Краткая справка:
педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царкоўны дзеяч
Варианты имени:
Яўлевіч Ігнацій
Имена на других языках:
Евлевич Игнатий (русский); Иевлевич Игнатий (русский);
2494 символа
Справка
Значную ролю ў грамадскім і культурным жыцці Полацка ў 1640–1660-я гг. адыгрываў Ігнацій Іяўлевіч (ці Яўлевіч) – адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу.
Нарадзіўся ён у Магілёве ў сям’і небагатага мешчаніна. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Шклове, затым вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе. У 1630 г. паступіў у брацкую школу Кіеўскага Богаяўленскага манастыра, дзе вывучаў рускую мову і латынь. Некаторы час быў выхавацелем у дзяцей заможных гараджан і шляхты. У далейшым на працягу трох гадоў вывучаў тэалогію і медыцыну ў Замойскай акадэміі (Польшча). Пасля заканчэння навучання працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам калегіі С. Пачаскім І. Іяўлевіч удзельнічаў у арганізацыі ў г. Ясы (княства Малдова, цяпер у Румыніі) славяна-грэка-лацінскай акадэміі – першай буйной малдаўскай навучальнай установы, якая адкрылася ў 1640 г. У 1647 г. прыняў манаскі пострыг у Кіеве. Шмат вандраваў, займаўся педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю ў Львове, Ярославе, Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве, Оршы i іншых гарадах. З 1655 г. І. Іяўлевіч жыў у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага мужчынскага манастыра, пры якім адкрыў школу i бібліятэку. З 1660 г. адначасова – архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Ён апекаваў мясцовых паэтаў Ф. Утчыцкага і Сімяона Полацкага, падтрымліваў сувязі з рускімі дзяржаўнымі i культурнымі дзеячамі, у тым ліку з Ф. Рцішчавым i А. Ардын-Нашчокіным. Як адукаваны чалавек і здольны прамоўца, І. Іяўлевіч карыстаўся павагай рускага цара Аляксея Міхайлавіча, Маскоўскіх патрыярхаў Нікана і Іаакіма. Ён прымаў актыўны ўдзел у Маскоўскім царкоўным саборы 1660 г. па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра I. Іяўлевіча ўтрымліваюцца ў яго перапісцы з Маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студзень – сакавік 1686 г.
З літаратурнай спадчыны І. Іяўлевіча да нашых дзён дайшла аўтабіяграфічная запіска на польскай мове (апублікавана ў 1886 г.). У ёй змешчаны матэрыялы па гісторыі гарадской адукацыі ў другой чвэрці XVII ст., якія сведчаць пра культурныя і педагагічныя ўзаемасувязі беларускага і ўкраінскага народаў. Захаваліся яго прамовы на польскай і рускай мовах, напісаныя да розных рэлігійных і палітычных падзей, некалькі пісем да Сімяона Полацкага. Вядомы таксама дэкламацыя І. Іяўлевіча на прыезд у Магілёў Віцебскага, Аршанскага, Мсціслаўскага i Магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (1650) i некалькі вершаў у жанры элегіі.