У сузор’і майстроў купалаўскай сцэны пачэснае месца займае яркі, самабытны акцёр Павел Васілевіч Кармунін. Шлях П. Кармуніна як акцёра пачаўся ў гады вайны, калі ён, малады сяржант, у мінуты перадышкі паміж баямі весяліў салдат смешнымі рэпрызамі, жартамі, расказамі. З 1941 па 1944 г. ён кіраваў франтавымі ансамблямі, а пасля Перамогі працаваў у Тэатры Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне. Мірнае жыццё прывяло П. Кармуніна на сцэну Казанскага рускага драматычнага тэатра імя В. Качалава. Ужо тады малады артыст вызначаўся вялікай працавітасцю, патрабавальнасцю да сябе, захопленасцю і творчым запалам.
У 1963 г. П. Кармунін быў запрошаны студыяй “Беларусьфільм” на здымкі карціны “Рагаты бастыён” па п’есе А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце”. З гэтага часу ён і застаўся ў Беларусі, а тэатр імя Я. Купалы стаў яго домам, акцёрскім лёсам. Першай роляй на сцэне Купалаўскага тэатра была роля Іліко ў спектаклі “Я, бабуся, Іліко і Іларыён” Н. Думбадзе і Р. Лордкіпанідзе, дзе, перайшоўшы з рускай сцэны на беларускую, ён бліскуча сыграў па-беларуску ролю грузінскага вяскоўца. Вобраз свайго героя П. Кармунін стварыў ярка, праўдзіва, жыццярадасна. Гэтая роля ўтрымлівае шмат усемагчымых дэталей, такіх як зухаватасць, камедыйная вастрыня, глыбокі драматызм. Усё гэта знайшло належнае ўвасабленне ў сцэнічным тлумачэнні П. Кармуніна. Спектакль доўгі час жыў на сцэне тэатра, радаваў і захапляў гледачоў цудоўнымі характарамі мудрых людзей, часткай якіх быў Іліко-Кармунін.
Наступнай значнай працай П. Кармуніна была галоўная роля ў спектаклі “Дзядзька Ваня” А. Чэхава. У 1967 г. у спектаклі “Блакада” У. Іванава ён выканаў ролю палітычнага прыстасаванца Кісяля, пазней ролю дзеда Цярэшкі ў спектаклі “Рудабельская рэспубліка” паводле С. Грахоўскага. Лірычнае адценне набыла новая праца Кармуніна – вобраз Максіма Пятрова ў “Традыцыйным зборы” В. Розава. У спісе акцёра з’явіліся і іншыя прынцыпова важныя для яго работы: Даніэль Дэфо (“… Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!” Д. Аля), Навум Еўсцігнеевіч (“Характары” паводле апавяданняў В. Шукшына), Святар Іарам (“Закон вечнасці” Н. Думбадзе) і інш. У разнастайнай галерэі сцэнічных характараў вылучаецца роля Лукі ў пастаноўцы “На дне” М. Горкага. З вобразам старога-хітруна Лукі сутыкаліся многія акцёры, але не многім удалося дасканала ўвасобіць на сцэне гэты унікальны горкаўскі персанаж. Лука ў тлумачэнні П. Кармуніна – пастыр, які хоць і прапаведуе дабро, справядлівасць, але па-сутнасці абыякавы да канкрэтных чалавечых лёсаў, жыхароў начлежкі. Акцёр дакладна перадаў двухаблічнасць героя. За якую б работу ні браўся П. Кармунін, яна станавілася адной з самых прыметных, выключных у спектаклі. А сам акцёр заўсёды дэманстраваў усё новыя і новыя магчымасці, нечаканыя грані свайго таленту. Манера ігры яго вызначалася выключнай прастатой. Але гэта знешняя сцэнічная прастата напаўнялася тэатральнай выразнасцю, вялікай мастацкай праўдай і тонкай псіхалагічнай нюансіроўкай кожнага створанага вобраза. Ярка гэта праявілася ў характарах беларускай драматургіі: Чарнушка (“Людзі на балоце” І. Мележа), Лявон Зяблік (“Раскіданае гняздо” Я. Купалы), Бацька (“Парог” А. Дударава), Торгала (“Брама неўміручасці” К. Крапівы), Іахім (“Напісанае застаецца” А. Петрашкевіча), Кудасаў (“Пагарэльцы” А. Макаёнка), Хведар Карыцын (“Жыццё Карыцына, або Урокі хірамантыі” А. Паповай) і інш.
Багатая жанравая палітра дазваляла акцёру з лёгкасцю пераходзіць ад сур’ёзных і трагедыйных роляў (Зазыба ў “Плачы перапёлкі” І. Чыгрынава, Парфірый “У мяцеліцу” Л. Лявонава) да сатырычных і камедыйных (Хлопаў у “Рэвізоры” М. Гогаля, Кічкайла ў “Амністыі” М. Матукоўскага).
Цэлую галерэю праўдзівых, непаўторных вобразаў стварыў П. Кармунін на сцэне Купалаўскага тэатра. І нават тыя вобразы (Кропля ў “Канстанціне Заслонаве” А. Маўзона і Крыніцкі ў “Паўлінцы” Я. Купалы), якія яму давялося прадоўжыць пасля Г. Глебава і У. Дзядзюшкі, акцёр не паўтараў, не капіраваў, а па-свойму, з улікам сваёй індывідуальнасці, іграў сакавіта, ярка.
Вялікую папулярнасць і любоў гледачоў заваяваў П. Кармунін як акцёр кіно. Шмат вобразаў на розных студыях стварыў беларускі артыст. Найбольш значнымі з іх былі: чырвонаармеец Карпушонак (“Красная плошча”), станічнік Прохар (“У блакітным стэпе”), дырэктар школы (“Я родам з дзяцінства”), цесць (“У профіль і анфас”) і інш.
Апошняй у творчым жыцці акцёра стала роля бацькі Аўдзея ў спектаклі “Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева, дзе П. Кармунін выходзіў на родную сцэну ў 80-гадовым узросце. Творчая дзейнасць П. Кармуніна – натхнёны шлях акцёра, які да апошніх дзён быў адданы справе нацыянальнага мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.