Калюга Лукаш (сапраўднае імя Вашына Канстанцін Пятровіч)
Дата рождения:
27.09.1909 Скварцы, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
22.10.1937
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, аўтар аповесцей, шэрага апавяданняў пра жыццё беларускай дарэвалюцыйнай вёскі, перакладаў твораў П. Панча, Ю. Алешы, Я. Гашака
Псевдонимы:
Калюга Лукаш
Имена на других языках:
Вашина Константин Петрович (русский);
4072 символа
Справка
У скарбніцы лепшых здабыткаў беларускай літаратуры вылучаюцца творы аднаго з самабытных празаікаў 20-х – пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Лукаша Калюгі (сапраўднае прозвішча Канстанцін Пятровіч Вашына). “Пісьменнік… і не абы-які пісьменнік… Богам дадзены талент”*, – казаў пра яго К. Чорны.
Нарадзіўся Л. Калюга ў сялянскай сям’і. Маленства будучага пісьменніка прайшло ў вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). Тут ён сфарміраваўся як асоба, увабраў у сябе тое, што склала адметнасць яго творчасці: мараль, этыку, традыцыі; убачыў і спазнаў прататыпаў сваіх будучых персанажаў. З твора ў твор пісьменніка пераходзіць вёска Баркаўцы, за назвай і самымі рознымі прыметамі якой лёгка ўгадваюцца родныя пісьменніку Скварцы. Пасля заканчэння Станькаўскай сямігодкі ў 1926 г. ён паступіў у Магілёўскі педтэхнікум, які хутка пакінуў, а ў 1927 г. стаў студэнтам Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Мінску і сябрам аб’яднання “Узвышша”. Пасля заканчэння тэхнікума два гады працаваў у Навукова-даследчым інстытуце прамысловасці Вышэйшага Савета Народнай гаспадаркі БССР і нейкі час на Беларускім радыё. У 1933 г. Л. Калюга быў арыштаваны, асуджаны і высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці, а ў 1937 г. – расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1956 і 1965 гг.
Творчы шлях пісьменніка пачаўся вельмі рана. Яшчэ ў час вучобы ў сямігодцы ён стаў дасылаць свае допісы пра жыццё роднай вёскі ў папулярную тады газету “Беларуская вёска”, а ў 1927 г. у газеце “Чырвоны сейбіт” быў апублікаваны першы твор празаіка – апавяданне “Вясна”, у якім расказваецца пра класавыя канфлікты на вёсцы, кантрастна малюецца жыццё сялян. У 1928 г. пабачыў свет першы буйны эпічны твор Л. Калюгі – аповесць “Ні госць ні гаспадар”, якая належыць да ліку так званай юнацкай аповесці. Л. Калюга другі пасля Я. Коласа (аповесць “На прасторах жыцця”) стварыў значны твор пра маральна-духоўнае аблічча моладзі 20-х гг., пра першых камсамольцаў. У 1929 г. з’явіўся цыкл яго гумарыстычных апавяданняў – “Трахім – штучны чалавек”, “Іллюк-даследчык”, “Як Міхалюку Баркаўцы даліся ў знакі”, “Тахвілін швагер”. У іх няма інтрыгуючых сюжэтаў, але створаны цікавыя народныя характары. У мастацкую тканіну апавяданняў уключаны народныя прыметы, звычаі, легенды, забабоны. Як твор шырокага эпічнага гучання была задумана пісьменнікам аповесць “Нядоля Заблоцкіх” (1931) пра дакастрычніцкае жыццё сялянства. Пабачыла свет толькі першая частка твора “Прыгоды і летуценні”. Аповесць адметная сваёй філасафічнасцю, выкарыстаннем элементаў міфалогіі. У ёй ярка выявіўся гумарыстычны талент Л. Калюгі, яго схільнасць да народнай дасціпнасці і жарту. Сярод няскончаных твораў пісьменніка – аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зоры Вам Вядомага горада”, раман “Пустадомкі”. Пісаліся яны ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак. Раман “Пустадомкі” (апублікаваны ў 1990 г.) найбольш буйны і найбольш цэласны з напісанага пісьменнікам у выгнанні. Аўтар малюе жыццё горада і вёскі ў пачатку 30-х гадоў. Гэта быў час калектывізацыі, калі людзі пакідалі вёску, хто як кулакі пад прымусам, хто ў пошуку лепшай долі ў горадзе. Частка з іх станавілася “пустадомкамі” – бяздомнымі і беспрытульнымі. Плённа працаваў Л. Калюга і на ніве перакладу. Яму належыць пераклад раманаў Ю. Алешы “Зайздрасць”, Я. Гашака “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка”, аповесці П. Панча “Блакітныя эшалоны”.
Творы Л. Калюгі вылучаліся сярод літаратурных узораў яго часу маштабнасцю паказу падзей, глыбінёй асэнсавання пераўтварэнняў у вясковым жыцці. Уражвае мова аўтара, яе натуральнасць. «Жывая гаворка найперш вясковых людзей, а потым і гараджан, “інтэлігентаў у першым пакаленні”, перанесеная на старонкі кніг, стварае ўмовы для адпаведнага разумення вобразаў і абставін, з якімі знаёміць чытачоў пісьменнік»*, – адзначае Л. Алейнік. Творы Л. Калюгі здольны шматгранна ўзбагаціць нашу сучасную беларускую мову.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Цыт. па: Калюга, Л. Творы : раман, аповесці, апавяданні, лісты / Лукаш Калюга. Мінск, 1992. С. 8.