Якаў Маркавіч (Янкель Мордухавіч) Кругер, вядомы мастак-партрэтыст, нарадзіўся ў Мінску ў сям’і рамесніка. Вучыўся ў мясцовым хедэры, затым у чатырохкласным рамесным вучылішчы. У 1883 г. быў залічаны ў Кіеўскую школу малявання М.І. Мурашкі, адначасова наведваў агульнаадукацыйныя курсы. Пасля заканчэння вучобы спрабаваў паступіць у Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. У 1887 г. Я. Кругер прыехаў у Варшаву, дзе каля года вучыўся ў польскага партрэтыста Л. Горавіца. З 1888 па 1895 г. працягваў адукацыю ў Парыжы ў акадэміі Р. Жуліяна. У час вучобы выязджаў у Англію, Германію, Бельгію, дзе наведваў музеі і карцінныя галерэі. З Парыжа ў Мінск мастак прыслаў мініяцюрны «Аўтапартрэт у чырвоным берэце» (1889). Гэта быў самы ранні з яго вядомых партрэтных твораў, у якім відавочны ўплыў эпохі італьянскага кватрачэнта. У красавіку 1895 г. Я. Кругер вярнуўся ў Мінск. У снежні 1897 г. паступіў вольным слухачом у Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. У гэты перыяд напісаў некалькі карцін. Найбольш вядомымі з’яўляюцца «Ранішняя малітва» (1897) і «Аўтапартрэт з палітрай» (1899). Яго дыпломная карціна «На суд прафесара» (1900), выкананая ў жанры бытавога жывапісу, атрымала высокую ацэнку і была набыта мастацкім музеем Пензы. У лістападзе 1900 г. Я. Кругер прыехаў у Мінск, дзе адразу прыняў актыўны ўдзел у культурным жыцці горада. У 1901–1903 гг. на выстаўках, якія арганізавала Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, экспанаваліся яго раннія творы. Сярод іх найбольшую цікавасць выклікалі «Партрэт брата» (1896) і «Скрыпач Ю.Р. Жухавіцкі» (1897). Карціны адрозніваліся стрыманым каларытам і кампазіцыйнай прасторай. Пачынаючы з 1901 г. у жывапісе Я. Кругера была выразна выяўлена яўрэйская тэматыка. Героямі твораў сталі рабіны, талмудысты, перапісчыкі Торы. Гэтую серыю адкрывала карціна «Каўказскі яўрэй» (1901). У 1904 г. з’явілася палатно «Ілуй», пазней – «Яўрэй з бакалам» (1914) і інш. Пад уражаннем рэвалюцыйных падзей і чарнасоценных пагромаў 1905 г. у Мінску была напісана карціна «Пагром», якую жандары знішчылі ў майстэрні мастака. Сцэны з жыцця і побыту яўрэяў адлюстраваны таксама ў творах бытавога жанру «Духоўны суд» і «Пісец Торы» (1911), «Хедэр» (1915) і інш.
У лістападзе 1904 г. Я. Кругер арганізаваў у Мінску «Курсы малявання і жывапісу», куды прымалі ўсіх жадаючых. Ён праводзіў прыватныя ўрокі, выкладаў у пачатковых класах рэальнага яўрэйскага вучылішча Э. Хайкіна і ў сваёй школе малявання, якую адкрыў у маі 1906 г. (дзейнічала да 1914 г.). Многія выхаванцы Я. Кругера сталі вядомымі жывапісцамі. У яго школе ў розныя гады вучыліся М. Станюта, Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын, П. Мрачкоўская, І. Туміловіч, Н. Колатава, Х. Суцін, М. Кікоін і інш. Педагагічную дзейнасць Я. Кругер сумяшчаў з творчай. Ён выканаў заказы для царквы (намаляваў абраз Спаса Нерукатворнага для жаночага манастыра), напісаў некалькі партрэтаў: дырэктара гімназіі К. Фальковіча (1908), дачкі («Дзяўчынка ў чырвоным», 1910-я гг.), сына Марка (1911). У тэхніцы пастэлі створаны «Партрэт жонкі» (1907) і «Партрэт П.Л. Мрачкоўскай» (1914) – мінскай мастачкі-аматаркі.
У пачатку лета 1915 г. Я. Кругер з сям’ёй пераехаў у Казань. У эвакуацыі быў напісаны «Партрэт дзяўчыны» (1918) – адна з самых вядомых работ у тэхніцы пастэлі. У 1920 г. ён разам з лепшымі мастакамі Расіі прымаў удзел у вялікай выстаўцы, якая была арганізавана ў Казані. У 1921 г. Я. Кругер вярнуўся ў Мінск. Ён выкладаў малюнак на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у школе № 8, у секцыі выяўленчага мастацтва пры педагагічным камбінаце, мастаком-рэпарцёрам у газетах. Па заданні Народнага камісарыята асветы БССР прымаў удзел у этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі, дзе рабіў замалёўкі касцёлаў, цэркваў, сінагог. Сярод іх – «Бернардзінскі касцёл 1797–1820 гг. у Слуцку» і «Халодная сінагога ў Менску» (1921). Мастак удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыі БССР, для якога напісаў шэраг партрэтаў кіраўнікоў партыі і ўрада. Ён з’яўляецца таксама аўтарам партрэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка, У. Ігнатоўскага, Ф. Ждановіча, М. Мялешкі і інш. Вялікі цыкл у творчасці Я. Кругера на мяжы 1920–30-х гг. склалі партрэты прадстаўнікоў яўрэйскай інтэлігенцыі: акцёра С. Міхоэлса, пісьменнікаў С. Абрамовіча і І. Харыка, філосафа С. Вольфсана і інш. Да гэтага перыяду адносяцца таксама палотны «Кастусь Каліноўскі» і «Францыск Скарына, першы беларускі друкар» (1925), карціны «Апошнія хвіліны Гірша Лекарта» (1926), «Дзіцячая калонія» (1928), партрэты калгаснікаў крымскай яўрэйскай сельскагаспадарчай камуны «Новае жыццё». У 1929 г. адбылася першая персанальная выстаўка Я. Кругера, дзе экспанавалася больш за 50 палотнаў, акварэлей і пастэльных малюнкаў мастака.
Да апошніх дзён жыцця Я. Кругер працаваў. Ён маляваў разам з маладымі жывапісцамі ў студыі пры Доме мастакоў, рабіў эскізы і замалёўкі на заводах. У 1937 г. была напісана вялікая карціна «Кавальскі цэх», пазней некалькі партрэтаў (І. Сталіна, М. Горкага, К. Варашылава). У лістападзе 1939 г. Я. Кругер атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР». У гэтым жа годзе прайшла яго апошняя выстаўка. Памёр Я. Кругер 19 сакавіка 1940 г. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Большая частка яго карцін была страчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся толькі работы з асабістых калекцый дзяцей мастака і тыя, што ў 1941 г. былі адпраўлены на выстаўку ў Віцебск. Некаторыя з іх знаходзяцца ў музеях Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.