Имена на других языках:
Вейсенгоф Генрих Владиславович (русский);
3475 символов
Справка
У беларускім выяўленчым мастацтве XIX – пачатку XX ст. творчасць выдатнага жывапісца, майстра глыбока эмацыянальнага пейзажа Генрыха Уладзіслававіча Вейсенгофа займае асобнае месца.
Выхадзец з шляхецкага роду нямецкага паходжання Генрых Уладзіслававіч нарадзіўся ў былым маёнтку Пакрэўна Ковенскай губерні (цяпер Рокішкскі раён Літвы). Яго бацька, пісьменнік Уладзіслаў Вейсенгоф, за ўдзел у паўстанні 1863 г. быў сасланы ў Сібір, куды ўслед за ім выехала маці Г. Вейсенгофа разам з дзецьмі. Там, у Кунгуры, дзякуючы ссыльнаму жывапісцу Люцыяну Крашэўскаму, роднаму брату гісторыка і пісьменніка Юзафа Крашэўскага, Генрых упершыню адкрыў для сябе непаўторны свет мастацтва. У Кунгуры сям’я Вейсенгофаў знаходзілася да 1874 г. Пасля заканчэння ссылкі ўлады дазволілі бацьку пасяліцца ў Варшаве, дзе Г. Вейсенгоф пачаў вучыцца ў Рысавальнай школе вядомага педагога і мастака В. Герсана. Таленавітым юнаком зацікавіўся жывапісец Г. Семірадскі. Ён дапамог Генрыху ў 1878 г. паступіць у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Пасля яе заканчэння ў 1882 г. Г. Вейсенгоф жыў у асноўным у маёнтку Русаковічы Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён), куды пераехалі з Варшавы яго бацькі. Адтуль ён выязджаў у Мюнхен і Парыж, дзе ўдасканальваў мастацтва; каб не парваць кантактаў са сталічнымі мастакамі, наведваў Пецярбург. Напісаныя ў Русаковічах пейзажы зрабілі Г. Вейсенгофа вядомым не толькі ў Расіі, але і далёка за яе межамі. Першую сапраўдную вядомасць мастаку прынесла яго карціна “Снег”, якая дэманстравалася ў 1888 г. на выстаўцы ў Пецярбургу (у 1900 г. ёй быў прысуджаны сярэбраны медаль у Парыжы). У 1889 г. за кампазіцыю “Перавозка параненых” Г. Вейсенгоф быў удастоены звання мастака і сярэбранага медаля. У 1891 г. на мастацкай выстаўцы ў Львове залатым медалём быў узнагароджаны пейзаж Г. Вейсенгофа “Куток у Польным”, а карціна “Беларускія могілкі. Русаковічы” ў тым жа годзе атрымала ганаровую прэмію ў Берліне. У 1911 г. на выстаўцы ў Мінску Генрых Уладзіслававіч экспанаваў карціну “Прадчуванне”, эцюды “Гусі”, “Лось”, “Від Палесся” і інш. Пераважная большасць твораў мастака – светлыя па сваёй унутранай напоўненасці. Занатоўваючы на палотнах родныя краявіды, якія былі часцінкай яго біяграфіі, мастак станавіўся своеасаблівым летапісцам Русаковічаў і наваколля. Значнае месца ў творчасці Г. Вейсенгофа займалі так званыя паляўнічыя сцэны – карціны “Беларускія паляўнічыя”, “Паляўнічыя з сабакамі”. Мастаку належаць цудоўныя ілюстрацыі да паляўнічых апавяданняў яго брата Юзафа Вейсенгофа.
Зарэкамендаваў сябе Г. Вейсенгоф і як графік: у 1901 г. афармляў у Мінску сельскагаспадарчую і прамысловую выстаўку, распрацаваў эскіз дыплома, якім узнагароджваліся пераможцы. Творы мастака захоўваюцца ў музеях Варшавы, Кракава, Вільні, ёсць яны і ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Вялікая заслуга Г. Вейсенгофа і як збіральніка мастацкіх каштоўнасцей. У маёнтку Русаковічы захоўвалася значная колькасць жывапісных твораў мастакоў Беларусі, у тым ліку “Аўтапартрэт” мінскага мастака Я. Дамеля, партрэты В. Ваньковіча і Я. Рустэма, мноства пейзажаў мясцовых мастакоў.
У 1918 г. Г. Вейсенгоф пакінуў родныя мясціны і пераехаў у Варшаву, якая была яго прыстанішчам у маладосці. Удзельнічаў у яе творчым жыцці, але так плённа як дагэтуль ужо не працаваў. Мастаку не хапала Радзімы, родных Русаковічаў, якія нарадзілі яго як жывапісца і назаўсёды ўвайшлі дзякуючы яму ў гісторыю беларускага мастацтва.