Дата рождения:
10.08.1929 Маргавіца, в., Барысаўскі павет, Мінская губерня (цяпер Докшыцкі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
23.07.1995
Краткая справка:
паэт, празаік, драматург, аўтар паэтычных зборнікаў, кніг аповесцей і апавяданняў, рамана "Пад канвоем"
Псевдонимы:
Зарачанскі Алесь
Варианты имени:
Ставер Аляксандр Сяргеевіч
Имена на других языках:
Ставер Александр Сергеевич (русский); Ставер Алесь (русский);
2967 символов
Справка
Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер нарадзіўся ў в. Маргавіца Бягомльскага раёна Барысаўскай акругі (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў пяць класаў Бягомльскай сярэдняй школы. У час вайны разам з бацькамі жыў у партызанскай зоне. Вясной 1944 г. у час блакады згубіў бацьку і братоў. Быў вывезены немцамі ў канцлагер у Германію. У верасні 1945 г. вярнуўся дадому і працягваў вучыцца ў школе. У 1949 г. скончыў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. У 1949–1950 гг. быў старшым піянерважатым і адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Бягомльскай сярэдняй школе. У 1954 г. скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага. З 1956 па 1961 г. працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1961 г. быў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975–1984 гг. з’яўляўся карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР (СП БССР). У 1962 г. стаў членам СП БССР. Шмат выступаў у вайсковых часцях, на прадпрыемствах, у школах рэспублікі.
Вершы А. Ставер пачаў друкаваць з 1949 г. Асноўныя тэмы яго паэтычных зборнікаў «Золак над Бярозай» (1959), «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць...» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Зоры зямныя» (1989) – любоў да роднай зямлі, мінулае народа, праца, маладосць і каханне. Лепшыя лірычныя і гумарыстычныя творы паэта склалі зборнік «Усмешкі – промні душы чалавечай» (1996). Яго паэзіі ўласцівы гутарковая інтанацыя, напеўнасць. Адметнасцю твораў аўтара з’яўляецца сюжэтнасць, нават у кароткіх мініяцюрах прысутнічае сюжэт. Многія вершы А. Ставера пакладзены на музыку і сталі вядомымі песнямі: «Колас, ты мой колас» (музыка М. Чуркіна), «Вячэрні вальс» (музыка Г. Вагнера), «Дзе ты, маё шчасце?» (музыка Р. Бутвілоўскага), «Канікулы», «Яркі месяц», «Песня пра Якуба Коласа» (музыка І. Кузняцова), «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Песня пра раку Бярозу», «Дзіянка» (музыка І. Лучанка), «Нікагусенькі няма», «Косіць хлопец канюшыну» (музыка М. Пятрэнкі), «А мне ў шчасце верыцца», «Юная бярозка» (музыка Ю. Семянякі), «Беларусачка» (музыка Ю. Семянякі і А. Хлімановіча) і інш. У 1983 г. выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі». Вершы паэта перакладзены на рускую, украінскую, балгарскую і іншыя мовы.
Алесь Ставер з’яўляецца аўтарам рамана «Пад канвоем» (1969, перавыдадзены ў 1990 г., у 1981 г. апублікаваны на рускай мове), кніг «Да сваіх» (1974) і «Лясныя аповесці» (1986). Яны напісаны пра Вялікую Айчынную вайну. Пісьменнік не толькі апісвае падзеі тых часоў, жах фашысцкай акупацыі, мужнасць людзей, якія змагаліся з ворагам, але і спрабуе асэнсаваць перажытае. Ён аўтар лірычнай камедыі «Алімпіяда Салодкая», п’есы «Слова – не верабей» (абедзве пастаўлены ў 1977 г.). Напісаў таксама зборнікі для дзяцей «Касцёр не гасне» (1961) і «Пад вясёлкавай дугой» (1984).