Дата рождения:
21.11.1869 Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
08.06.1929
Краткая справка:
жывапісец, педагог
2886 символов
Справка
У гісторыі выўленчага мастацтва XIX ст. вылучаецца цікавая постаць Казіміра Стаброўскага – мастака, педагога. Нарадзіўся будучы мастак на Навагрудчыне (у маёнтку Крупляны Гродзенскай губерні) у шляхецкай сям’і. Пасля заканчэння Беластоцкага рэальнага вучылішча ў 1887 г. паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, дзе паспяхова вучыўся, атрымліваючы медалі за свае работы. Потым працягваў вучобу ў Акадэміі Жуліяна ў Парыжы. У 1894 г. наш зямляк вярнуўся ў родны край, на Навагрудчыну. На працягу дзесяці год ён тут жыў і працаваў. К. Стаброўскі як ужо вядомы і вопытны мастак прымаў удзел у шэрагу мастацкіх выставак у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. У 1900 г. у Парыжы на міжнароднай выстаўцы атрымаў Вялікі сярэбраны медаль за карціну “Цішыня вёскі”. Яго карціны карысталіся попытам: “Белая ноч у Петраградзе каля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, “Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве” – для музея ў Венецыі.
У 1903 г. мастак пераехаў у Варшаву, дзе заснаваў сваю Школу прыгожых мастацтваў (1904). На працягу шасці год ён з’яўляўся яе дырэктарам і выкладчыкам. На той час гэта школа лічылася лепшай навучальнай установай горада. Выкладанне ў ёй вялося на высокім прафесійным узроўні. На еўрапейскіх выстаўках працы вучняў К. Стаброўскага адзначаліся прэміямі. Сярод навучэнцаў было нямала беларусаў.
Яшчэ падчас вучобы К. Стаброўскі пачаў працаваць над серыяй з адзінаццаці карцін “Шэсце навальніцы”. Кожная з іх уяўляла сабой нейкую самастойную сімфонію ў фарбах. Усяму цыклу, за выключэннем апошняй светлай і радаснай карціны, уласцівы змрочныя, цёмныя адценні. На іх выразна бачны бяда, страх, адчуваецца сумны настрой. Аб гэтым можна меркаваць па карцінах “Над сумнай краінай”, “Цень крыжа”, “Пажар”. У 1912 г. К. Стаброўскі пакінуў Варшаву і пачаў падарожнічаць па свеце. Мастака вабілі новыя незнаёмыя краіны. Акрамя Францыі ён пабываў у Турцыі, Грэцыі, Егіпце, Іспаніі, Італіі, Швецыі і многіх іншых краінах. З падарожжаў К. Стаброўскі прывозіў новыя карціны, якія вылучаліся лірычнасцю вобразаў і пяшчотным каларытам.
У час Першай сусветнай вайны жыў у Пецярбургу і Маскве, дзе арганізаваў дзве свае вялікія выстаўкі. У 1918 г. ён вярнуўся ў Варшаву. Стварыў аб’яднанне мастакоў “Sursum Corda” (1922). Цікавасць К. Стаброўскага да акультных навук пад уплывам нямецкага антрапасофа Р. Штэйнера і рускіх тэолагаў прывяла да змены характару жывапісу: ад краявідаў настрою і партрэтаў ён перайшоў да фантастычна-містычных карцін, якія пісаў да канца жыцця. У 1920-я гг. мастак шмат выстаўляўся: кожныя два гады праходзілі яго выстаўкі ў Варшаве, Познані, Лодзі.
К. Стаброўскі быў чалавекам вялікага і разнастайнага таленту. Ён меў ступень артыста першай катэгорыі, выступаў на сцэнах многіх тэатраў. Мастак пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, узбагаціў нацыянальнае мастацтва сваёй творчасцю.