Дата рождения:
15.12.1937 Тарэйкі, в., Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
05.12.2016
Краткая справка:
графік, жывапісец, тэатральны мастак, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (1998)
Имена на других языках:
Zhdan Yaughen Ivanavitch (не определен); Ждан Евгений Иванович (русский);
5961 символ
Справка
Яўген Іванавіч Ждан з’яўляецца яркім прадстаўніком сучаснага выяўленчага і тэатральнага мастацтва Беларусі.
Нарадзіўся ён у в. Тарэйкі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1961), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967). Вучыўся ў таленавітых майстроў М. Сеўрука, П. Крахалёва, Я. Чамадурава, П. Масленікава, якія аказалі значны ўплыў на яго творчае станаўленне. У 1967–1987 гг. працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. У 1987–1994 гг. быў галоўным мастаком Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, у 1995–2000 гг. галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. З 1963 г. Я. Ждан пачаў удзельнічаць у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках. З 1974 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў (БСМ). Ён быў членам праўлення БСМ, доўгі час узначальваў секцыю мастакоў тэатра, кіно і тэлебачання. У 1982 г. атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.
Схільнасць Я. Ждана да абагульненняў і філасофскага падтэксту, майстэрства сумяшчаць рэалістычную вобразнасць з сімволікай і авангардам садзейнічалі стварэнню арыгінальных спектакляў. У тэатры оперы і балета мастак аформіў балеты «Пасля балю» Г. Вагнера (1971), «Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева (1973), «Пахіта» (1973) і «Дон Кіхот» (1979) Л. Мінкуса, «Сон у летнюю ноч» Ф. Мендэльсона-Бартольдзі (1999); оперы «Князь Ігар» А. Барадзіна (1967; I прэмія на Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ у Маскве ў 1967 г.), «Фаўст» Ш. Гуно (1972), «Русалка» А. Даргамыжскага (1974), «Галька» С. Манюшкі і «Іаланта» П. Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж. Вердзі (1981), «Медыум» Дж. Меноці (1989). У тэатры музычнай камедыі аформіў спектаклі «Паненка і хуліган» на музыку Д. Шастаковіча (1982), «Цыганскі барон» І. Штраўса (1997), «Севастопальскі вальс» К. Лістова (1998), «Даратэя» Ц. Хрэннікава (1999), «Вальпургіева ноч» Р. Вагнера (2003) і інш. Ён таксама аўтар шматлікіх плакатаў-афіш да спектакляў. Яўген Ждан тонка адчувае эпоху і яе стыль, створаныя ім дэкарацыі адпавядаюць зместу пастановак, вызначаюцца паэтычнасцю, метафарычнасцю, багаццем мастацкіх сродкаў. Эскізы сцэнічнага адзення ён робіць з тонкім разуменнем тэмы, характару персанажаў. Касцюмам-вобразам, якія стварыў Я. Ждан, уласцівы экспрэсія, дынамізм, гістарычная дакладнасць. Мастак умела выкарыстоўвае акустыку, асвятленне і іншыя тэхнічныя сродкі, а таксама кожны прадмет і дэталь інтэр’ера. Усё гэта ўзмацняе эмацыянальнае і ідэйна-мастацкае ўздзеянне спектакля. У 1984–1995 гг. ён удзельнічаў у маштабным афармленні ўрачыстых гала-канцэртаў, бенефісаў, агульнанародных юбілейных свят.
Яўген Ждан – мастак вельмі шырокага дыяпазону. Уражвае колькасць яго жывапісных, а таксама графічных і станковых работ. Усе яны непаўторныя, разнастайныя і па сюжэтах, і па тэхніцы выканання. Перадаюць падчас суровыя, манументальна-лаканічныя, але разам з тым жыццесцвярджальныя вобразы. Яўген Ждан з’яўляецца аўтарам жывапісных карцін «Бітва пад Целяханамі» (1972), «Князь Юрый Нясвіжскі» (1986), «Святая княгіня Сафія Слуцкая» (1991), «Князь Чарадзей Полацкі» (1993), «Рагнеда» (1995) і інш.; станковых работ «Слова аб палку Ігаравым» (1966), «Чарнобыль» (1987), «1000-годдзе хрышчэння Русі» (1988), «1000-годдзе славянскай пісьменнасці і культуры» (1989) і інш.; графічных твораў «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986), «500-годдзе Ф. Скарыны» (1990) і інш. Сярод мноства работ вылучаюцца цыклы «Беларускія праваслаўныя святыя» (1967–1991), «Жыціе беларускіх святых» (1989–1994), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991). Цыкл «Беларускія праваслаўныя святыя» быў асвечаны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам і падараваны Нясвіжскаму Свята-Узнясенскаму храму.
Мастак валодае талентам партрэтыста. Творы такога плана вылучаюцца рэалістычнай выразнасцю. Ён стварыў партрэты А. Міцкевіча, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Агінскага, У. Сыракомлі, М. Багдановіча, М. Шагала, П. Масленікава і інш. Ім напісана шмат партрэтаў родных людзей, аднавяскоўцаў, аўтапартрэтаў. Адным з галоўных у яго творчасці выступае вобраз жанчыны. Гэта сястра, жонка, сяброўка, і самае высокае яе прызначэнне – маці, якая дае жыццё, ахоўвае яго. Народжаны на палатне вобраз маці, які ён увасобіў у розныя гады жыцця, сумны і светлы, просты і ўзвышаны, кранае самыя патаемныя і шчырыя пачуцці. Асаблівае месца ў творчасці майстра займаюць пейзаж і нацюрморт, дзе дамінуюць узнёслы настрой, прыгажосць і замілаванне прыродай. Цеплынёй і любоўю да роднага краю прасякнуты пейзажы «Вёска майго дзяцінства – Тарэйкі» (2000), «Нясвіжскае дзікае возера» (2003), «Палац Рдултоўскіх» (2011) і інш.
У 1997 і 2003 гг. з вялікім поспехам прайшлі выстаўкі Я. Ждана ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Таксама ў 2003 г. адбылася выстаўка яго работ у Нацыянальным гісторыка-краязнаўчым музеі-запаведніку «Нясвіж». Шмат сваіх карцін мастак падараваў гэтым установам культуры. У 2005 г. быў адкрыты дом-музей Я. Ждана ў в. Сноў Нясвіжскага раёна, у якім на двух паверхах экспануецца звыш ста прац мастака. Работы Я. Ждана знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў Мінску, фондах БСМ, Дзяржаўным цэнтральным тэатральным музеі імя А. А. Бахрушына і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Францыі і іншых краін. На аснове яго работ выдадзены манаграфія і вялікая колькасць альбомаў.
За вялікі ўклад у мастацтва Я. Ждан быў узнагароджаны медалямі Ф. Скарыны (1994), «За асобыя дасягненні ў мастацтве» (1996). У 1976 г. стаў лаўрэатам Рэспубліканскага і Усесаюзнага конкурсаў творчай моладзі. У 1998 г. ён атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». Быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа» (2007).