Дата рождения: 07.06.1939 Віцебск, г.
Краткая справка: паэт, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (2000), Нацыянальнай прэміі Італіі (1998), рэспубліканскай літаратурнай прэміі "Залаты Купідон" (2012)
Имена на других языках: Скоринкин Владимир Максимович (русский);
Уладзімір Скарынкін належыць да тых выдатных майстроў слова, чые творчасць і лёс непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Паэт, перакладчык і публіцыст У. Скарынкін належыць да пакалення, якое называюць “дзецьмі вайны”. Ён нарадзіўся ў чэрвені 1939 г. у Віцебcку. Маленькі Валодзя разам з маці ў 1943–1945 гг. знаходзіўся ў фашасцкіх працоўных лагерах у г. Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) і Бромберг (цяпер Быгдашч, Польшча). Бацька паэта загінуў на фронце ў красавіку 1945 г. Пасля вызвалення сям’я асталявалася ў Гарадку, што на Віцебшчыне. У 1956 г. Уладзімір Скарынкін выдатна скончыў сярэднюю школу і паступіў у Рыжскае вышэйшае інжынерна-авіяцыйнае ваеннае вучылішча, якое ў 1960 г. было пераіменавана ў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі. Пасля атрымання дыплома на працягу дзевяці гадоў У. Скарынкін з’яўляўся інжынерам па спецабсталяванні Мінскага аэрапорта і дванаццаць гадоў узначальваў аварыйна-выратавальную службу Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі. У 1982–1987 гг. быў намеснікам дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, з сакавіка 1987 г. на творчай рабоце.
Першы верш У. Скарынкін напісаў у пятым класе, а першы друкаваны твор – верш пад назвай «Першы яблык» быў апублікаваны ў 1955 г. у газеце «Піянер Беларусі». У той час малады паэт яшчэ вучыўся ў школе. У канцы 1950-х гг. вершы У. Скарынкіна раз-пораз з’яўляліся ў гарадоцкай раённай газеце, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
Паэтычны набытак паэта не такі вялікі, але з самага пачатку яго тэксты вызначаліся шчырымі і непасрэднымі інтанацыямі, тонкім лірызмам, маляўнічасцю вобразаў. У кнігах паэзіі “Буслы над аэрадромам” (1969), “Гукавы бар’ер” (1972), “Дазвольце ўзлёт” (1975), “Чацвёрты разварот” (1979), “Вугал атакі” (1983), “Пасадачныя агні” (1985) цесна перапляліся зямныя і нябесныя матывы, якія грунтуюцца на сувязі мастацтва і навукі, фізікі і лірыкі. Ужо ў першых кнігах праявілася цікавасць паэта да вечных тэм чалавечага быцця: любові да Радзімы, да блізкіх, дарагіх людзей; суіснавання прыроды і чалавека; узаемаадносін мужчыны і жанчыны.
Адной з цэнтральных тэм у творчасці У. Скарынкіна з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. У вершах “З уласнай памяццю я на нажах…”, “За мною гоніцца аўчарка”, “На Зеелаўскіх вышынях”, “Хатынь”, “Блакада”, “Ці скора сыночак мой прыйдзе з вайны?”, “Дачка з паходу чакала татку”, паэмах “Узнясенне”, “Сляпы дождж” паэт расказвае чытачам трагедыю скалечанага вайной дзяцінства, паказвае жыццё пакалення бязбацькавічаў, распавядае пра вечна-нязгасную надзею мацярок і заўчасных удоў. Яго творы вызначаюцца абвостраным, жывым пачуццём грамадзянскасці, шчырасцю і ўсхваляванасцю.
Уладзімір Скарынкін паспяхова раскрывае гістарычную тэму. У яго творах асэнсоўваюцца падзеі нацыянальнай гісторыі, раскрываецца вялікі свет слынных людзей Беларусі: Ф. Скарыны (верш “Астральны знак Францыска”), Міхала Глінскага (верш “Размова з Міхалам Глінскім”), М. Багдановіча (паэма “Дзе голуб купаўся”).
Тэма кахання пастаянна знаходзіцца ў полі ўвагі паэта. Пачуццё кахання ў У. Скарынкіна мала ў чым падобнае да бязвоблачнага шчасця, лірычны герой рэдка калі выступае шчаслівым і бесклапотным, найчасцей ён засмучаны, задуменны, на што ўказваюць нават назвы вершаў: “Хачу забыць цябе”, “Не скажу табе, у чым прычына…”, “Зімовым адвячоркам, як паганец…”, “Я абразіць Вас пабаюся…” і інш. Паэт – аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны», які ён прысвяціў любімай жонцы.
Уладзімір Скарынкін піша вершы, скорагаворкі, вершаваныя гульні, прыгодніцкія апавяданні для дзяцей. Ён – аўтар кніг: «Канікулярная ангіна» (1991), «Падарожжа ў Крайшарад» (1997), «У карэце па белым свеце» (2000), «Дзе і як жыве Нептун?» (2014). Кожная кніга паэта – своеасаблівы ўрок роднага слова з дзіўным пераўтварэннем аднаго значэння ў іншае.
Адным з галоўных напрамкаў творчай дзейнасці У. Скарынкіна з’яўляецца мастацкі пераклад. Першай спробай на ніве перакладу стаў зборнік вершаў «Рускі агеньчык» (1986) знакамітага рускага паэта М. Рубцова. Дзякуючы У. Скарынкіну на беларускай мове выйшла кніга вершаў М. Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), пераклады вершаў грузінскіх і латышскіх паэтаў, малдаўскія народныя балады. Аднак сапраўдную вядомасць У. Скарынкіну прынеслі пераклады сусветнай класічнай паэзіі – творы Дантэ Аліг’еры, Джорджа Байрана, Франчэска Петраркі. На працягу васьмі гадоў працаваў У. Скарынкін над ператварэннем «Боскай камедыі» (1997) Дантэ Аліг’еры. Творчая праца беларускага паэта дала добры плён: Уладзімір Скарынкін стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (2000), Нацыянальнай прэміі Італіі (1998), прэміі Таварыства Дантэ Аліг’еры (2001). Даследчыкі і літаратуразнаўцы адзначылі ўменне паэта захаваць дух вялікага твора, яго філасофію, вобразы, яго ідэю і адначасова наблізіць тэкст да беларускай паэтычнай традыцыі. У апошнія гады перакладчыцкая дзейнасць стала галоўнай для У. Скарынкіна. У 2004 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” прапанавала чытачам паэмы Д. Байрана «Дон Жуан», «Прароцтва Дантэ» ў яго перакладзе. Пераклады Байрана сталі новай паспяховай спробай перастварэння сусветнай класікі. На думку спецыялістаў, «Дон Жуан» і «Прароцтва Дантэ» гучаць вельмі натуральна, быццам першасна яны былі напісаны па-беларуску. У. Скарынкіну ўдалося дакладна перадаць паэтычныя тонкасці, вобразы і настрой англійскіх арыгіналаў. У 2011 г. на беларускай мове пад адной вокладкай былі надрукаваны яшчэ два класічныя творы ў яго перакладах: зборнік санетаў Ф. Петраркі “Кніга песень” і аўтабіяграфічны твор Д. Аліг’еры “Новае жыццё”. Сваёй працай У. Скарынкін яшчэ раз адзначыў неабмежаваныя магчымасці беларускай мовы, яе роўнасць з іншымі мовамі свету.
У 2012 г. Уладзімір Максімавіч Скарынкін стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор і стаў лаўрэатам рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.