ў часе і прасторы».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.