Дата рождения:
10.10.1929 Станькава, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
11.05.1944
Краткая справка:
піянер-партызан у Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1965), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ст., медалямі
Имена на других языках:
Казей Марат Иванович (русский);
2546 символов
Справка
Марат Іванавіч Казей нарадзіўся ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны скончыў 4 класы сельскай школы. Калі ў вёску прыйшлі немцы, вучоба Марата скончылася, бо школа была пераўтворана ў казарму. Пасля пакарання смерцю фашыстамі маці, якая хавала ў сябе дома партыйных дзеячаў, 12-гадовы хлопчык у ліпені 1942 г. разам з сястрой пайшоў да партызанаў.
Стаўшы членам атрада “25 гадоў Кастрычніка”, Марат хадзіў у тыл ворага для збору разведданых аб нямецкіх гарнізонах, не раз прымаў удзел у дыверсіях на аўтамабільных і чыгуначных дарогах. Баявое хрышчэнне ён атрымаў у Станькаўскім лесе ў студзені 1943 г. У сваім першым баі Марат, нягледзячы на параненую руку, застаўся на пазіцыі і сваім прыкладам падняў таварышаў у контратаку. За праяўленыя адвагу і мужнасць быў прадстаўлены да медаля “За адвагу”. Пасля лячэння юны партызан працягваў хадзіць у разведку, удзельнічаць у дыверсіях. Дзякуючы атрыманым ім звесткам, партызаны разграмілі нямецкі гарнізон Дзяржынска. Зімой 1943 г. у ходзе бою на Слуцкай шашы Марату ўдалося здабыць найважнейшыя дакументы – карты і планы нямецкага камандавання. Перапраўленыя надыходзячым войскам Чырвонай арміі яны дапамаглі справе вызвалення Беларусі. У сакавіку 1943 г. атрад імя Фурманава трапіў у акружэнне. Яго камандзір не мог звязацца з іншымі партызанскімі атрадамі каб папрасіць дапамогі, але Марат здолеў прабіцца скрозь шчыльныя рады ворагаў і прывесці падмацаванне. Дзякуючы гэтаму фашысты былі разбіты, дзясяткі савецкіх байцоў засталіся жывымі, і атрад захаваўся як паўнавартасная баявая адзінка. За гэты гераічны ўчынак камандаванне брыгады ўзнагародзіла юнага партызана медалём “За баявыя заслугі”.
11 мая 1944 г. Марат Казей разам з камандзірам партызанскай разведкі вярталіся з задання. Каля вёскі Харамецкае Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ім нечакана прышлося ўступіць у бой. Камандзір загінуў амаль адразу, цяжка паранены Марат адстрэльваўся да апошняга патрона. Калі яны скончыліся, 14-гадовы хлопчык гранатай падарваў сябе і фашыстаў, выбраўшы смерць, а не палон.
Званне Героя Савецкага Саюза Марату Іванавічу Казею было прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 г.
У гонар юнага партызана, які здзейсніў вялікі подзвіг у імя свабоды роднай краіны, названы вуліцы ў Мінску і вёсцы Станькава. Яго імя прысвоена многім школам, дзіцячым лагерам. Гераічнаму жыццю Марата Казея і яго сястры Арыядны прысвечаны кнігі пісьменнікаў В.М. Марозава і Б.А. Касцюкоўскага.